Секрет долголетия

0_1631621Яшчэ нядаўна жыхары нашага горада маглі пабачыць цікавага веласіпедыста, які кожную раніцу адпраўляўся на працу… на веласіпедзе. “Ну, і што? — скажаце вы, мала каму хочацца паездзіць на веласіпедзе, хоць і на працу”. Аднак пікантнасць сітуацыі надаваў той факт, што веласіпедысту было… восемдзясят гадоў. І гэта не перашкаджала яму працаваць токарам на тагачасным ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”.

— Гэта была праца не проста токарам, а менавіта па ўзнаўленні турбін, — удакладняе Вячаслаў Вячаслававіч. — Напэўна, таму мяне і не хацелі так доўга адпускаць.
Вячаслаў Ланько — і ёсць той самы васьмідзесяцігадовы веласіпедыст і вельмі запатрабаваны спецыяліст па турбінах, якога не хацелі адпускаць з прадпрыемства нават праз дваццаць гадоў пасля выхаду на пенсію. Праўда, размова ідзе пра падзеі трохгадовай даўніны. Вось ужо тры гады, як Вячаслаў Ланько знаходзіцца на заслужаным адпачынку і дзеліць свой пенсіянерскі хлеб з жонкаю Ядзвігай, з якой жывуць разам ужо дваццаць восем гадоў.
Гены пальцам не сатрэш. А таму ніколі не скажаш, што Вячаславу Ланько восемдзясят тры гады. Дзіва што! Маці яго пражыла сто чатыры і памерла два гады таму. Лідзія Паўлаўна, расказваюць, была чалавекам рухавым, аптымістычным і мудрым. І, можна сказаць, усё жыццё пражыла на сваіх нагах. Праўда, Ланько-старэйшы, бацька Вячаслава, памёр ад цяжкай хваробы ў маладым узросце. Аднак тут ужо іншыя акалічнасці. Здароўе старэйшага Вячаслава Ланько падарвала вайна, праз якую ён прайшоў неспазнанымі сцежкамі. Вячаслаў Вячаслававіч мяркуе, што бацька застаўся жывы на вайне толькі таму, што служыў у артылерыі. Маўляў, усё ж не на самай перадавой. Аднак мяркую, што гэта не так, бо смерць не разбірае, дзе перадавая, а дзе тыл. А ўсё падуладна лёсу. Лёсу было заўгодна, каб Вячаслаў Ланько-старэйшы, які перад вайною трапіў у войска, а адтуль наўпрост апынуўся ў гарніле вайны, вярнуўся з яе жывым.
Сям’ю сваю знайшоў у Казані. Да вайны Вячаслаў і Лідзія жылі ў Оршы, дзе і нарадзіўся іх першынец Слава. Затым пераехалі ў Варонеж. Там муж і жонка працавалі на заводзе. А ў ліпені 1941 года з’явіўся на свет Валодзя. Бацька ўжо быў на вайне. Тым часам на ваенным заводзе, дзе выраблялі самалёты, працаваў дзядзька Косця (Канстанцін Нядбальскі). З пачаткам вайны завод вырашана было эвакуіраваць. Усе выехалі ў Казань.
Жылі ў пяціпавярховіку, у кватэры на другім паверсе, непадалёк ад казанскага Крамля. З акна былі відаць цырк, возера Чорнае і парк Леніна. Маці ўладкавалася ў сталовую афіцыянткай, цётка (жонка Канстанціна) — медработнікам у шпіталь па вуліцы Баўмана. У адной кватэры туліліся маці з двума сынамі, яшчэ і бабуля прыехала. Вядома ж, галадалі. Толькі пад канец вайны Слава пайшоў у першы клас. А праз некалькі гадоў і бацька вярнуўся.
Бацьку накіроўваюць у Оршу на ўзнаўленне МТМа (машынна-трактарнай майстэрні). Зноў пераезд. У Оршы ад МТМа атрымаў кватэру, але жыць у ёй давялося ўжо ўшасцярых — бацьку, дзядулю з бабуляй і двум дзеткам. Жылі на шчаўі і бульбе.
Узнавілі МТМ у Оршы — накіравалі бацьку на працу ў Лепель з той жа самай мэтаю. Тут спачатку здымалі кватэру ў аднакласніка бацькі Камароўскага і толькі прыблізна праз паўтара года пабудавалі свой дом. У 1946 годзе нарадзілася сястрычка Валя, у 1955-м — яшчэ адзін брат Віця. Слава вучыўся ў рускай школе, але не давучыўся. Калі быў у дзявятым класе, цяжка захварэў бацька. Давялося пакінуць школу. Падаўся працаваць на малочнакансервавы камбінат, дзе бацька да гэтага часу працаваў энергетыкам. Неўзабаве Вячаслаў асвоіў прафесію токара — самавукам, нідзе ж адмыслова не вучыўся. Так і адпрацаваў токарам шэсцьдзясят гадоў на адным прадпрыемстве.
Дынастыя Ланьковых тым часам працягваецца. Зараз на прадпрыемстве працуе ўжо сын Ігар — слесарам у цэху па вытворчасці масла.
Дом, дзе жылі раней, бацькі аддалі дзецям, а самі набылі кватэру на вуліцы Войкава, дзе і жывуць зараз.
Цяжка сказаць, у чым сакрэт даўгалецця. Ці толькі ў генах? Магчыма, яшчэ і ў той гармоніі, якая ўпрыгожвае старасць. Бо старасць таксама ж можа быць прыгожай.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>