Мой прадед — мой герой

sm_full Напэўна, няма слова больш жорсткага і бязлітаснага, чым слова «вайна». Наша пакаленне не ведае ўсіх жахаў, якія давялося перажыць старэйшым людзям. Многіх з тых, хто мог бы расказаць праўду пра падзеі бясконца доўгіх 1418 дзён вайны, няма ў жывых. Але нам, якія жывуць ў дваццаць першым стагоддзі, трэба памятаць пра гэта і захоўваць у памяці для наступных пакаленняў, каб не дапусціць новай бяды.

Даўно адгрукацелі артылерыйскія кананады. Грозныя саракавыя гады адышлі ў летапіс. Вялікая Айчынная вайна — гэта гісторыя для нас, маладога пакалення, якое не бачыла тых жахаў. А былым франтавікам і зараз па начах сняцца атакі, салдацкія акопы, жорсткія баі. Мільёны людзей заплацілі жыццём за сённяшні дзень. Яны ішлі на смерць, каб мы маглі бачыць над сабой чыстае неба, каб маглі вучыцца і радавацца жыццю.
Няма ні адной сям’і, якую б не закранула вайна. Мой прадзед, Шнітко Ілля Паўлавіч, нарадзіўся ў 1912 годзе. Яго сям’я пражывала ў вёсцы Залессе, цяпер Баброўскага сельсавета. Сам працаваў механікам майстэрні ў мясцовым калгасе. Вельмі спраўны быў да тэхнікі. Усё разумеў і ўмеў рабіць. Цанілі Іллю Паўлавіча за залатыя рукі. Напачатку вайны яму было 29 гадоў, і ў яго ужо было дзве дачкі: Дзіна і Вера. Мая прабабуля, яго жонка, Шнітко Марыя Сцяпанаўна, праводзіла мужа на вайну. Ён трапіў служыць у 399 стралковую дывізію, так званую Віцебскую, якая ўваходзіла ў 1122 стралковы полк 4-й ударнай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Меў званне радавога. Калі яго часць праходзіла недалёка ад роднай вёскі, Іллю адпусцілі праведаць сям’ю. У сакавіку 1944 года нарадзілася яшчэ адна дачка Соф’я, якую бацька так і не пабачыў. Падчас баёў пад Каўнасам восьмага жніўня 1944 года Ілля Паўлавіч загінуў. Гэта здарылася паблізу вёскі Пашкішкі Пасваліскага раёна Каўнаскай вобласці. Пра гэта гаворыцца ў “пахаронцы”, якую дагэтуль захоўваюць у нашай сям’і.
У Інтэрнэце, на сайце даследчай групы “9 Мая”, мною былі знойдзены спісы воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Літвы, Карта памяці Літоўскай Рэспублікі, дзе адзначаны ўсе воінскія пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама воінскія могілкі і мемарыяльныя комплексы. Ёсць уліковая картка воінскага пахавання, якое цікавіла мяне, у якой пазначана, што на гэтых могілках пахаваны 172 воіны, якія загінулі ў ліпені-жніўні 1944 года ў бліжэйшых вёсках падчас Каўнаскай аперацыі, спісы загінулых, схема размяшчэння воінскага пахавання (фота са спадарожніка) г. Салачай Літоўскай Рэспублікі, фатаграфіі пахаванняў, мемарыяльных пліт, помніка.
На адной з фатаграфій пахаванняў я знайшоў імя і прозвішча свайго прадзеда.
Сёння яно занесена ў кнігу “Памяць” Лепельскага раёна.
Вайна пакінула вялікі след у кожнай сям’і. Дзеці пазбавіліся карміцеля сям’і і засталіся сіротамі, маці страцілі сваіх мужоў і дзяцей… Перамога дасталася вялікай цаной… Сёння ўсё далей і далей мы сыходзім ад ваеннай пары, але час не мае ўлады над тым, што перажылі людзі ў вайну. Іх подзвіг бессмяротны і будзе жыць у стагоддзях.
Я хачу плакаць, але не плачу. Я ганаруся прадзедам, таму што сваё жыццё ён аддаў за мяне, за такіх жа, як я, дзяцей. Я ганаруся сваімі землякамі, чые імёны высечаныя сёння на памятных гранітных плітах. Бо тым, што сёння над намі свеціць яркае сонца, рассыпаючы паўсюль залатыя пырскі прамянёў, што мы вучымся ў прасторных светлых класах, жывём ва ўтульных, добраўпарадкаваных дамах, бесклапотна гуляем, расцём, што, наогул, ёсць на свеце, мы абавязаны сваім дзядам.
Мой прадзядуля Шнітко Ілля Паўлавіч — мой герой і такім застанецца да канца майго жыцця.
Яўген Валадзько,
вучань 10 класа
Бароўскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>