Сильный характер ветерана

dsc_0026Вайна — страшнае слова. Яна забірае ў чалавека самае дарагое — жыццё. Наша пакаленне не зведала жаху той страшэннай Вялікай Айчыннай. Нам не давяло.ся бачыць смерцяў родных, блізкіх, знаёмых, чуць выбухі снарадаў.

dsc_0007Кожны савецкі салдат гераічна і самаахвярна змагаўся за сваю зямлю. Барацьба ішла за кожны дом, за кожную вуліцу. Вельмі шмат людзей загінула ў гэтай жудаснай вайне. Я ўпэўнена, што ў кожнага з нас у сям’і быў родны чалавек, які ваяваў на вайне. Чым далей бяжыць час, тым менш сярод нас застаецца сведкаў тых трагічных падзей. Аднак мы павінны памятаць, што дзякуючы таму пакаленню мы жывём у мірным часе, бачым, як развіваецца наша краіна.
Лёс Ісаака Эмануілавіча Прыцкера — такі ж, як і лёс усіх людзей таго пакалення. Яны сумленна жылі, беззапаветна служылі Радзіме, гадавалі дзяцей, падымалі краіну з разрухі і голаду.
Нарадзіўся ён у далёкім 1924 годзе ў Кіеве. У Лепельскі раён трапіў пасля вайны адразу з Берліна. Працягнуў службу ў Заслонаве. Ажаніўся на лепяльчанцы Валянціне, з якой пражылі 68 шчаслівых гадоў. Сем гадоў таму не стала Валянціны Яфімаўны.
Бацька працаваў на заводзе штампоўшчыкам, маці была хатняю гаспадыняю. Скончыўшы сем класаў, у 1939 годзе паступіў у спецыяльную артылерыйскую школу ў Кіеве, дзе выкладалі агульнаадукацыйныя дысцыпліны і ваенныя. Гэта было нешта накшталт сучасных сувораўскіх вучылішчаў. На лета выязджалі ў лагеры, якія месціліся за 30 кіламетраў ад Кіева. Ставілі там палаткі, у якіх жылі. 22 чэрвеня ўначы пачулі стрэлы, аднак не звярнулі ўвагі. Вырашылі, што проста ідуць вучэнні. Раніцой паведамілі, што пачалася вайна.
— Нам выдалі зброю. Немцы ў гэты час заслалі да нас парашутыстаў-дыверсантаў, якія рэзалі правады і здзяйснялі іншыя перашкоды. Наша задача была знішчаць гэтых дыверсантаў, — кажа ветэран. — Калі немцы падышлі да Кіева, нас пасадзілі на параход і адправілі ў Днепрапятроўск. Адтуль — у Харкаў, а потым — у Казахстан. Там дыслакавалася ўстанова, дзе я скончыў дзесяць класаў. Адбывалася гэта ў 1941 годзе. Потым, у 1942-м, выпускнікоў школы адправілі ў Разанскае артылерыйскае вучылішча, дзе і атрымаў званне лейтэнанта. Разам з іншымі хлопцамі нас накіравалі на Заходні фронт, за Смаленск, дзе я быў камандзірам узвода.
Ісаак Эмануілавіч з’яўляецца ўдзельнікам вызвалення Беларусі, у прыватнасці горада Мінска.
— У той час, як уварваліся ў Мінск, я быў камандзірам батарэі. Мы падбілі некалькі танкаў, а астатнія адступілі. Бой завязаўся каля Дома афіцэраў, які адзіны быў на той час цэлы. Сама сталіца знаходзілася ў такіх руінах, што немагчыма было праехаць. Фашысты спрабавалі прарвацца. Было гэта на заходняй ускраіне сталіцы. Я, як камандзір батарэі, прыказаў адкрыць агонь. Нашы панеслі страты, аднак у немцаў яны былі большыя. Не забываюцца жахлівыя карціны вызвалення Магілёва, машыны ехалі па трупах. Вельмі цяжкія і працяжныя былі баі, шмат страт прынеслі нашаму народу, — распавядае ветэран.
Ісаак Эмануілавіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны I ступені. Дзень Перамогі сустрэў у званні капітана і на пасадзе начальніка разведкі артылерыйскай дывізіі. Іх фарміраванне стаяла на ўскраіне Берліна. Памятае, як зараз, сустрэчу з амерыканцамі на рацэ Эльбе.
Захаваліся восем удзячнасцяў Сталіна за разгром усходне-прускай групоўкі нямецкіх войскаў на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга, за авалоданне горадамі Аленштайнам, Віленбергам, Хайлігенбайлам, Браўнсбергам і Артэльсбургам, за акружэнне і ліквідацыю групы нямецкіх войскаў на паўднёвым усходзе ад Берліна і іншыя, шмат грамат і ўзнагарод раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
Пасля вайны служыў у Заслонаве, Слоніме, Ваўкавыску, Гродне, Бабруйску, Старых Дарогах. І нават на Курыльскіх астравах — два гады.
— Пасля смерці Сталіна пачалася дэмабілізацыя. Я прыехаў па месцы жыхарства жонкі, у нас ужо было двое дзяцей. Пайшоў у Чашніцкі райкам партыі, дзе і ўладкаваўся інструктарам. Камуністаў пачалі накіроўваць у калгасы. У ліку 30 тысяч чалавек быў і я. Стаў старшынёй калгаса “Зара” ў Чашніцкім раёне. 20 гадоў адпрацаваў на гэтай пасадзе. Калі пачынаў дзейнасць, было 90 кароў. За перыяд працы павялічыў пагалоўе да 600. Па стане здароўя пакінуў калгас. Прапанавалі пасаду дзяржаўнага інспектара па закупках і якасці сельгаспрадуктаў спачатку ў Чашніцкім раёне, потым — Лепельскім. У гэты час я ўжо быў аграномам, скончыў Лужаснянскі тэхнікум з чырвоным дыпломам і Горацкую акадэмію. На пасадзе інспектара працаваў да пенсіі. Сорак восем гадоў налічвае працоўны шлях ветэрана.
Не сумуе і на пенсіі паважаны чалавек, актыўна выступае перад моладдзю, ды і школьнікі самі не забываюць дарогу да дома ветэрана, віншуюць са святамі. Статны, падцягнуты, адчуваецца вайсковая выпраўка, якая выпрацавалася яшчэ ў дзяцінстве.
Ісаак Эмануілавіч мае трох сыноў, пяць унукаў і дзесяць праўнукаў. Сын Юрый — ваенны, падпалкоўнік, быў начальнікам заставы, узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Не старэе душой ветэран, падпалкоўнік і зараз захоўвае бадзёрасць духу і аптымізм. Любіць пазавіхацца на прысядзібным участку і ў садзе.
Лічыць, што трэба ўвесь час чымсьці займацца. “Пакуль рупішся, датуль жывеш”, — лічыць Ісаак Эмануілавіч. Не забывае ветэрана і мясцовая ўлада. Райвыканкам заўсёды дапамагае. У доме праведзены водаправод і каналізацыя, ёсць усе выгоды.
Задумалася, што мы, унукі і праўнукі, павінны зрабіць для ветэранаў? Паважаць, аберагаць, дапамагаць тым, хто побач. I, канечне, свята шанаваць памяць пра тых, хто аддаў жыццё за мір у свеце, каб слава іх подзвігаў не пацямнела ў стагоддзях.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>