Лепельские туристы провели время с пользой

dscn7998Турызм — стан душы, калі чалавек не жадае бавіць час, лежачы на канапе. Тым больш летам, калі ёсць магчымасць згуртавацца добрай турыстычнай кампаніяй. З карысцю правялі летнія вакацыі і ўдзельнікі
аб’яднання па інтарэсах “Пешаходны турызм” цэнтра дзяцей і моладзі. Распавядае настаўнік Заслонаўскай
сярэдняй школы, кіраўнік аб’яднання Андрэй Лазоўскі.

Пад час нашых вандровак мы з дзецьмі ўжо наведвалі Ушацкі, Полацкі, Сенненскі раёны. Зараз вырашыў пашырыць геаграфію з такім разлікам, каб было цікава і не біла па кішэні. Нітка маршрута пралягала праз Аршанскі і Талачынскі раёны Віцебскай вобласці, а таксама па Шклоўскім раёне Магілёўскай. У турысцкі паход выправіліся навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Пешаходны турызм”.

dscn8098З чыгуначнай станцыі Заслонава дабраліся да Оршы, а адтуль — да населенага пункта Руміна. Затым пешшу прайшлі праз вёскі Бабінічы, Звёзная, Леша, Смятанка, Зубава і Ляўкі. Ляўкі знакамітыя тым, што там размешчана лецішча Янкі Купалы. Аднак славутае мінулае мае і вёска Зубава. У гэтым населеным пункце аддалі даніну памяці на магіле Канстанціна Анохіна.
Было вельмі цікава даведацца пра яго жыццёвы шлях. Канстанцін Анохін — савецкі лётчык, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Лейтэнант Анохін шостага ліпеня 1941 года вылецеў па трывозе на самалёце ЯК-1 і ў паветры сустрэўся з пяццю варожымі сцярвятнікамі. Савецкі воін знішчыў адзін нямецкі самалет, аднак потым быў падбіты. Ахопленую полымем машыну Канстанцін Анохін накіраваў на фашысцкую калону ў раёне сяла Зубава Віцебскай вобласці. Пасмяротна ён быў уганараваны звання Героя Савецкага Саюза.
Ёсць важная акалічнасць. На працягу нашых вандровак мы з калегамі жадаем данесці не толькі прыгажосць роднай краіны, але і распавесці пра людзей, якія тым альбо іншым чынам славяць беларускую зямлю. Дзеці загартоўваюцца не толькі ў фізічным плане, перад сваімі вачыма яны бачаць сапраўдных герояў, памяць пра якіх павінна захавацца.
Заначавалі на беразе Дняпра. На другі дзень адолелі больш за дваццаць тры кіламетры. Прайшлі праз Копысь, Александрыю, Калінаўку, Стараселле і Рацава. У Копысі наведалі месца, дзе пачыналася будаўніцтва горада. Там ажыццяўляўся платны ўезд ва ўмацаваную частку горада на пад’емным мосце праз раку Страшэўку. У 2017 годзе археолагамі былі выяўлены сляды гэтай пераправы і значная колькасць дробных манет XV — XVIII стагоддзяў.
У вёсцы Рацава таксама ёсць на што паглядзець. Там знаходзіцца сядзіба, якая належала Мянжынскім, а потым графу Замойскаму-Тышкевічу. Калісьці тут быў прыгожы парк, дзе разам з мясцовымі дрэвамі раслі і экзатычныя: туі, клёны серабрыстыя і нават пробкавае дрэва. Пад час Вялікай Айчыннай вайны сядзіба была знішчана, аднак за паркам засталіся гаспадарчыя пабудовы.
Начавалі на беразе Коханаўскага вадасховішча. Месца добрае, таму вырашылі крыху адпачыць і засталіся яшчэ на адзін дзень, каб набрацца сіл для далейшай дарогі. Пасля адпачынку за два дні пабывалі ў вёсках Марцюхова, Аленавічы, Вязьмічы, Шыбекі і іншых.
У апошні дзень былі вельмі ўражаны абліччам Смалянскага замка. Рэшткі яго знаходзяцца на беразе рэчкі Дзярноўкі. Замак быў пабудаваны ў другім дзесяцігоддзі XVII стагоддзя. Ён знаходзіўся непадалек ад усходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага і быў разбураны пад час руска-польскай вайны 1654 —1667 гадоў і паўночнай вайны 1700 — 1721 гадоў. Павел Кароль Сангушка, уладальнік замка, выступіў на баку шведаў у паўночнай вайне.
На сённяшні дзень часткова захаваліся галоўная пяціярусная вежа, падвальныя памяшканні і фрагменты фундамента па замкавым перыметры. З вёскі Міхнова па чыгунцы вярнуліся дадому ў Заслонава. Агульная працягласць паходу — больш за сто кіламетраў. Безумоўна, за тыдзень стаміліся, аднак ні ў якім разе не пашкадавалі. Яшчэ раз пераканаліся, якая прыгожая наша зямля пад белымі крыламі.
Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымках: турысцкія вандроўкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>