На полях Лепельщины полным ходом идёт уборка зерновых

img_3457Нягледзячы на шэраг складанасцяў, сельгасарганізацыі раёна прыступілі да жніва. Амаль усе завяршылі ўборку азімага рапсу, і паступова камбайны пераходзяць на жытнёвыя і пшанічныя палі. Па добрай традыцыі перад пачаткам уборачных работ праводзяцца Зажынкі, але прычына затрымкі мерапрыемства, як і ўвогуле работы аграрыяў Лепельшчыны, была адна — неспрыяльнае надвор’е. Кожны дзень дажджы замінаюць камбайнам выехаць у поле. Здаецца, з раніцы ўстанаўліваецца сонечнае надвор’е — неба яснее, сонейка праглядае з-за аблокаў, а ў абед з’яўляюцца хмары, сонца за іх хаваецца, і пачынаюцца ліўні. Нарэшце, удалося вылучыць пагодлівы дзень, каб усім прадстаўнікам сельскай гаспадаркі сабрацца разам на полі і даць урачысты старт уборачнай кампаніі 2019 года. Сёлета раённыя Зажынкі праводзіліся ў сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Пражэктар-Агра”. Месцам было выбрана жытнёвае поле ля вёскі Сталюгі.
img_3418Шэсць камбайнаў выстраіліся на ўскрайку поля, побач стаялі машына МАЗ і трактар з прычэпам, гатовыя прыняць тоны збожжа новага ўраджаю. Механізатары з нагоды ўрачыстасці апранулі новыя рабочыя касцюмы, усе былі ў прыўзнятым настроі — свята! Камбайнеры ўжо адрамантавалі свае машыны, выпрабавалі іх у час пасеву рапсу і на першых гектарах збожжавых, усё працуе належным чынам. Хаця сельгастэхніка даволі старая, ад пяці да пятнаццаці гадоў, усё ж працуе ў надзейных і вопытных руках. Галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Полаўцаў расказаў пра пачатак уборачнай:
img_3401— Пачалі мы, як і належыць, з азімага рапсу. Зжалі яго ўвесь за некалькі дзён і перайшлі на збожжавыя. Тут мы выбіралі, што ўбіраць у першую чаргу, пшаніцу ці жыта? Паспрабавалі і тое, і тое. Жыта выдавала па 25-26 цэнтнераў з гектара, месцамі да 30, азімая пшаніца — да 35 ц/га. Як бачым, пшаніца больш ураджайная, таму ў першую чаргу пераключыліся на яе ўборку. Нельга, каб добры ўраджай доўга стаяў на полі.
Жытнёвае ж поле для ўрачыстых Зажынак выбралі па прычыне залішняй вільгаці. Азімая пшаніца ў “Пражэктары-Агра” пасеяна ў асноўным ля Слабады і каля бліжэйшых вёсак, а глебы там гліністыя, пераўвільготненыя дажджамі апошніх дзён. Землі былога калгаса “Радзіма”, куды ўваходзіць і вёска Сталюгі, пясчаныя, добра ўбіраюць у сябе залішнюю ваду. Камбайны і іншая тэхніка на такой глебе не забуксуюць.
На Зажынкі прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Мароз, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, а права зжаць першы сноп даверылі старэйшым жыхаркам аграгарадка Стаі Галіне Фокінай, Валянціне Смажэўскай і Зінаідзе Кулеш. Жанчыны заспявалі старажытную абрадавую песню, з якой спрадвеку пачыналася жніво:
— Перагонь, Божа, тучу ў тую староначку,
У тую староначку, дай, Бог, нам пагодачку,
Дай, Бог, нам пагодачку на гэту работачку,
Каб ніўка была ўраджайная і работа ўдарная.
Першы жытнёвы сноп быў уручаны Ігару Марозу. Сноп па традыцыі павінен захоўвацца дома ў чырвоным куце пад абразамі аж да наступнага ўраджаю. Ён — сімвал жніва, дастатку, дабрабыту, жывая ілюстрацыя народнай мудрасці “Будзе хлеб — будзе і песня”.
Святар Іаан Вабішчэвіч прачытаў кароткую малітву і асвяціў тэхніку, каб Божыя блаславенне і дапамога спрыялі ў святой справе.
Урачыстая частка была непрацяглай. Яно і не дзіўна: гарачая пара сама сабой прыспешвае рацыянальна выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну. Дырэктар УП “Пражэктар-Агра” Аляксандр Дзямко адзначыў:
— Ураджай мы вырасцілі неблагі. Цяпер самае галоўнае, каб яго ўдалося ўбраць з мінімальнымі стратамі, каб людзі вытрымалі і тэхніка не падвяла. Усё, што мы маглі, зрабілі, цяпер засталося завяршыць. Хлопцы, давайце, з Богам!
Загулі магутныя рухавікі камбайнаў, спакойна і плаўна машыны ўязджаюць у жытнёвы масіў, жняяркі зразаюць каласы — і першае зерне сыплецца ў бункеры. Заўсёды прыемна назіраць, як спорыцца праца хлебаробаў. Гэтая эпічная карціна ўнушае грунтоўнасць, упэўненасць і разам з тым зараджае жыццядайнай энергіяй.
Тым часам улучыў хвілінку, каб пагутарыць са жнеямі. Галіна Фокіна ўспамінае:
— Гэта ж якая дапамога — магутныя камбайны, якія адразу зжынаюць і абмалочваюць збажыну. А я ў маладосці паспела столькі нажаць гэтым сярпом! Уручную жыта жалі, вязалі ў снапы, якія прасыхалі на полі, а потым іх вязлі ў гумно. У нашым калгасе была паравая малацілка, якая вельмі дапамагала нам у той час, бо інакш трэба было б малаціць цэпам зноў жа ўручную. У першую чаргу мы малацілі жыта і азімую пшаніцу, каб атрымаць насенне для азімай сяўбы. А потым малацьбу маглі адкласці да больш позняга часу. Снапы ляжалі пад дахам у гумне, і іх абмалот маглі пачынаць у сярэдзіне восені і малаціць маглі аж да сярэдзіны зімы.
Валянціна Якаўлеўна дадае:
— Лёгка жаць, калі калоссе стаіць роўнае. Калі ж яно зблытанае, даводзілася цяжка. Нават заданне такое ў калгасах пры Сталіне давалася: зжаў сваю паласу, а потым яшчэ прайдзі па ёй — і каласкі, якія зваліліся, падбяры. І ні ў якім выпадку нельга ўзяць хоць каласок сабе — пасадзяць у турму! А цяпер камбайн усё адразу зжынае і абмалочвае — проста цудоўна.
Камбайнеры, аграномы, кіраўнікі гаспадарак у час размовы выказвалі пажаданне, каб найперш усталявалася працяглае цёплае сухое надвор’е. Толькі ў такім выпадку ёсць гарантыя, што ўраджай будзе ўбраны ў аптымальныя тэрміны і з мінімальнымі стратамі.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>