Молодой рэпер в Лепеле

img_8603Дзесяцікласнік Стас Храбто, напэўна, нічым  бы не вылучаўся сярод сваіх  равеснікаў. Звычайны шаснаццацігадовы падлетак — словаахвотлівы, пазітыўны,  актыўны ў грамадскім жыцці роднай сярэдняй школы №3, у якой  вучыцца ў профільным “А” класе. Нічым бы ён не вылучаўся, калі б не быў рэперам.

stas2Аднак пра ўсё па парадку. Дзясяты клас — час вызначальны. Ну, не сёння, але ж заўтра, будзь ласкавы, адчыняй дзверы ў прафесію. А тут…
— Кім вырашыў стаць у будучым, Стас?
— Пакуль не ведаю.
— Аднак ты ўжо займаешся па пэўным профілі. Дарэчы, па якім?
— Фізіка-матэматычным.
— Чаму?
— Таму што… праспаў, — усміхаецца гарэзлівы Стас. — Хацеў займацца па руска-англійскім профілі. Калі ж набіралі, пазванілі дадому, а я спаў. Бабуля сказала, што нібыта хацеў вучыцца па фізіка-матэматычным профілі. Я аднойчы сам ёй казаў. Вось так і атрымалася.
Зрэшты, профіль у школе — яшчэ не факт у жыцці. І Стас, напрыклад, лічыць, што праца і хобі — рэчы розныя. Працуе чалавек, каб зарабіць грошы. Праца павінна прыносіць даход і не абавязкова — падабацца. І дзесьці нават я з ім згодзен, і ўсё ж гэта такое шчасце, калі праца падабаецца! Вось я размаўляю з гэтым разумным, дапытлівым, несумненна, пазітыўным падлеткам, бо гэта мая праца. І разам з тым мне гэта падабаецца. Шчыра прызнаюся, што адпачываю душою. Праца забірае значную частку нашага жыцця, і калі яна не па душы, жыццё таксама становіцца прэсным.
— А што падабаецца табе, Стас?
— Пісаць музыку і вершы.
— Хіба рэп — гэта вершы? Вось я ведаю, што многія лічаць гэты занятак не зусім сур’ёзнай справаю. Прычым, гэта не толькі дарослыя. Рэпераў сур’ёзна не ўспрымаюць і некаторыя твае равеснікі, прадстаўнікі іншых маладзёжных плыняў. Вось ты кажаш, вершы. Якая ж гэта паэзія — гаварыць са сцэны прозаю пад музыку? Гэта называецца — чытаць рэп.
— Я не паважаю рэп без рыфмы, і сам стараюся яе заўсёды вытрымліваць. Да музыкі ў мяне строгія патрабаванні. Першапачаткова рэп прадстаўляў дзве плыні — заходнюю, якая настройвала на гук, рабіла модным гучанне, і ўсходнюю, што вызначала музыку. Апошнім часам чытанне рэпу ў некаторых выглядае проста наборам слоў без сэнсу.
— А калі ты пачаў пісаць, што цябе падштурхнула?
— Дзядзька пісаў рэп усё жыццё. У яго была свая група, не памятаю дакладна, як называлася. Калі не памыляюся, “Даджойнт”. У 1996 годзе выйшаў альбом, і я яшчэ пры ім напісаў сваю першую спробу. А потым дзядзька, на жаль, загінуў у аўтакатастрофе, і ў яго застаўся незавершаны праект, які завяршаў я.
— Пра што пішаш, пра каханне?
— Толькі не пра яго. Не, я пішу і пра каханне, толькі не для сцэны, а ў стол.
— І ёсць дзяўчына, якой гэта прысвечана?
— Ёсць, але яна наўрад ці пра гэта здагадваецца. Проста пішу пра жыццё.
— А дзе запісваеш свае трэкі?
— На студыі ў сябра майго дзядзькі.
— Гэта дорага?
— Ён робіць для мяне бясплатна.
— Хацеў бы мець свой кліп?
— Хто б не хацеў! Аднак гэта каштуе нямала, я не магу сабе такога дазволіць. Часовыя фінансавыя цяжкасці.
— Дзе выступаеш?
— У школе, перад вучнямі і настаўнікамі.
— І настаўнікі слухаюць?
— Нават апладзіруюць, і часам стоячы.
— Якія музычныя інструменты прысутнічаюць у тваёй музыцы?
— Фартэпіяна, барабан, басы і гітара.
— Умееш іграць на гітары?
— Калісьці, як яшчэ жылі ў Віцебску, вучыўся іграць на гітары тры гады, але затым пераехалі ў Лепель. Тут працягваць вучыцца не атрымалася — месцаў не было, а потым неяк і сам закінуў гэтую справу.
— А чым яшчэ, акрамя рэпу, займаешся?
— У Віцебску спяваў у хоры, і вакалам займаўся, і на лыжках іграў. У Лепелі ж захапіўся маляваннем. Неяк звярнуўся ў раённы цэнтр дзяцей і моладзі да Ірыны Трубекі. Далі аловак, зрабіў накід — і мне сказалі, што прыняты. Яшчэ гуляю ў футбол.
— Вельмі падабаецца?
— Так, што аднойчы нават зламаў сабе нагу.
— Як ставяцца бацькі да твайго асноўнага хобі?
— А ведаеце, прыхільна, нягледзячы на тое, што самі не займаюцца і ад гэтага далёкія. Маці — швачка, тата — будаўнік. Яны кажуць, што чалавек павінен сам вызначыцца ў жыцці.
— Пра што марыш?
— Пра сцэну. Я люблю выходзіць на сцэну. Падабаецца гэтае трымценне, якое неўзабаве праходзіць, і ты ўжо адчуваеш сябе гаспадаром становішча, і чытаеш са сцэны рэп пра жыццё.
На здымку: юны рэпер Стас Храбто.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>