Второго июня свой профессиональный праздник отметят мелиораторы

img_2351КДУПМС “Лепельскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” — адно з самых важных прадпрыемстваў Лепельшчыны, з якім на працягу дзесяцігоддзяў былі звязаны лёсы тысяч лепяльчан і вяскоўцаў. Аднак мяркую, што калі чалавек усяго сябе аддаваў прафесіі, калі праца стала яго любімым заняткам, ён ніколі ўжо не стане “былым”.

img_2349— У цяперашні час на прадпрыемстве працуе 96 чалавек, — расказвае намеснік дырэктара ПМС Валянціна Рублеўская. — Выконваем работы на шэрагу аб’ектаў нашага профільнага і агульнабудаўнічага накірункаў.
Валянціна Іванаўна па праве можа назваць прадпрыемства меліярацыйных сістэм “сваім”, паколькі аддала працы на ім амаль 40 гадоў. Сёння не знойдзецца на прадпрыемстве чалавека з большым стажам, ды і ўвогуле няшмат працаўнікоў мае такі вялікі стаж, тым больш — у адным месцы.
Хоць будаўніцтва, рэканструкцыя, абслугоўванне меліярацыйных сістэм заяўлены галоўным накірункам дзейнасці прадпрыемства, фактычна на яго прыпадае менш за палову аб’ёмаў. Астатняя выручка атрымліваецца ад іншых работ і заказаў, якія меліяратары інтэнсіўна шукаюць па ўсіх накірунках.
— Для нармальнага функцыянавання прадпрыемства, выплаты заробку, уплаты падаткаў, збораў і ўзносаў у пазабюджэтныя фонды, для падтрымання тэхнікі ў спраўным стане нам трэба атрымліваць каля трох мільёнаў рублёў выручкі за год, — аналізуе Валянціна Іванаўна. — Сума не маленькая, таму і нам даводзіцца нямала працаваць, шукаць заказы.
Калі гаварыць пра аб’екты, звязаныя непасрэдна з меліярацыяй, на ПМС абавязкова ўспамінаюць тэрыторыю за аўтазаправачнай станцыяй у пачатку вуліцы Чуйкова. Там перад выдзяленнем участкаў для індывідуальнага будаўніцтва праводзіліся работы па пракладцы сістэм для выдалення залішняй вільгаці. Лепш працаваць на новым участку, чым рэканструяваць стары, лічаць меліяратары. Хаця, варта прызнаць, у большасці выпадкаў даводзіцца займацца менавіта рэканструкцыяй. Гэтаму ёсць лагічнае тлумачэнне. У 1960 — 1980-я гады ў БССР, і на Лепельшчыне ў прыватнасці, праводзілася вялікая работа па меліярацыі забалочаных земляў. Выбіраліся забалочаныя, парослыя чэзлым кустоўем участкі, каб потым на іх зрабіць урадлівыя палеткі. Аднак з тых часін мінула ўжо больш, як 40 гадоў, надышоў час рэканструкцыі такіх аб’ектаў.
Аднымі з першых сталі палеткі былога калгаса імя Чапаева (цяперашняга ААТ “Лядна”). Тры гады таму ў гаспадарцы правялі значную рэканструкцыю, прачысцілі старыя меліярацыйныя сістэмы і дзесьці праклалі новыя. У выніку на палях зніклі вымачкі, уся плошча акуратна засяваецца, тэхніка нідзе не прабуксоўвае.
Цяпер надышла чарга земляў былога калгаса імя Дзімітрава, раскінутых вакол вёсак Балотнікі, Стараселле і Забароўя — былой цэнтральнай сядзібы. Вёска Балотнікі ў цэлым апраўдвала сваю назву, пакуль там у 1979 годзе не з’явіліся меліяратары. Ля Забароўя яны працавалі ў 1982-ім, а ля Стараселля — у 1988 гадах. У выніку калгас дадаткова атрымаў 309 гектараў палёў.
Месяц таму меліяратары прыступілі да працы. Цалкам рэканструкцыя разлічана на два гады, увогуле ж плануецца выканаць работ на суму каля 303 тысяч рублёў.
— Што стрымлівае выканаць работы на аб’екце за адзін год?
— Па-першае, аб’ёмы. Вы толькі паспрабуйце абысці пешшу 309 гектараў. Адразу зразумееце, што гэта даволі вялікая плошча. А там яшчэ трэба правесці значны аб’ём работ — 11,4 кіламетра меліярацыйных каналаў. Іх ачышчаем спецыяльнай машынай ЭТЦ — экскаватар, які робіць схілы каналаў роўнымі і акуратнымі. Там некалькі дзясяткаў кіламетраў пракладзеных раней дрэнажных сістэм. Яны прамываюцца, ачышчаюцца ад глею, бруду і зямлі. Для гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльныя агрэгаты. Па шлангах пад напорам падаецца вада, якая вымывае трубы знутры. Яшчэ, паводле праекта, трэба пракласці 59 кіламетраў новых дрэнажных сістэм, месцамі замяніць старыя дрэнажныя ўчасткі.
Другі стрымліваючы фактар — сельгасработы, севазварот, які наладжаны ў сельгасарганізацыях. Там, дзе поле засеяна збажыной, не паедзеш з экскаватарамі і бульдозерамі. Мы яшчэ да пачатку работ узгадняем планы з земляробамі, дамаўляемся, каб на патрэбных участках ужо не было пасеваў, травы былі скошаны, каб не замінаць адзін аднаму.
На наступны дзень я пабываў у Забароўі, каб на месцы пазнаёміцца з меліяратарамі. Якраз раніцай прыбыла брыгада пад кіраўніцтвам прараба Аляксея Яршова. Раніцай праца пачынаецца прывычным рытуалам — запраўкай і аглядам тэхнікі. Трактары і бульдозеры на ноч не адпраўляюцца на базу, каб не дапускаць неабгрунтаванага прабегу тэхнікі і перарасходвання паліва, а пакідаюцца пад аховай у бліжэйшай вёсцы. Улучыўшы момант, пагутарыў з прарабам.
— Аляксей Аляксандравіч, з якімі цяжкасцямі сутыкаецеся, працуючы на дадзеным аб’екце?
— Прыблізна з такімі ж, як і на іншых. У першую чаргу — недакладнасці ў планах. Перад пачаткам работ я бяру планшэт, дзе намаляваны ўчастак са схемай дрэнажу, закладзенага раней. Аднак, разумееце, спачатку дрэнаж недакладна ўнеслі ў план, затым за 30-40 гадоў змяніўся рэльеф мясцовасці. У адным месцы грунт прасеў, у іншым — адбылося бакавое змяшчэнне. Асабліва рухомыя грунты на тарфяніках. Калі ў гліне ці пяску трубы ляжаць статычна дзесяцігоддзямі, то ў торфе зрушыцца могуць, напрыклад, ад праезду зверху цяжкага трактара або камбайна. Праходзім па ўсіх маршрутах, ускрываем калектары, калодзежы і робім прамыванне. Каля Забароўя, напрыклад, будзем прамываць не менш за 7,5 кіламетра дрэнажных сістэм.
— А хто з вашых работнікаў найбольш вызначаецца на дадзеным аб’екце?
— Усе выдатна працуюць, кагосьці асабліва адзначыць праблемна. На экскаватары SD-16, напрыклад, працуе Віталь Пліско. Ён сапраўдны майстар у сваёй справе і разам з тым адказны чалавек. Яго не трэба кантраляваць: раніцай даў заданне, а ўвечары прыняў — і ўсё будзе выканана на належным узроўні. На экскаватары ЭТЦ працуе Сяргей Барзілаў. Тэхніка засталася адзінай у вобласці, працуе амаль 30 гадоў, і ўвесь гэты час Сяргей Юр’евіч яе эксплуатуе. Васіль Мацкевіч — адзін са старэйшых работнікаў прадпрыемства, яму 61 год. Працуе памочнікам машыніста, займаецца ўкладваннем дрэнажных сістэм. На гэтым аб’екце — асноўная праца работнікаў.
Меліяратары наракалі таксама на каменне. Бывае, што тэхніка не вытрымлівае выцягваць з зямлі некаторыя экзэмпляры. Пры гэтым абавязкова трэба вытрымліваць глыбіню закладвання дрэнажных сістэм, іх нахіл, каб вада самацёкам перамяшчалася ў каналы.
Некалькі гадоў таму набыла актуальнасць і новая праблема — бабры. Распладзіўшыся, звяркі перакрываюць плацінамі рэчкі і каналы, падымаюць узровень вады і парушаюць натуральны вадаток.
— Ледзьве не да смешнага даходзіла, — успамінае Валянціна Рублеўская. — У пятніцу мы экскаватарам разбурылі плаціну, спусцілі ваду. У панядзелак вяртаемся — плаціна на месцы. Нават большая і мацнейшая, чым была. Звярнуліся ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас” і да спецыялістаў Лепельскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аднак пакуль што радыкальных зрухаў няма. Так і застаецца нам перыядычна аб’язджаць і разбураць плаціны.
Сваё прафесійнае свята меліяратары, нягледзячы ні на якія цяжкасці, сустракаюць у прыўзнятым настроі, з упэўненасцю глядзяць у заўтрашні дзень.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>