Раскопки на территории бывшего военного госпиталя в Лепеле

img_1731— Паведамляем, што на тэрыторыі былога ваеннага шпіталя 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён праводзіць раскопкі, знойдзены рэшткі некалькіх чалавек.
Такая інфармацыя не магла не зацікавіць, таму хутка накіраваўся на месца.
img_1739З публікацыяй успамінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны на старонках раённай газеты, у кнізе “Памяць. Лепельскі раён” ведаў пра тое, што на тэрыторыі былога ваеннага шпіталя ў даваенны перыяд стаяла вайсковая часць, а пад час акупацыі дзейнічаў лагер, дзе ўтрымліваліся палонныя партызаны і члены іх сем’яў. Часцей гэта былі простыя вяскоўцы, якія былі схоплены пад час карных аперацый. Нярэдкімі былі смяротныя пакаранні праз расстрэл або павешанне.
З развіццём глабальнай сеткі Інтэрнэт матэрыялы на гэтую тэму сталі з’яўляцца і на сайтах. У прыватнасці, на Lepel.by змешчаны ўспаміны жыхаркі мікрараёна Бяленіца Ганны Будкевіч, якая пасля вайны шмат гадоў адпрацавала буфетчыцай-афіцыянткай у сталовай шпіталя. Часткова і на іх грунтаваліся ваенныя археолагі, шукаючы месцы пахаванняў ахвяраў вайны.
Адшукаць месца раскопак было і складана, і проста адначасова. Зразумела, што фашысты не расстрэльвалі і не хавалі сваіх ахвяраў навідавоку, трэба было крыху заглыбіцца на тэрыторыю. Там, за апошнім лячэбным корпусам былога шпіталя, непадалёк ад цяперашняй вытворчай базы ў невялікім лясным масіве і выяўлена пахаванне. Для мяне пад час прыезду першым арыенцірам стаў аўтобус пошукавага батальёна, на якім, уласна, і прыехалі вайскоўцы. Прайшоўшы каля 50 метраў, знайшоў і саміх салдатаў.
Пад камандаваннем старшын Мікалая Еўтуха і Кацярыны Дабранскай працавала аддзяленне салдатаў тэрміновай службы. Хлопцы былі абутыя ў гумавыя боты, на руках — пальчаткі, твары прыкрытыя спецыяльнымі маскамі — усе нормы аховы працы пры падобных работах выконваліся.
— У старых пахаваннях могуць вельмі доўгі час знаходзіцца хваробатворныя бактэрыі, — тлумачыць Мікалай Аляксандравіч. — Тэарэтычна яны пры траплянні на цела чалавека могуць стаць узбуджальнікамі хвароб. За гады маёй службы не было ніводнага падобнага выпадку, але пільнасці, нягледзячы ні на што, мы не губляем.
Салдаты, размеркаваўшыся па месцах, спакойна і засяроджана працавалі. То вялікай рыдлёўкай адкідвалі зямлю, то, дабраўшыся да знаходак, бралі ў рукі маленькія савочкі, мяцёлачкі і акуратна, жменю за жменяй адкрывалі для сябе і для нас чарговую трагічную старонку гісторыі.
Шчыра прызнаюся, калі салдаты сталі даставаць з зямлі чалавечыя косткі, стала не па сабе. Іх акуратна абмяталі, адчышчалі, раскладвалі па пакетах. Рэшткі кожнага чалавека павінны быць складзены асобна.
Увесь час не пакідала адчуванне нерэальнасці, нават абсурду: свеціць сонца, наліваюцца зелянінай лісточкі, звіняць птушкі і разам з тым — смерць. Смерць, якая жорстка і назаўсёды забірае маладыя жыцці, адмаўляючы ў праве ўбачыцца хоць калісьці з блізкімі, роднымі, каханымі.
Маладыя салдаты спакойна, засяроджана робяць сваю справу. Яны няблага навучаныя, ведаюць, што і як трэба рабіць, балабольства не чуваць, усе размовы — толькі па справе.
— Хлопцы, мне, ды, мяркую, і большасці людзей, было б псіхалагічна цяжка займацца такімі археалагічнымі раскопкамі, падымаць даўно загінулых людзей.
— Такая наша служба, — адказвае яфрэйтар Іван Лаўрыновіч, — навучыліся, прывыклі. Кожны ведае сваю справу і робіць яе на належным узроўні. Мы абавязаны ўшанаваць памяць загінулых.
Між тым з зямлі вымаюцца парэшткі яшчэ аднаго чалавека. Старшына Еўтух іх аглядае і, складваючы косткі ў спецыяльны пакет, кажа:
— Па выяўленых знаходках можна меркаваць, што гэта быў мужчына маладых гадоў. Рэшткі абутку, вопраткі, вайсковага рыштунку даводзяць, што гэта быў чырвонаармеец. Увогуле, амаль усе выяўленыя рэшткі можна ідэнтыфікаваць як забітых салдатаў Чырвонай Арміі.
— Да якога перыяду вы можаце аднесці захаванне пачатку акупацыі ці ўсё ж такі бліжэй да вызвалення?
— Не магу дакладна вызначыць, рэчы, тканіна, абутак вельмі сатлелі за дзесяцігоддзі.
— Ці ёсць верагоднасць аднавіць хаця б адно імя з загінулых?
— Вельмі мізэрная, я б сказаў нулявая. Пры знойдзеных парэштках не выяўлена рэчаў, па якіх тым ці іншым чынам можна было б вызначыць імя. Бывала, што пры ранейшых мы знаходзілі эбанітавую капсулу з запісамі пра салдата. Удача, калі пры чалавеку знаходзяцца ўзнагароды, медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, ордэны. Савецкія ўзнагароды былі нумараваныя і ў штабах дакладна запісвалі, каму якая ўзнагарода ўручана. Пры такой знаходцы механізм пошуку імя просты: запыт у архіў — адтуль даведка, што ордэн, скажам, Чырвонай Зоркі быў уручаны 25 верасня 1943 года радавому 143 палка 95-й стралковай дывізіі Івану Іванову, прызванаму Лепельскім райваенкаматам у сакавіку 1941 года. Гэта для прыкладу. Яшчэ бывала, што знаходзілі асабістыя рэчы, падпісаныя іх уладальнікамі. Як правіла, гэта лыжкі, кацялкі, кубкі, салдаты нажамі або штыхамі драпалі на іх сваё імя, каб не пераблытаць.
Салдаты, знойдзеныя ў лесе за былым шпіталем, былі расстраляныя. Пра гэта сведчаць дзіркі ад куль у чарапах. Яшчэ знойдзены рэшткі металічнага калючага дроту, якім асуджаным на смерць звязвалі рукі. Пішу гэтыя словы і лаўлю сябе на думцы, што ад іх халадзее на душы.
Ад наступнай знаходкі становяцца яшчэ больш адчувальнымі жахі мінулай вайны. З ямы паднятыя парэшткі двух людзей. Паводле папярэдняга агляду, можна казаць, што гэта былі жанчына і трох-чатырохгадовае дзіця. Жанчына нібыта прыкрыла яго сабой. Зноў жа, ніякіх рэчаў, па якіх можна было б вызначыць імёны загінулых, не знойдзена.
Чаму расстраляныя пахаваны менавіта тут? — задаю сабе пытанне. І тут жа адказваю:
Акупанты не надта напружвалі сябе: дзе расстрэльвалі, там і закопвалі. А тут, на іх погляд, было самае зручнае месца. У памяшканнях вайсковай часці, якая стаяла тут перад вайной, яны размясцілі свае падраздзяленні, некаторыя прыстасавалі для ўтрымання зняволеных. А каб расстраляць, выводзілі сюды, адлегласць была ад 100 да 300 метраў. Да вайны тут былі два стралковыя ціры, дзе чырвонаармейцы і камандзіры вучыліся страляць. Яны былі спецыяльна абсталяваныя: абкапаныя высокімі землянымі валамі, каб кулі не выляталі. Доўгі цір — для стральбы з вінтовак і кулямётаў, кароткі — для стральбы з наганаў. Вось тут, у пісталетным ціры, і расстрэльвалі.
Чаму ж больш за 70 гадоў парэшткі расстраляных савецкіх людзей праляжалі тут, амаль пад бокам, і ніхто іх не знайшоў, не адкапаў, не аддаў апошнюю даніну павагі і памяці?
Мяркую, што ў дадзеным выпадку сышліся некалькі фактараў. Фашысты стараліся знішчаць і хаваць забітых у непрыкметных месцах. Але калі патрабавалася запалохаць насельніцтва, актыўна прымянялі і публічныя пакаранні. Па-другое, мясцовыя жыхары баяліся “праклятага месца”, звязанага са смерцю, стараліся лішні раз туды не хадзіць і нават не ўспамінаць пра яго. Ды і ўвогуле беларуская зямля дала спачын мільёнам ахвяраў, на Лепельшчыне дзясяткі пахаванняў салдатаў, партызанаў, мірных жыхароў, якія загінулі ад рук акупантаў і іх прыслужнікаў. У пасляваенны ж час было не да магіл: салдаты дабівалі фашысцкую гадзіну ў яе логаве, а затым усе сілы кінулі на адбудоўванне роднага краю з руін, на аднаўленне разбураных прадпрыемстваў, спаленых дамоў. Відавочцы крывавых злачынстваў фашызму сыходзілі ў іншы свет, паміралі ад ран. Яны не распавядалі жудасную гісторыю дзецям, бераглі іх.
У бліжэйшы час адбудзецца ўрачыстае перапахаванне знойдзеных парэшткаў. Загінулыя душы здабудуць вечны спакой. А людзям, якія жывуць цяпер і будучым пакаленням лепяльчан варта памятаць пра гэта, каб надалей трагедыя вайны ніколі больш не паўтарылася.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>