Воины-интернационалисты из разных стран собрались на Лепельской земле

img_3262У мінулыя выхадныя Лепельшчына ўрачыста сустрэла паважаных гасцей — прадстаўнікоў гарадскіх і раённых арганізацый ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. На паляне за стаянкай “Гасціны двор” размясціўся лагер турыстаў-аматараў. Турыстычныя злёты для Лепельшчыны сталі звыклай формай правядзення культурна-масавай работы, паколькі ёй спрыяе маляўнічая прырода з вялікай колькасцю лясоў, рэк і азёр.

Пагадзіцеся, прыемна ў выхадны дзень прайсціся пешшу або пракаціцца на веласіпедзе па палявых і лясных сцежках, убачыць яркія краявіды і атрымаць станоўчыя эмоцыі. Таму на Лепельшчыну перыядычна прыязджаюць турысты з розных прадпрыемстваў і ўстаноў. Аднак злёт удзельнікаў гарадскіх і раённых арганізацый грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” наш раён прымаў упершыню. Тым больш, што мерапрыемства адразу набыло міжнародны фармат — да воінаў-афганцаў Віцебшчыны далучыліся іх калегі з Мядзеля Мінскай вобласці, Калінінградскай вобласці Расіі, а таксама з Літвы і Эстоніі.

Цёплае прывітанне
img_3246У пятніцу, у першы дзень мерапрыемства, сабралася не менш за сто чалавек. Асабіста мяне ўразілі жыццёвы аптымізм і энергія гэтых немаладых людзей, густая сівізна ў валасах і яркі агонь у вачах, адкрытасць, шчырасць у поглядах і дзеяннях. Для сябе адзначыў, што амаль усе ўдзельнікі турыстычнага злёту прытрымліваліся правіла начаваць у палатках. Толькі некалькі чалавек, спаслаўшыся на няважнае самаадчуванне пасля дальняй дарогі, уладкаваліся на начлег у прыдарожнай гасцініцы.
Яркім і запамінальным стаў праведзены ў першы дзень конкурс мастацкай самадзейнасці. Воіны-інтэрнацыяналісты спявалі пад гітару, выступалі са сцэнічнымі мініяцюрамі і чыталі вершы. А потым журы правяло агляд палатачнага гарадка з мэтай вызначыць самую добраўпарадкаваную стаянку. Гэта стала даволі складанай задачай, бо ўсе ўдзельнікі да наладжвання дабрабыту і падтрымання парадку аднесліся з належнай увагай: у першую чаргу навялі і ўтрымлівалі чысціню, усё смецце зносілася ў загадзя ўстаноўленыя кантэйнеры, вопытныя турысты нават прывезлі з сабой мангалы і печкі для прыгатавання ежы.
У суботу дзень распачаўся з урачыстага адкрыцця турыстычнага злёту. На правах гаспадара яго вёў старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” падпалкоўнік у адстаўцы Валяр’ян Мацкевіч. Пасля словаў прывітання ў адрас гаспадароў і гасцей Валяр’ян Альбінавіч уручыў найбольш заслужаным удзельнікам ветэранскага руху юбілейныя медалі “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана” і “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Асобна быў адзначаны краязнаўца Валерый Тухта, які напісаў і выдаў кнігу “У цяснінах памяці”. У ёй Валерый расказаў пра ўсіх жыхароў Лепельшчыны, якія ўдзельнічалі ў вайне ў Афганістане.
— Кніга — гэта памяць пра нашых баявых таварышаў, пра баявое братэрства. Такое і падобныя выданні, я цвёрда перакананы, павінны быць у кожнай школьнай бібліятэцы, каб дзеці на жывых прыкладах даведваліся, што такое патрыятызм і адданасць Радзіме.

Хто мацнейшы?
img_3303Удзельнікі турыстычнага злёту разышліся па месцах спаборніцтваў. Вызначалі, хто больш трапны ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, у кіданні дроцікаў і ў каго самыя моцныя рукі. Дарэчы, у спаборніцтве па армрэслінгу не было роўных Уладзіміру Духу з Мядзеля.
— На іншых турзлётах у праграмах былі спаборніцтвы на кантрольна-турыстычных маршрутах, па веласіпедным маршруце, па пераадоленні паласы перашкод. Чаму на сённяшнім злёце такіх няма? — пытаюся ў старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Сяргея Крывяля.
— Ветэранам вайны ў Афганістане сёння, як мінімум, па 50 гадоў, а пераважнай большасці па 60-70. Шмат сярод нас і інвалідаў. Вядома, у такім узросце пераадольваць перашкоды нялёгка. Таму прапанавалі спаборніцтвы, дзе мы можам паказаць добрыя вынікі, праявіць сябе і пры гэтым не нанесці страты здароўю. Гэта пнеўматычная стральба, дартс, армрэслінг і перацягванне каната. Для аматараў спартыўных гульняў яшчэ нацягнулі валейбольную сетку. Так што кожны можа знайсці занятак па душы.
Найбольшай папулярнасцю карысталіся спаборніцтвы па стральбе. Кожны з непрыхаваным азартам браў у рукі вінтоўку, цэліўся і страляў. А адыходзячы з агнявой пазіцыі, многія зазначалі: “Памятаюць рукі…”.

“Баявое братэрства” Эстоніі
img_3263Мяне ў першую чаргу зацікавіла магчымасць пагутарыць з замежнымі гасцямі. Першымі сталі ўдзельнікі каманды з Эстоніі Райва Аарсоо, Пэнці Пілнік, Калев Паксан і Хіллар Напрытсан. Першыя трое служылі ў адным прызыве, у 1986, 1988 гадах, толькі ў розных вайсковых часцях і ў розных гарадах і правінцыях. Райва і Калев былі вадзіцелямі бронетранспарцёраў БТР-70, Пэнці служыў у мінамётнай батарэі, а Хіллар быў музыкантам у вайсковым аркестры.
Талінскі клуб “Баявое братэрства” аб’ядноўвае больш за 50 ветэранаў. Гэта няшмат, у свой час праз гарніла афганскай вайны прайшла не адна тысяча прызыўнікоў з Эстонскай ССР. Першапачаткова “Баявое братэрства” аб’ядноўвала ветэранаў толькі Таліна, а зараз у яго ўваходзяць воіны-афганцы з усёй рэспублікі.
— Мы вядзём размову пра 50 актыўных удзельнікаў ветэранскага руху, — кажа старшыня Райва Аарсоо. — Аб’ядноўваемся незалежна ад таго, хто дзе, у якіх войсках служыў, імкнёмся дапамагаць адзін аднаму. Падтрымліваем сталыя кантакты з ветэранскімі арганізацыямі суседзяў. Тут вось зноў сустрэліся са старымі сябрамі з Полацка.
— Дзяржаўныя межы — не перашкода?
— Не, беларускія візы адкрываюцца без праблем.
Зараз у склад Сіл абароны Эстоніі ўваходзіць Кайтсэлійт — сілы тэрытарыяльнай абароны, народнае апалчэнне, камандаванне якога ў тым ліку аналізуе і вопыт Афганскай вайны. На нядаўніх вучэннях нават брытанская марская пяхота не змагла нічога зрабіць супраць эстонскіх апалчэнцаў. Калев Паксан з 1992 па 1996 гады служыў у Кайтсэлійце, звольніўся ў запас у званні вепэра (па-беларуску прапаршчык).
— Беларускія ветэраны-афганцы часта прыходзяць у школы, выступаюць перад падлеткамі, расказваюць, якая страшная і цяжкая справа — вайна. У Эстоніі практыкуюцца падобныя сустрэчы? — спытаў у Райва Аарсоо.
— Калі быў Савецкі Саюз, мы рэгулярна прыходзілі на падобныя сустрэчы, а цяпер — не. Ды і многім ветэранам не вельмі прыемна ўспамінаць той час. Я аднойчы прапанаваў сябру, у якога ёсць ордэн і медаль, прыйсці ў школу, але той наадрэз адмовіўся, сказаў: “Пра вайну не хачу ні чуць, ні ўспамінаць!”.

“Дзе пралілася кроў, праўды ўжо не знойдзеш”
З літоўскага горада Вісагінас разам з сябрамі прыехаў Сігітас Дудкявічус. 18-гадовым хлопцам ён быў прызваны на службу і пасля трох месяцаў вучэбкі ў Кушцы пераведзены пад горад Герат у Афганістане. Задаў ветэрану пытанне:
— Які ўспамін застаўся самым пранізлівым, шчымлівым?
— Як сказаў адзін мой добры прыяцель, з цягам часу ўсе дрэнныя ўспаміны забываюцца, сціраюцца і застаюцца ў памяці толькі добрыя. І нават цяпер, калі б паступіў загад, я б зноў туды паехаў бы. Асабліва калі побач былі б тыя самыя сябры.
Маладога савецкага салдата ўразілі ўбачаныя кантрасты: з аднаго боку, людзі жывуць нібыта ў сярэднявеччы, а з другога — у мясцовых крамах (дуканах) — найвялікшы выбар разнастайных спажывецкіх тавараў, пра якія савецкім людзям, якія прывыклі да таварнага дэфіцыту, часта нічога і вядома не было.
— Як даведаліся пра тое, што адбываецца турзлёт на Лепельшчыне?
— Мы пастаянна падтрымліваем кантакты з нашымі беларускімі суседзямі, у першую чаргу з Браслава і Паставаў. Летась у нас праводзілася падобнае мерапрыемства. Беларусы прыязджалі, да гэтага мы гасцявалі на Пастаўшчыне. Адным словам, узаемадзеянне ў нас наладжана. Я сам прыхільнік такога прынцыпу, што каб атрымаць добры вынік, кожнаму трэба рухацца, шукаць важную інфармацыю, дамаўляцца, афармляць дакументы, ехаць. Вось і мне толькі патэлефанавалі — я сабраўся, аформіў дакументы і прыехаў.
— Колькі чалавек уваходзіць у вашу арганізацыю?
— У нашым клубе на ўліку больш за дваццаць ветэранаў-афганцаў, але самых актыўных — адзінаццаць чалавек. А ўсяго ў Літве 22 мясцовыя ветэранскія арганізацыі аб’яднаны ў агульную.
— Як складваюцца адносіны воінаў-інтэрнацыяналістаў з дзяржавай?
— Органы дзяржаўнай улады нам не дапамагаюць, але і не замінаюць. Мы можам арганізоўваць і праводзіць свае мерапрыемствы. Нядаўна нам удалося дабіцца змянення ў законе, згодна з якім воіны-інтэрнацыяналісты маюць статус удзельнікаў баявых дзеянняў. Цяпер ветэранам па дасягненні 65 гадоў робяць даплату да пенсіі.
— Ці часта вас запрашаюць на сустрэчы з моладдзю?
— Перыядычна такія сустрэчы адбываюцца. Аднак мяне непакояць душэўны стан, светапогляд сучасных маладых людзей. У якасці прыкладу прывяду першае пытанне ад іх: “А колькі ворагаў вы забілі?”. Падрастае пакаленне, выхаванае цалкам на кінафільмах, баевіках, дзе паказваецца, што забойства, вайна — гэта лёгкая справа, раз-два — і няма чалавека, а праз хвіліну — і сотні. Я ім адказваю: “Хлопцы, застрэліць — гэта бандыцкія разборкі. Мы ж выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Запомніце: там, дзе пралілася кроў, праўды ўжо не знойдзеш”. І зараз па тэлебачанні і ў інтэрнэце гляджу толькі навіны або фільмы-камедыі, пра вайну не гляджу.

Палкавыя
традыцыі
У Калінінградскай вобласці Расіі працуе вялікае аб’яднанне ветэранаў, больш за тры тысячы чалавек. У 1979-1980 гадах у вобласці быў сфарміраваны 395-ы мотастралковы полк, які ў поўным складзе быў уведзены ў Афганістан. Камандаваў часцю маёр Аляксандр Макараў, які ў далейшым даслужыў да звання генерал-лейтэнанта. Ветэраны падтрымліваюць палкавыя традыцыі, стараюцца наладжваць між сабой сувязі, нягледзячы нават на адлегласці і межы. Так, летась на магілах салдатаў палка Аляксандра Бярэзіна ў Копцях і Аляксандра Вешнякова ў Добрыне пад Віцебскам устаноўлены надмагіллі сіламі іх баявых таварышаў.
Два дні на лясной паляне прайшлі насычана, але надзіва хутка. Паводле падведзеных вынікаў, у спаборніцтвах першае месца заняла каманда Мядзельскага раёна, другімі сталі лепяльчане, а перамагло, зразумела, сяброўства. Яркім завяршэннем злёту сталі канцэрт, наладжаны работнікамі раённага Дома культуры, і сімвалічнае вогнішча.
Дарэчы, сярод спевакоў РДК быў і ветэран-афганец Ігар Вішнеўскі. Яго таксама адзначылі памятным падарункам.
С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>