Выездная летучка главных редакторов газет Витебской области состоялась в Докшицах

img_0310 Ва ўсе часы раённая газета была не толькі веснікам асноўных падзей жыцця раёна, а і мудрым суразмоўцам, дарадчыкам, памочнікам у вырашэнні шэрага набалелых пытанняў. Асноўная ж задача творчых і тэхнічных работнікаў газеты — зрабіць друкаванае выданне цікавым, змястоўным і папулярным сярод чытачоў. Вялікае значэнне ў гэтай рабоце маюць супрацоўніцтва, абмен вопытам паміж калектывамі рэдакцый. Творчы дыялог дапамагае падзяліцца цікавымі меркаваннямі і новымі карыснымі ідэямі.

img_0313З гэтай мэтай па традыцыі штогод праводзяцца выязныя лятучкі галоўных рэдактараў абласной, гарадской і раённых газет Віцебскай вобласці. Як правіла, падобныя мерапрыемствы праходзяць на базе адной з рэдакцый.
Сёлета ўдзельнікаў выязной лятучкі “Стан і развіццё сучаснай рэгіянальнай газеты: новыя фарматы і канкурэнтаздольнасць” прымалі нашы калегі з докшыцкай раённай газеты “Родныя вытокі”.
Урачыстая сустрэча гасцей — прадстаўнікаў Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, галоўных рэдактараў абласной газеты “Витебские вести”, гарадской газеты “Витьбичи” і раённых газет вобласці адбылася ў Докшыцкім райвыканкаме. З цёплым прывітаннем да гасцей звярнуўся намеснік начальніка ўпраўлення Пётр Гнуценка. Пра шчырую докшыцкую зямлю расказаў удзельнікам лятучкі старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук:
— Менавіта ў Докшыцкім раёне бяруць пачатак рака Бярэзіна, якая імкнецца да паўднёвага мора, і рака Вілія, воды якой трапляюць у халоднае Балтыйскае мора.
Адміністрацыйным цэнтрам раёна з’яўляецца горад Докшыцы, якому споўнілася 600 гадоў. На тэрыторыі раёна пражывае больш за 24 тысячы чалавек. Докшыцкая зямля — гэта малая радзіма кампазітара Нестара Сакалоўскага, аўтара музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, паэтаў Алеся Ставера, Юрася Свіркі, Пімена Панчанкі і Лявона Гмырака.
img_0318Аснову эканомікі Докшыцкага раёна складае комплекс сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Прамысловы сектар — гэта завод “Ветразь”, які спецыялізуецца на выпуску камплектуючых для ліфтаў, мецізнай прадукцыі і металарукава. Арганізавана сумеснае беларуска-італьянская вытворчасць кнопкі антывандальнай. Вытворчасць і рэалізацыю драўніны, а таксама прадукцыю лесаперапрацоўкі ажыццяўляе ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”. Прадукцыя пастаўляецца на экспарт у Латвію, Германію, Данію і Літву. Стабільна развіваецца філіял Докшыцкі хлебазавод ААТ “Віцебскхлебпрам”. Хлебабулачныя вырабы прадпрыемства карыстаюцца вялікім попытам нават за межамі раёна. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню, укараненню перадавых тэхналогій і арыентацыі на спажывецкі попыт філіял “Віцебскторф” экпартуе больш за 50 відаў сваёй прадукцыі ў дваццаць краін свету. Штогод аб’ём экспарту складае больш за адзін мільён долараў ЗША. Сацыяльна-бытавыя паслугі насельніцтву аказваюць КУП “Бытавік”, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, філіял аўтапрадпрыемства №14 г. Лепель, раён электрасетак, а таксама прадпрыемствы сувязі. Ажыццяўляецца ўвесь комплекс банкаўскіх паслуг. У раёне размешчаны дзве чыгуначныя станцыі: Параф’янава і Крулеўшчына.
img_0327Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 273 аб’екты ўсіх формаў уласнасці. Ва ўстановах адукацыі атрымліваюць веды каля трох тысяч навучэнцаў. Пра здароўе чалавека клапоцяцца 26 устаноў аховы здароўя. Камфортныя ўмовы пражывання і сучаснае абсталяванне прыцягваюць гасцей з усёй рэспублікі і краін бліжняга замежжа ў санаторыях “Баравое” і “Лясное”. Сучасны завод па вытворчасці мінеральнай пітной вады “Баравая” з крыніцы, якой налічваецца больш да дзвесце гадоў, пастаўляе прадукцыю ў Расію, Літву і Малдову.
Культурным абслугоўваннем раёна займаюцца гарадскі Цэнтр культуры, кіна-канцэртная зала “Іскра” і Бягомльскі музей народнай славы. Да таго ж тут працуюць дванаццаць сельскіх дамоў культуры, тры дзіцячыя школы мастацтваў і раённы Дом рамёстваў. Для заняткаў спортам дзейнічае 26 стадыёнаў, 21 спартыўная зала, чатыры плавальных басейны, водна-аздараўленчы цэнтр з басейнам, саўнай і трэнажорнай залай. Госці могуць выдатна адпачыць на ўлонні маляўнічых краявідаў у сямі аграсядзібах.
Докшыцкі раён звязваюць партнёрскія адносіны з гарадамі-пабрацімамі з Латвіі і Расіі.
Вельмі змястоўным было выступленне галоўнага рэдактара докшыцкай раённай газеты “Родныя вытокі” Аляксандра Варанковіча, які расказаў пра арганізацыю творчага працэсу ўстановы, у прыватнасці, работу сайта газеты. Аляксандр Дзям’янавіч падзяліўся навейшымі метадамі і распрацоўкамі, якія выкарыстоўваюцца для павелічэння колькасці наведвальнікаў сайта выдання.
Выдатны настрой падарыў гасцям жартоўны відэафільм пра работу рэдакцыі.
Галоўны рэдактар раённай газеты “Полацкі веснік” Святлана Чаркоўская зрабіла агляд докшыцкай раённай газеты “Родныя вытокі” і падзялілася вопытам работы рэдакцыі ў сацыяльных сетках па выніках навучання на базе ФДБУ “Рэдакцыя “Расійскай газеты” ў г. Маскве.
Шмат важных аспектаў у сваім выступленні прывяла галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Святлана Дзядзінкіна. У сваім выступленні Святлана Уладзіміраўна засяродзіла ўвагу на рабоце рэдакцый па асобных тэматычных накірунках, указала на праблему штампаў і стылістычных памылак на старонках рэгіянальнага друку. Тэмай выступлення намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Анатоля Гуцуляка стала падвядзенне вынікаў падпісной кампаніі на другое паўгоддзе бягучага года і абмеркаванне пытанняў эканамічнай дзейнасці рэдакцый.
Пасля разгляду пытанняў прафесійнай дзейнасці ўдзельнікі выязной лятучкі атрымалі магчымасць больш дэталёва пазнаёмцца з непаўторным докшыцкім краем.
Нікога не пакінуў раўнадушным абрад Зажынкі, які праводзіўся на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. На мерапрыемстве па традыцыі прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, блаславілі камбайнераў на паспяховую ўборку збожжавых святары праваслаўнай царквы і касцёла. Цудоўны настрой усім гасцям падарылі спевы народнага ансамбля “Раніца”.
Для ўдзельнікаў выязной лятучкі была падрыхтавана і змястоўная экскурсія па горадзе Докшыцы. Госці пабывалі ля будынка раённай газеты “Родныя вытокі”, сфатаграфаваліся на памяць ля скульптуры, устаноўленай у гонар друкаванага выдання. Шмат прыемных уражанняў ва ўсіх пакінула знаёмства з непаўторнымі вырабамі юных майстроў аб’днанняў па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Вельмі арыгінальна выглядалі сукенкі юных прыгажунь, вырабленыя з… нумароў газеты “Родныя вытокі”. Што можа быць больш яскравым пацвярджэннем таго, што раённая газета з’яўляецца папулярнай у мясцовых жыхароў? Непадалёк былі прадстаўлены непаўторныя вырабы з гліны, сувеніры, змайстраваныя юнымі ўмельцамі. На памяць аб сустрэчы кожны з гасцей атрымаў сувенір, якія сімвалізуе цудоўны докшыцкі край.
Вялікая Айчынная вайна… 75 год прайшло з таго часу, як мы не чуем варожых стрэлаў, але горкія падзеі вайны адгукаюцца ў нашых сэрцах, калі слухаем успаміны франтавікоў, дзяцей вайны, праходзім уздоўж помнікаў і мемарыяльных знакаў. Вялікі боль і трагізм далёкіх ваенных падзей увабраў у сябе мемарыяльны комплекс, пабудаваны на месцы вёскі Шунеўка Докшыцкага раёна. 22 мая 1943 года нямецкія акупанты спалілі мясцовых жыхароў — старых, жанчын і дзяцей. На світанку фашысцкія захопнікі, акружыўшы вёску, сагналі яе жыхароў у хлеў і зажыва ўсіх падпалілі. Хвіліна маўчання на гэтай зямлі пасялілася назаўсёды…
img_0404 Партызаны не давалі фашыстам спакою: ляцелі пад адкос эшалоны, узрываліся масты, а гітлераўцы вымяшчалі злосць на мірных жыхарах — сем’ях партызан. Толькі траім людзям пашчасціла ўцалець ад варожых куль. Адзінага дарослага ў той час чалавека ужо няма ў жывых. Соні, якая выратавалася разам з бацькам, было шэсць год, яе стрыечнаму брату Валодзю — столькі ж. 22 мая 1943 года яны запомнілі на ўсё жыццё, быццам гэта было ўчора. Старых фашысты палілі ў хляве, а дзяцей кідалі ў калодзеж. Былі зверскі замучаны Люся Ананіч, якоў споўніўся адзін год, двухгадовы Міша Кірвель, яго равеснік Валодзя Ананіч, чатырохгадовы Валодзя Каляга, Пеця Руткоўскі, якому было пяць год… Усяго ж было забіта пятнаццаць дзетак. Вёска Шунеўка пасля вайны не адрадзілася. У Докшыцкім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінула больш за дваццаць тысяч чалавек, цалкам было спалена 97 вёсак, тры вёскі — Шунеўка, Азарцы і Залатухі — былі спалены разам з насельніцтвам.
Мемарыяльны комплекс “Пракляцце фашызму” на месцы вёскі Шунеўка быў адкрыты трэцяга ліпеня 1983 года. Асноўны дакумент, размешчаны ў цэнтры комплекса, — бронзавая постаць жанчыны-маці у адчаі, якая ў крыку ўзнесла рукі да нябёсаў, — у праёме варотаў смутку. Глыбока кранае сэрца надпіс на мануменце: “Як маці, заклінаю і малю, наступных пакаленняў дзеці, сейце бяссмерця зерня ў раллю — праклён вайне, што сее смерць на свеце!” На варотах мемарыльнага знака размешчаны тры званы XVIII стагоддзя, адзін з якіх расколаты і не звоніць… Гэта сімвал таго, што кожны трэці жыхар Докшыцкага раёна загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры комплекса ўстаноўлена пліта з імёнамі загінулых жыхароў.
Немагчыма было стрымаць слёз, калі ў выкананні мясцовых артыстаў увазе гасцей была прадстаўлена тэатральная мініяцюра аб знішчэнні вёскі. Кожны з удзельнікаў мерапрыемства на некаторы час вярнуўся ў тыя жудасныя гады і праз сваё сэрца прапусціў вялікі боль, што адчулі мірныя жыхары. Ім так хацелася жыць, працаваць і ствараць светлую будучыню… Памяць аб ахвярах фашызму была ўшанавана хвілінай маўчання. Да мемарыяльнага знака ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі жывыя кветкі…
Наступным месцам наведвання ўдзельнікаў выязной лятучкі стаў Бягомльскі музей народнай славы, дзе прадстаўлены шэраг цікавых экспанатаў з жыцця Докшыцкага раёна у даваеныя і пасляваенныя гады.
Гасцям была прапанавана аглядная экскурсія па аб’ектах прыдарожнага сэрвісу, прамысловай вытворчасці і сацыяльных аб’ектах. Уразілі ўсіх кафэ “Тафілія”, гандлёвы комплекс “Мерыдыян”, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, магазін “Дары прыроды”, ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” і завод “Ветразь”.
Прывітаў удзельнікаў мерапрыемтва таксама старшыня Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай Трахінін. Госці пабывалі і на тэрыторыі Бягомльскай школы-інтэрната. З мэтай сацыялізацыі выхаванцаў навучальнай установай вядзецца мэтанакіраваная работа. Ва ўтульных парніках на тэрыторыі школы-інтэрната вырошчваецца гародніна — агуркі, памідоры, перац. Абуладкаваны памяшканні і для вырошчвання трусоў. Такім чынам змалку юныя выхаванцы школы-інтэрната прывучаюцца да працы, клапоцяцца, даглядаюць хатніх жывёл. Прысутныя з задавальненнем частаваліся апетытнай гароднінай, вырашчанай у парніку, і бутэрбродамі з салам. На свежым паветры, напэўна, няма больш смачнага пачастунку.
Удзельнікі выязной лятучкі спыніліся таксама ля самалёта-сімвала, пабывалі ў скверы, ля памятнага каменя і наведалі выставу ваеннай тэхнікі ў г.п.Бягомль.
Знаёмства з докшыцкімм краем, упэўнена, асабліва ўразіла кожнага з удзельнікаў выязной лятучкі. Вынікам жа плённай сустрэчы стане шэраг яркіх, пазнавальных матэрыялаў на старонках газет і ажыццяўленне на практыцы новых творчых ідэй.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>