Какой цвет войны

u-44Які колер у вайны? Многія кажуць, што чорны. Чорны дым над папялішчамі, чорныя абвугленыя галавешкі, чорныя хусцінкі на галовах у несуцешных удоў… Аднак смерць па хрысціянскім звычаі заўсёды паўстае ў белым колеры. Нябожчыка заўсёды апраналі ў белую кашулю, клалі на белыя падушкі, пакрывалі белай прасціною… Ды і ручнікі на крыж вешалі белыя.
Белым колерам адбілася ў памяці вайна для Валянціны Старынскай. На той час яна была Валяй Казьянінай. І было дзяўчынцы з каменскай вёсачкі Задоры ўсяго толькі сем гадоў. Вайна паўстала перад вачыма маленькай Валечкі ў вобразе… маці ў распушчанай белай хусцінцы. Пайшлі яны ва ўшацкае Кісялёва за расадай капусты. У той час капусту саджалі позна, каля Тройцы. І раптам мама бяжыць, хусцінка белая, на ветры развіваецца:
— Васіль, вайна! — крычыць бацьку. — Дэшка (старшыня калгаса) прыязджаў, наказваў народ збіраць. Стаўляйце, кажа, арку і біце ў жалезіну.
А для яе, маленькай Валечкі, вайна — гэта ж нешта новае, мабыць, цікавае. Дзяўчынка смяялася, радавалася, а маці даіла карову і залівалася слязамі.
Маладых мужчын неўзабаве ўсіх забралі на фронт. Зямлю падзялілі. Бацька прывёз з Лепеля старэйшую дачку Аляксандру з дзяўчынкаю, якую звалі Мая.
Дарослыя ў полі — жнуць, сена стагуюць. Валя з Маечкай гуляюць-забаўляюцца ў хаце, пацеркі разабралі — і цяпер збіраюць зноў. Штосьці гудзіць у акне, а ім, малым, часу няма паглядзець. Нарэшце, Маечка зірнула ў акно і кажа: “Мамалёты”. А Валя старэйшая, скеміла хуценька, што да чаго, Маечку — у куточак, лыжку ёй і відэлец у рукі, каб не плакала, а сама — на вуліцу і ў поле. Бяжыць, а самалёт над ёй зніжаецца і наперадзе пырскае чорная зямля. Не ведае Валя яшчэ, што такое кулі. А тым часам у вёсцы ўжо гараць хаты Косці, Арцёма, Рамана і Сцяпана. Сіманькову хату агонь не зачапіў, а толькі разбурыў. Валянціна Васільеўна называе па-свойму — кантузіла, нібы размова ідзе пра жывога чалавека.
Усе з поля бягуць, хто ў лазню хаваецца, хто — за лазню. А бацька (ён мараком у свой час быў, сем гадоў — на Чорным і два — на Балтыйскім моры плаваў) дзверы лазні як ірване:
— Вы куды пахаваліся! Зараз бомба ўзарвецца — і ўсе загінеце! Разбягайцеся па кустах.
У вайну ўсе імкнуліся падавацца бліжэй да партызанскай зоны. Аляксандра вазіла ў Старынку, за шэсць кіламетраў, зерне партызанам. Бацькі зрабілі бліндаж ля рэчкі і грубачку там нават паставілі, і ў той час, калі немцы адступалі, уся сям’я хавалася ў бліндажы. У вёску прыехала настаўніца з Ленінграда. Звалі яе Тамара. Тая ў бліндажы не хавалася, крыху ведала нямецкую мову. І калі немцы загадалі паказаць ёй дарогу праз раку на Бутава, пайшла ў іх правадніком. Праўда, назад вярнулася, а вось сяброўка яе, што падалася ў партызаны, загінула.
u-45І яшчэ адзін эпізод вайны назаўсёды запомніла маленькая Валя. Немцы ехалі на матацыклах па Курмялёўцы на Мягелі, а там, за вёскаю, выбоіны — ямы ці лагчыны. І ў тым месцы хтосьці па немцах стрэліў. У выніку прыехалі карнікі, сабралі ўсіх вяскоўцаў ля ямы, паставілі кулямёт. А з Мягеляў зноў жа народ гоняць. Потым, як распавядае бабуля Валянціна, пачалося галасаванне. Немцы штосьці на сваёй мове абмяркоўвалі і падымалі рукі — адны, пасля — другія. Урэшце, забралі ўсіх мужчын, пасадзілі ў грузавік і павезлі. Зніклі і самі карнікі. Людзі ж так і стаялі да вечара ля ямы, пакуль нехта з іх не прамовіў: “Чаго ж гэта мы стаім? Ужо і каровы хутка з поля прыйдуць”. Толькі тады пачалі разыходзіцца.
u-47Немцы адступаюць, а сям’я Казьяніных у гэты час падзеленая: маці з Валяй і Маечкай у Бутаве. Там перажылі блакаду. Сядзелі ў балоце, па шыю ў халоднай вадзе. Затым выйшлі ў поле, а поле замініравана. Бабуля Сцепаніда з Мягеляў стала на калені, пачала маліцца, каб уратаваў Бог, каб нікога не закрануў. І — не закранулі міны. Усе засталіся жывымі.
Калі нашы прыйшлі ў вёску, адзін салдат забег у хату да Мікалая Казьяніна. І акурат туды трапіў снарад. Байца пахавалі на могілках, і жанчына, якую ўсе ў вёсцы называлі Сямёніхай, пасля доўга даглядала яго магілу.
А бацька тым часам застаўся ў Задорах. Ён закапаў скрыню з зернем, хацеў яе вывезці, а конь раскаваўся. Пайшоў у кузню да каваля, а тут з Ладасна ідзе цэлы натоўп людзей. Бацьку цікава паглядзець, хто ж гэта. Аказалася, немцы. Забралі і яго. Быў у фашысцкай няволі. Толькі з перамогаю вярнуўся. Прывёз паперы. На той час Валя вучылася ў школе ў Мягелях. На ўсю школу быў адзін буквар, а замест паперы карысталіся трубачкамі са снарадаў.
***
Зараз Валянціна Васільеўна жыве ў Лепелі адна, мужа пахавала чатырнаццаць гадоў таму. Закончыла Клімавіцкі ветэрынарны тэхнікум і трыццаць гадоў працавала ветэрынарам. Апошнія гады перад пенсіяй была страхагентам. Зараз бабулю даглядае пляменніца, дапамагае сацыяльны работнік. Добрая хата, ёсць і агарод невялікі, і ў белай квецені дворык. Ды толькі час ад часу прылятае да бабулі вайна ў выглядзе белай матчынай хусцінкі. У кожнага — свой колер вайны.

На здымках: Валянціна ў сталым узросце і ў студэнцкія гады; маці са старэйшай дачкою Аляксандрай.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>