Краеведческий музей на Лепельщине

581193293cd6787c6e30bb3c4857af91З пачатку гэтага навучальнага года ў Поўсвіжскай базавай школе працуе краязнаўчы клуб “Нашчадкі”. Гутарым з кіраўніком клуба, настаўніцай гісторыі Вольгай Харламавай.
— Вольга Генадзьеўна, якім чынам нарадзіліся поўсвіжскія “Нашчадкі”?
— Раней я выкладала гісторыю ў Каменскай яслях-садзе — базавай школе, і там мы з вучнямі праводзілі адпаведную краязнаўчую работу. Так што ўжо былі пэўныя напрацоўкі. Другі год працую ў Поўсвіжы. Вырашыла ўжо і тут паспрабаваць. Я пераканана ў тым, што дзеці павінны ведаць сваю гісторыю. Калі ж яны не жадаюць гэтага рабіць, трэба іх пэўным чынам прымусіць, заахвоціць або стварыць спрыяльныя ўмовы для гэтага. Больш таго, высветлілася, што не ведаюць гісторыі і бацькі. Калі я папрасіла дзяцей распытаць у бацькоў пра вайну, тыя часта казалі, што ў іх сям’і ніхто не ваяваў. Не разумею. Я сама з Сібіры. Туды не дайшлі немцы, але ж у мяне шмат родных і блізкіх людзей было на фронце. А тут — акупацыя. Як гэта не ваявалі?
— Вы сказалі слова “прымусіць”. Ці спатрэбілася яно, калі арганізоўвалі клуб?
— Не. Нават абсалютна не. Усе вучні ўступілі ў клуб добраахвотна. Больш таго, скажу, што калі адны дзеці пачалі займацца, іншыя стаялі на парозе. Жадаючых аказалася вельмі шмат.
— А з чаго пачыналі?
— Афіцыйна ў клубе налічвалася адзінаццаць чалавек — дзяцей ад дзесяці да чатырнаццаці гадоў. Насамрэч жа іх было болей. Першым чынам запісала ўсіх сваіх пяцікласнікаў, дзе я класны кіраўнік. Разам склалі план работы. Пачалі з назваў населеных пунктаў, дзе жывуць дзеці. Працавалі з інтэрнэт-рэсурсамі, з кнігаю “Памяць”. Склалі прэзентацыю краязнаўчых помнікаў і гістарычных мясцін у сваёй акрузе.
— Вольга Генадзьеўна, дзесьці пабывалі ўжо?
— Спачатку старанна падрыхтаваліся, вывучылі ўсе помнікі, а затым восенню паехалі на экскурсію ў Полацк. Вандруем і па сваіх мясцінах. Вырашылі прыняць удзел у акцыі “Патрыёт. by”. Шукалі сабе для знаёмства ветэрана. Гэта аказалася справаю нялёгкаю. Аднак знайшлі. Пазнаёміліся з удзельніцай вайны Марыяй Шатыронак з вёскі Бароўка, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны працавала ў ваенным шпіталі. Былі ў яе ўжо двойчы. З адказнасцю дзеці рыхтаваліся да сустрэчы: зрабілі сваімі рукамі падарунак, надрукавалі фотаздымкі з першай сустрэчы, вывучылі песні пра вайну, падрыхтавалі пытанні. Марыя Фёдараўна расказала пра сваё дзяцінства, пра тое, як пятнаццацігадовай дзяўчынкаю трапіла на працу ў шпіталь, пра бацьку і братоў, якія загінулі, абараняючы Радзіму, паказала медалі. Затым спявалі разам з ветэранам “Тры танкісты” і “Кацюшу”, частаваліся гарбатаю.
— Над чым працуеце зараз?
— Вывучаем тэму Вялікай Айчыннай вайны: яе прычыны, хто такія Сталін і Гітлер, даведваемся пра арганізацыю партызанскага і падпольнага рухаў на Лепельшчыне, халакост і г.д. Знаёмімся з Кісцялёвам, з Брэсцкай крэпасцю.
— Як вы адзначылі Дзень Перамогі?
— Акцыяй ля помніка ў Вялікім Поўсвіжы. Кожны чытаў вершы пра вайну.
— Дарэчы, а чаму назваліся “Нашчадкамі”? Пад аднайменнай назвай ужо ёсць краязнаўчы гурток у Слабадской сярэдняй школе. Яго дзейнасць дастаткова вядомая. І ці падтрымліваеце сувязь са слабадскімі “Нашчадкамі”?
— Калі давалі назву, нават не звярнулі ўвагу. А затым наладзілі стасункі са слабадскімі вучнямі. Пабывалі ў трох музеях Слабадской школы.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>