Золотарник канадского отравляет землю

img_3712Неаднаразова на старонках “Лепельскага краю” расказвалася пра інвазіўныя расліны, якія наносяць значную шкоду. Безумоўным лідарам сярод іх з’яўляецца баршчэўнік Сасноўскага, які мае смяротную небяспеку для чалавека.

Дзякуючы, у тым ліку і нашым публікацыям, людзі сталі звяртаць увагу на расліну, выяўляць месцы, дзе яна расце, вынішчаць, асабліва на сваіх зямельных участках і паблізу. У Беларусі рэалізуецца Дзяржаўная праграма па барацьбе супраць баршчэўніка Сасноўскага. Дзякуючы агульным намаганням, плошчы, захопленыя гэтай раслінай-агрэсарам, на Лепельшчыне не пашыраюцца.
Цяпер жа, не паслабляючы ўвагі да баршчэўніка, варта больш пільна паглядзець на яшчэ аднаго захопніка-акупанта — залатарніка канадскага. Асаблівасць гэтай расліны ў тым, што яна не нясе прамой, непасрэднай пагрозы для чалавека, а, наадварот, яе можна высаджваць каля дома, не баючыся атрымаць апёкі ці парэзы, і браць рукамі. У ліпені залатарнік цвіце, як можна зразумець з назвы, ярка-жоўтымі, ажно залатымі суквеццямі, з якіх атрымліваюцца прыгожыя букеты. Квітнее ледзь не да позняй восені, да наступлення маразоў. Дбайныя гаспадыні, жадаючы ўпрыгожыць свае сядзібы, высаджваюць яго ў кветніках, уздоўж агароджаў.
Супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Тарасаў і Вольга Бажэнава прапанавалі аўтару гэтых радкоў прыняць удзел у аб’ездзе населеных пунктаў з мэтай правядзення навучальнай, растлумачальнай работы з жыхарамі. Пачалі з аграгарадка Старое Лядна, размешчанага на ажыўленай трасе. Неаднаразова праязджаючы, бачылі залатарнік у кветніках. Аб’езд пачалі пасля 17 гадзін у надзеі, што большасць гаспадароў пасля працоўнага дня ўжо будзе дома.
У доме №6 пражываюць Анатоль Чарнаўцоў і Валянціна Кліменка, якія прыехалі з Расіі. Дом прыгожы, абуладкаваны, на двары і ў агародзе — парадак, аднак уздоўж агароджы і дарожкі да хаты растуць некалькі кустоў залатарніка. Яго трэба выкасіць і ў далейшым не дапускаць паўторнага прарастання, а яшчэ лепей — выкапаць з коранем.
— У чым жа яго небяспека? — задае пытанне Аляксандр Фёдаравіч.
— Галоўная небяспека ў тым, што залатарнік канадскі паступова захоплівае землі. Ён выдзяляе ў глебу фітанцыд, ад якога на гэтым месцы потым не расце ніводная іншая расліна. І такая сітуацыя доўжыцца гадамі, пакуль шкоднае рэчыва не выветрыцца з зямлі. Вось, напрыклад, пасаджаны з двух бакоў агарода залатарнік — прыгожа. Аднак праз год-два ён выцесніць астатнія расліны, і на агародзе не будуць расці ні бульба, ні ячмень.
— Што ж нам рабіць?
— Як і казалі, вынішчаць механічным спосабам: касіць, выкопваць, пакуль у залатарніка не паспела насенне і не рассеялася. Мы сёння не выпісваем прадпісанняў і тым больш не штрафуем. Наша задача пакуль што весці растлумачальную работу, вучыць людзей.
Праязджаючы далей, убачылі кусты залатарніка каля аддзялення паштовай сувязі і ў двары школы. Работніка пошты ўжо не было, а ў школе дзяжурылі вартаўнік Галіна Міллер і сакратар Наталля Мірановіч. Вольга Бажэнава звярнула ўвагу на расліну, парэкамендавала ў бліжэйшы час знішчыць яе і пакінула памятку, дзе расказваецца пра небяспеку.
Большасць жыхароў Старога Лядна з паразуменнем аднесліся да прыезду работнікаў інспекцыі, уважліва выслухоўвалі іх паведамленні, задавалі пытанні і ўдакладнялі. Анатоль Калясаў з дома №86а абкошваў траву на сваім участку. Паміж ім і начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максімам Тарасавым адбыўся дыялог:
— Вы ведаеце, што ў вас на ўчастку расце шкодная расліна залатарнік канадскі? — паступіла пытанне.
— Дзе? Якая? Пакажыце! — узрушана адказаў мужчына.
— Вось гэтая, каля агароджы, што цвіце ярка-жоўтымі мяцёлкамі, і вунь, у канцы ўчастка.
— А чым яна такая шкодная, што яе абавязкова трэба вынішчаць? — спытаў Анатоль Аркадзьевіч і, пачуўшы кароткае паведамленне пра небяспечнасць, адказаў. — Усё зразумеў, я яго сёння ж касой змахну.
— І не толькі сёння, а і ў далейшым кантралюйце і не дапускайце, каб расліна зноў з’явілася.
У двары Надзеі Бардзілоўскай растуць кусты залатарніка, жанчына распавядала:
— Некалькі гадоў таму мы на працы добраўпарадкоўвалі тэрыторыю і высаджвалі гэтыя кусты. Такія зручныя расліны, доўга цвітуць, прыгожымі кветкамі. Я, гледзячы на гэта, таксама іх завяла ў сябе, не ведала, што яны, аказваецца, такія шкодныя.
— Вельмі шкодныя, — кажа Вольга Бажэнава, — у іншых краінах яны захапілі палі ў дзясяткі, сотні гектараў, і там цяпер нічога, акрамя залатарніка, расці не можа. Таму, каб і ў нас не здарылася такая сітуацыя, трэба не дапускаць сюды інвазіўную расліну.
— Я табе казаў, мама, што непатрэбны тут гэты куст, — кажа сын Дзмітрый, які якраз выйшаў з хаты, — заўтра ж скашу гэтыя кусты трымерам.
Аднак былі і людзі, якія да асветніцкіх паведамленняў ставіліся з недаверам. Пенсіянерка ўзрушана казала:
— Вы ж толькі паглядзіце, якая прыгажосць! Як яна можа быць шкоднай!? Паглядзіце, які цудоўны букет я склала з кветак.
— Шаноўная, вось вы выкапалі сёлета добры ўраджай бульбы, але налета рызыкуеце застацца без ураджаю, бо залатарнік атруціць зямлю. На ёй нічога, акрамя гэтага самага залатарніка, расці не будзе, — адказаў Максім Тарасаў.
Напрыканцы пад’ехалі да мясцовай крамы, звярнуліся да прадаўца Таццяны Мікуц з просьбай павесіць на дзвярах памятку пра шкоду залатарніка канадскага. Вясковую краму наведваюць амаль усе мясцовыя жыхары, яны заадно і на памятку звернуць увагу. Жанчына, глянуўшы на фота, сказала:
— Гэта ж трэба: у мяне ў кветніку таксама ён расце. Прыгожая непатрабавальная кветка, зацвіла нядаўна. Аказваецца, што гэта шкоднік! Што ж, будзем прымаць меры.
На завяршэнне аб’езду Максім Тарасаў падвёў вынік:
— У асноўным жыхары Старога Лядна ўважлівыя, спакойныя. Спадзяюся, што яны з усёй адказнасцю ўспрымуць нашы гутаркі. Тым, хто не верыць на слова, раю зазірнуць у інтэрнэт. Там ёсць шмат відэаролікаў, дзе паказваюцца палі ў сотні гектараў, захопленыя залатарнікам канадскім. Распачатую растлумачальна-навучальную работу ні ў якім выпадку не будзем спыняць, абавязкова наведаемся ў іншыя населеныя пункты Лепельшчыны.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>