Наилучший подарок детям

img_8145 Развіццю сацыяльнай інфраструктуры, стварэнню добрых магчымасцей для цікавага і змястоўнага адпачынку дзяцей і дарослых у нашым раёне ўдзяляецца асаблівая ўвага. Значная работа ў гэтым накірунку вядзецца і ў сельскай мясцовасці. Яркае пацвярджэнне таму — адкрыццё дзіцячай гульнявой пляцоўкі, якое нядаўна адбылося ў аграгарадку Горкі.

img_8158Трэба адзначыць, што пляцоўка, на якой устаноўлены сучасныя арэлі-балансір, пластыкавы турнік, лесвічкі, прыгожыя лавачкі, пясочніцы і іншыя прыстасаванні, нічым не саступае забаўляльным дзіцячым пляцоўкам буйных гарадоў. Тут з задавальненнем могуць адпачыць як дзеці малодшага, так і старэйшага ўзросту.
— Ідэю будаўніцтва дзіцячай гульнявой і спартыўна-аздараўленчай пляцоўкі ў аграгарадку Горкі я выношваў некалькі гадоў, — расказвае старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй. — Фактарам, які стрымліваў пачатак неабходных работ, была адсутнасць грашовых сродкаў на добраўпарадкаванне і ўтрыманне тэрыторый сельскіх населеных пунктаў. У апошнія гады мы актыўна вялі збор грашовых сродкаў у выглядзе добраахвотных узносаў і ахвяраванняў грамадзян — сабраныя грошы збіраліся на рахунку сельвыканкама. Эканомія мэтавых грашовых сродкаў, выдзеленых на добраўпарадкаванне ў мінулым годзе, дазволіла набыць некаторае абсталяванне ў ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”. Гэта велапаркоўка коштам 199,87 рубля, мост пераносны, які каштуе 499,92 рубля, урны вулічныя (202,89), дзве лаўкі (356,21), двое арэляў-балансіраў (419,57), арэлі садовыя (360), а таксама дзве пясочніцы, якія каштуюць, адпаведна, 154,02 і 228 рублёў.
img_8125 img_8239У ТАА “Мірамет” у г. Наваполацку мы закупілі цудоўную горку, якая мае металічную аснову і шклопластыкавы схіл. Яны абышліся раённаму бюджэту ў адну тысячу 400 рублёў.
Частка абсталявання, набытага летась, дзве лаўкі з урнай і велапаркоўка, устаноўлены ў аграгарадку Горкі ля адміністрацыйнага будынка, лаўка з урнай — ля Горскага ФАПа, а частка абсталявання прызначана для ўстаноўкі ў вёсцы Заслонава: дзве лаўкі і арэлі садовыя будуць размешчаны ля дома №10 , а таксама ў тым жа населеным пункце ля дома №604.
Аддзелам па адукацыі райвыканкама для развіцця спартыўных навыкаў і фізічнай загартоўкі падлеткаў нам бясплатна перададзены бервяно, якое качаецца, бервяно трэніровачнае, турнік, лесвічкі і іншае абсталяванне, якое разнастаіла гэта спартыўнае і гульнёва-забаўляльнае збудаванне. Былыя брусы, якія сталі непрыдатнымі для далейшай эксплуатацыі па прамым прызначэнні, сталі 40-а слупкамі для агароджы сеткай па ўсім стаметровым перыметры пляцоўкі.
Для будаўніцтва агароджы і надання належнага эстэтычнага выгляду былому ў выкарыстанні школьнаму абсталяванню ў г. Лепелі былі закуплены сетка-рабіца, цэмент, фарба масленая і іншыя матэрыялы на агульную суму 856,89 рубля. Часткова былі выкарыстаны і сродкі мясцовага бюджэту, а таксама сабраныя зацікаўленымі, нераўнадушнымі жыхарамі аграгарадка Горкі і вёскі Заслонава 270 рублёў.
…Урачыстае адкрыццё гульнявой дзіцячай пляцоўкі стала сапраўдным святам для аграгарадка Горкі. Гэта вынік агульнай руплівай працы мясцовых нераўнадушных жыхароў, якія ў вольны ад працы час займаліся правядзеннем усіх неабходных работ па абуладкаванні месца для адпачынку, устаноўцы патрэбнага абсталявання. Шмат папрацавалі на добраўпарадкаванні месца для гульняў таксама работнікі дарожных арганізацый. Менавіта ім старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй выказаў шчырыя словы падзякі за актыўную дапамогу, жаданне зрабіць жыццё вяскоўцаў цікавым і разнастайным.
— Асаблівую ўдзячнасць ад імя Горскага сельвыканкама і мясцовых жыхароў хочацца выказаць сем’ям Вардана і Таццяны Авецісянаў, Дзмітрыя і Вольгі Лявоненкаў, якія ўнеслі важкі ўклад у выглядзе 50 і дваццаці рублёў, а таксама яшчэ дваццаці сем’ям з аграгарадка Горкі і вёскі Заслонава, што папоўнілі скарбонку грашовых сродкаў.
Словы асаблівай падзякі хочацца выказаць начальніку Лепельскага філіяла “Лепельскае ДРБУ №202” КУП “Віцебскаблдарбуд”, дэпутату па Горскай выбарчай акрузе №18 Уладзіміру Гірынскаму і майстру гэтай жа арганізацыі Віктару Сцяцкову, якія, нягледзячы на вытворчую занятасць, змаглі выдзеліць дарожна-будаўнічую тэхніку для планіроўкі зямельнага грунту, завозу жвіру і выканання іншых работ. Імі кіраваў непасрэдна на месцы Віктар Георгіевіч. Хочацца ад душы падзякаваць таксама начальніку ДБУ-34, дэпутату Лепельскага раённага Савета дэпутатаў па Заслонаўскай выбарчай акрузе №30 Аляксандру Балтрушэвічу, які бясплатна даставіў набытую гульнявую горку з г. Наваполацка ў аграгарадок Горкі.
Вялікі ўклад у агульную важную справу зрабілі Іван Сярмяжка і Зяновій Бойка, якія, выкарыстоўваючы ўласную тэхніку, што знаходзілася ў асабістай гаспадарцы, дапамаглі дэманціраваць, даставіць і зманціраваць абсталяванне, што стала сапраўдным упрыгажэннем дзіцячай пляцоўкі. Самых шчырых слоў падзякі заслугоўвае таксама Дзмітрый Багдановіч, які выдзеліў асабістую бетонамяшалку для прыгатавання раствору.
Сёлета на рэспубліканскім суботніку на абуладкаванні пляцоўкі і ўстаноўцы абсталявання плённа папрацавалі пад кіраўніцтвам старэйшыны аграгарадка Горкі Ларысы Віткоўскай працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета. Гэта Горскі сельвыканкам, камунальнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг “Горкісельгаспаслугі”, Горскі фельчарска-акушэрскі пункт, Горскія сельскі клуб і бібліятэка, яслі-сад, а таксама многія актыўныя бацькі, дзядулі і бабулі разам са сваімі дзецьмі.
Усім ім за значны асабісты ўклад у агульную важную справу пад цёплыя апладысменты гасцей Васіль Бадзяй уручыў адпаведныя дыпломы.
— У будаўніцтва дзіцячай гульнявой і спартыўна-аздараўленчай пляцоўкі ўкладзена чатыры тысячы 947 рублёў 37 капеек з мясцовага бюджэту і сабраных непасрэдна з удзелам мясцовых жыхароў, — азначыў Васіль Аляксандравіч.
Вельмі хацелася б, каб гэта карыснае збудаванне ў бліжэйшы час з удзелам нераўнадушных грамадзян папоўнілася колькасна. Хацелася б тут бачыць, напрыклад, гульнявыя каруселі з рулём, якія ў цяперашні час каштуюць прыблізна адну тысячу 200 рублёў, прыстасаванні для гульні з мячом і шмат іншага. Спадзяюся, што маю ініцыятыву падтрымаюць многія бацькі, якія па прыкладзе жыхароў вёскі Заслонава актыўна мадэрнізуюць гульнявыя пляцоўкі. Прыемна бачыць на дзіцячых пляцоўках Заслонава непаўторныя вырабы, створаныя мясцовымі ўмельцамі з падручных матэрыялаў, — машынкі, танкі, самалёцікі, лебедзяў, кветачніцы і шмат іншага.
Давайце ж разам цаніць і памнажаць прыгажосць, створаную ўласнымі рукамі, вучыць маладое пакаленне культуры паводзін у грамадскіх месцах, беражліва адносіцца да каштоўнай маёмасці, каб гульнявая пляцоўка змагла радаваць нашых дзетак доўгія гады, а яшчэ лепш — дзесяцігоддзі і засталася ў спадчыну іх дзецям, калі яны вырастуць і створаць свае сем’і.
Я глыбока перакананы, што затрачаныя грашовыя сродкі будуць выкарыстоўвацца эфектыўна, а дзіцячая гульнявая пляцоўка спадабаецца мясцовым жыхарам і стане дастойным упрыгажэннем цэнтральнай часткі аграгарадка Горкі.
Па добрай традыцыі чырвоную стужку перад уваходам на дзіцячую гульнявую пляцоўку перарэзалі старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй, кіраўнік справамі сельвыканкама Ларыса Віткоўская, а таксама юны жыхар аграгарадка Горкі Данііл Бойка.
Прыемна было назіраць, як дзеткі з радаснымі воклічамі пабеглі да новага месца адпачынку, каб пакатацца на новых арэлях, пазаймацца на турніку. Са звонкім смехам адзін за адным хлопчыкі і дзяўчынкі з’язджалі з горкі, каталіся на арэлях-балансіры.
Цудоўны настрой юным гасцям свята падарылі і работнікі Лепельскага раённага Дома культуры. У цудоўную краіну песень, музыкі і танцаў запрасілі дзетак персанажы папулярнага мультфільма Маша і Мядзведзь, ролі якіх выканалі Вольга Шкіранда і Анжаліка Гатоўка. Яны прапанавалі паўдзельнічаць у жартоўных конкурсах, разам патанцаваць, а самыя вынаходлівыя, спрытныя хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі салодкія прызы. Свята ўдалося на славу. Нікому ў гэты дзень не прыйшлося сумаваць. Пад бадзёрыя рытмы папулярных мелодый ад душы весяліліся і дарослыя, і дзеці.
Яркім працягам свята стаў канцэрт, падрыхтаваны артыстамі Лепельскага раённага і Горскага сельскага Дамоў культуры. Выдатны настрой падарылі гледачам спевы вядомых у раёне выканаўцаў Ірыны Бусавай, Наталлі Івановай, Дзмітрыя Міхно і іншых выканаўцаў.
Самай жа найлепшай узнагародай для дарослых за самаадданую добрасумленную працу сталі незабыўныя ўражанні, шчырыя ўсмешкі дзяцей, якія атрымалі зарад станоўчых эмоцый на новай гульнёвай пляцоўцы. Яны, свавольныя, шчырыя і цікаўныя дзеткі, — наша будучыня, і няхай яна абавязкова будзе шчаслівай!
На здымках: яркія моманты свята.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>