Достигнут рубеж в 1,5 тысячи тон

img_3691Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч прапанаваў:
— Маладзёжны экіпаж СВФ “Заазер’е” у складзе Леаніда Аляксеенкі і Аляксандра Глазковіча намалаціў паўтары тысячы тон збожжа. Паводле нашага палажэння, будзем яго прэміраваць.
З гэтай прыемнай нагоды адправіліся ў далёкую дарогу.
Як мы ўжо паведамлялі на старонках газеты, у свой час сельгасфіліялу “Заазер’е” былі выдзелены землі стратных і збанкрутаваўшых сельгасарганізацый, у прыватнасці, сотні гектараў угоддзяў вакол вёсак Старыя і Новыя Валосавічы, Грыгаравічы (былых аднайменных саўгасаў). Мінулагодняй восенню працаўнікі “Заазер’я” менавіта на тых землях высейвалі азімыя збожжавыя культуры. Гэта было зроблена для дасягнення некалькіх мэтаў, адна з якіх — аптымізацыя выдаткаў па доглядзе за пасевамі і наступнай уборцы. Зараз большасць сіл і тэхнікі накіравана на ўборку азімых жыта, пшаніцы, трыцікале. Потым жа камбайны будуць працаваць на ўборцы яравых культур, якія ў асноўным пасеяны на землях “Заазер’я”, вакол Стаяў, Старога Лепеля і Юркоўшчыны. У дзень нашага прыезду асноўныя ўборачныя работы вяліся на палях вакол вёскі Ляхавічы.
img_3674Поле раскінулася за Ляхавічамі, на самай мяжы Лепельскага і Чашніцкага раёнаў. Каб дабрацца туды, праехалі з райцэнтра амаль 50 кіламетраў. Дарогу на тыя палеткі выдатна ведаюць вадзіцелі СВФ “Заазер’е”, якія на сваіх МАЗах возяць збожжа на сушыльны комплекс у Стаі па некалькі разоў за дзень. Поле падалося даволі вялікім, але часта ў яго ўразаюцца меліярацыйныя каналы, равы, ручаіны, парослыя дзікім кустоўем, а то і лесам. Бачна, што калі б работнікі філіяла “Заазер’е” не працавалі на гэтых землях, яны б цалкам зараслі пустазеллем і хмызняком.
На вялікім полі працаваў камбайн “New Holland CR 9.90”. На суседнім, крыху меншым, гулі маторы двух КЗС-1218. Побач жа стаялі МАЗы, гатовыя прыняць новыя намалоты збожжа. Зжаўшы чарговы пракос, імпартны камбайн пад’ехаў і прыпыніўся, камбайнеры спусціліся з мосціка.
Увесь мінулагодні сезон і палову сёлетняга Леанід Аляксеенка адпрацаваў з памочнікам Паўлам Ханяком. Разам яны атрымалі новы камбайн, асвоілі імпартную тэхніку, навучыліся правільна яе эксплуатаваць і абслугоўваць. Разам летась дасягнулі рэкордных намалотаў. У першыя ж дні сенсацыйным быў намалот у тысячу, потым — у дзве тысячы тон. Планку ў тры тысячы тон збожжа хлопцы пераадолелі першымі ў рэспубліцы, літаральна на некалькі гадзін апярэдзіўшы сваіх канкурэнтаў-калег з Магілёўскай вобласці. Леташнюю ўборачную кампанію Леанід і Павел завяршылі, намалаціўшы 4412 тон збожжа.
Сёлета яны зноў селі на свой камбайн. Узялі добры старт, за няпоўны тыдзень намалаціўшы тысячу тон. Аднак у інтэграванай структуры свае планы, і ў першую чаргу на абнаўленне машынна-трактарнага парку. Прадпрыемства нядаўна закупіла яшчэ адзін новы камбайн “New Holland”. Каго накіраваць для працы на ім, каму даверыць, каб тэхніка была належным чынам наладжана і адразу ж пачала работу, давала добры вынік? Вядома ж, таго, хто ўжо мае вопыт працы на ёй. Такім чынам Павел Ханяк стаў камбайнерам, а Леанід працуе з новым памочнікам — Аляксандрам Глазковічам. Ён хаця і малады, але ўжо даволі дасведчаны работнік. Разам яны і пераадолелі планку ў паўтары тысячы тон.
У час узнагароджання камбайнераў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч адзначыў:
— Вельмі рады віншаваць вас з новым працоўным дасягненнем. Так трымаць, хлопцы! Упэўнены, мы яшчэ неаднаразова сустрэнемся з вамі ў час віншаванняў з нагоды новых працоўных перамог. Здароўя вам, каб тэхніка не падводзіла і надвор’е не рабіла непрыемных сюрпрызаў.
Прыехаў павіншаваць работнікаў на поле і дырэктар СВФ “Заазер’е” Аляксандр Быкаў. Доўга затрымліваць работнікаў не стаў. За лічаныя хвіліны былі абмеркаваны вытворчыя пытанні, адно з якіх — невялікая паломка. Са строю выйшаў гідраўлічны цыліндр, які адказвае за работу варыятара. Камбайн пакуль што працуе без яго, але ў бліжэйшы час трэба набыць і ўстанавіць новы. Неабходная дэталь — рэч невялікага памеру — каштуе 1800 рублёў. Здавалася б, шмат. Аднак гэта першая паломка за паўтара сезона напружанай эксплуатацыі пры высокіх нагрузках. Не кожная іншая тэхніка мае такія надзейныя дэталі.
У гэты ж дзень былі ўручаны падарункі і Уладзіміру Парфяновічу, вадзіцелю СВФ “Заазер’е”, які з пачатку ўборачнай ужо перавёз ад камбайнаў тысячу тон збожжа. На пачатковым этапе было крыху цяжэй — пераўвільготненая глеба несла рызыку, што машына забуксуе, таму вадзіцелі рухаліся толькі на машынах. Па меры падсыхання глебы яны сталі карыстацца яшчэ і прычэпамі. Аб’ём перавозак істотна павялічыўся, аднак дыстанцыя ад поля да сушыльнага комплексу амаль у 50 кіламетраў усё роўна адчувальная.
Уладзімір працуе ў СВФ “Заазер’е” дзевяць гадоў. Свой цяперашні МАЗ ён атрымліваў новым чатыры гады таму. Тэхніку беражэ, не дапускае вялікіх паломак, адразу ж выпраўляе іх. Па полі праязджае акуратна, нягледзячы на тое, што яно роўнае. Жыве вадзіцель у Старым Лепелі, да працы дабірацца недалёка.
Узнагароджанне праходзіла на працягу некалькіх хвілін. Кожны работнік жніва ведае сваю справу, робіць яе з належнай якасцю, аб чым і сведчаць высокія вынікі — ураджай і намалоты.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>