Стужкі “паўночнага шоўку”

На полі, што раскінулася леваруч ад дарогі на Вялікі Поўсвіж, было спякотна не толькі ад сонца. Шэсць льнокамбайнаў церабілі “паўночны шоўк”.

 Палетак вызначаецца звілістасцю перыметру, крутыя пад’ёмы змяняюцца такімі ж крутымі спускамі, аднак трактарысты ўпэўнена вялі свае машыны, раз за разам адразаючы ў поля па палосцы.

 Вось закончана адна загонка — механізатары зараз жа адбіваюць наступную.

 Аднак для больш кампетэнтнай гутаркі звярнуліся да галоўнага агранома льнозавода Надзеі Сяргеевай.

 — Надзея Антонаўна, колькі гектараў лёну выцераблена?

 — На першага жніўня было ўбрана 216 гектараў з 645.

 — Які набор тэхнікі за­дзейнічаны?

 — У наяўнасці восем льнокамбайнаў ЛК-4А. Мадэль распрацавана яшчэ ў савецкія часы, аднак выпускаецца да цяперашняга часу. Льнокамбайны розных гадоў выпуску, таму перыядычна выходзяць са строю. Зазвычай на полі каля шасці агрэгатаў, адзін-два — на рамонце або ў запасе. Яшчэ пара трактароў адвозіць прычэпы з ільноворахам.

 Другі год на самаходным ільноўборачным камбайне ТСЛ-2,4 працуе Валерый Семіёненка. Валерый — дасведчаны механізатар, тэхніка заўсёды ў надзейных руках, за яе стан і гатоўнасць да працы можна не хвалявацца.

 — У чым прынцыповае адрозненне льнокамбайнаў ранейшых канструкцый ад цяперашняга?

 — ЛК-4У чапляецца да трактара, за адзін праход убірае паласу лёну шырынёй каля метра, а ТСЛ-2,4 — 2,4 метра. Ён лепей бярэ палеглыя і пакручаныя сцяблы, аднак пры гэтым не ачэсвае ад сцяблоў галоўкі з ільнонасеннем. Для гэтага існуе іншы імпартны агрэгат, які ідзе па радках.

 — Якая якасць даўгунцу?

 — Пераважная большасць пасеваў мае даўжыню сцябла каля 65 — 75 сантыметраў, хаця ёсць асобныя ўчасткі да 95 сантыметраў. Чым даўжэй сцябло, тым даўжэй валакно — тым лепей. Аднак пры вышыні сцябла звыш метра істотна павялічваецца пагроза палягання і, як вынік, загнівання ад зямлі. Калісьці ў нас быў сорт “Табар” чэшскай селекцыі, аднак гэта было даўно, гадоў шэсць таму. Пасля трэцяй рэпрадукцыі любы сорт страчвае свае асаблівасці, яго час мяняць.

 — Каго яшчэ, акрамя Валерыя Семіёненкі, маглі б адзначыць?

 — Выдатна працуюць экі­пажы ў складзе трактарыста Дзмітрыя Прудніка і камбайнера Кірыла Неметава. Тандэм Віталь Лапавухаў — Аляксандр Нарчук таксама на вышыні. Усе механізатары працуюць годна.

 — Калі плануеце завяршыць церабленне?

 — Калі ўсё будзе добра, то да 20 — 25 жніўня. Аднак, калі хлебаробам патрэбна сухое, сонечнае надвор’е, то нам, ільнаводам, не пашкодзіла б, каб ужо выцерабленыя гектары праліло не ліўнем, а спакойным, мерным дожджыкам. Тады сцяблы выдатна вылежацца, валакно атрымаецца патрэбнай якасці. Пасля гэтага радкі можна будзе падвярнуць, запрасаваць у рулоны і звезці пад дах.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: роўнымі стужкамі сцелецца лён.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>