Самый дорогой подарок в жизни

img_0188 Немагчыма перадаць словамі тое вялікае шчасце, якое прыносіць бацькам нараджэнне дзіцяці. На ўсё жыццё запамінаюцца светлыя хвіліны, калі ўпершыню чуеш голас немаўляці, бачыш яго першую ўсмешку, сочыш за яго першымі няўпэўненымі крокамі і радуешся першым поспехам. Бачыць сваё дзіця здаровым і шчаслівым — гэта неацэнны скарб, найдаражэйшы падарунак у жыцці. Такія думкі ў мяне ўзнікаюць кожны раз у час сустрэчы з матулямі, якія знаходзяцца ў акушэрскім аддзяленні ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”.

На гэты раз мы наведалі гэта аддзяленне разам з прадстаўнікамі Лепельскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Па добрай традыцыі кожны год у рамках акцыі “З любоўю да дзяцей” ад імя арганізацыі ўручаюцца падарункі жанчынам, якія нарадзілі дзіця ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь або на наступны дзень.
Сёлета чацвёртага ліпеня ў другі раз стала маці лепяльчанка Юлія Семянько. Для таго, каб павіншаваць жанчыну з гэтай шчаслівай падзеяй і выказаць ёй найлепшыя пажаданні, у акушэрскім аддзяленні пабывалі прадстаўнікі Лепельскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” — старшая медсястра аддзялення №1 установы аховы здароўя “Лепелькая аблпсіхбальніца” Святлана Пыж і медсястра аддзялення №3 гэтай жа лячэбнай установы Алена Кузьмінова.
— Нараджэнне дзіцяці прыносіць з сабой асаблівую радасць, шмат незабыўных падзей. Няхай жа ў вашай сям’і заўсёды гучыць звонкі дзіцячы смех, а шчасце з году ў год толькі памнажаецца, — ад душы пажадала Юліі Віктараўне Алена Кузьмінова і ўручыла святочны падарунак.
— Няхай у вашай сям’і заўсёды будуць згода, узаемаразуменне, цёплая падтрымка, а дачушка расце здаровенькай, мілай і шчаслівай, — шчыра пажадала маладой матулі Святлана Пыж.
Шчыра віншую Юлію Віктараўну са знакавай падзеяй у жыцці і прашу расказаць пра гісторыю стварэння іх сям’і.
— Мы з мужам былі знаёмыя шмат гадоў таму. Часта сустракаліся, размаўлялі. Аднак прайшоў некаторы час — і мы зразумелі, наколькі блізкія адзін для аднаго. З мінулага года мы сталі адной сям’ёй, ва ўсім я адчуваю надзейную апору і падтрымку Вадзіма.
Юлія — гандлёвы агент райспажыўтаварыства. У свой час набыла спецыяльнасць эканаміста ў Полацкім дзяржаўным гандлёва-тэхналагічным каледжы Белкаапсаюза. Вадзім — інспектар аддзела ДАІ Лепельскага РАУС, аддаў рабоце ў міліцыі больш за пятнаццаць год. Старэйшая дачушка Юліі Сняжана перайшла ў адзінаццаты клас сярэдняй школы №1, вучыцца ў класе хіміка-біялагічнага профілю і ў будучым жадае звязаць сваё жыццё з медыцынай.
— Вы зведалі шчасце мацярынства двойчы. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі.
— Вядома, гэта вялікае шчасце, якое перадаць словамі немагчыма. Мы ганарымся поспехамі Сняжаны і жадаем, каб другая дачушка таксама расла здаровенькай, стараннай і паслухмянай.
Дзяўчынка нарадзілася вагой тры кілаграмы 645 грамаў і ростам 55 сантыметраў. Бацькі вырашылі назваць яе Варварай.
— Няхай вашы запаветныя жаданні абавязкова здзейсняцца, а нованароджаная дачушка будзе прадаўжальніцай вашых добрых сямейных традыцый. Хай жа ў вашай сям’і будзе яшчэ шмат шчаслівых і запамінальных падзей! — шчыра жадаем на развітанне Юліі Віктараўне і пакідаем акушэрскае аддзяленне з цеплынёй на сэрцы.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>