Пшаніца на Цаліне

На палях ААТ “Лядна” вядзецца масавая ўборка каласавых збожжавых культур. У нядзелю ўжо а дзясятай гадзіне раніцы пачало прыпякаць, пяць камбайнаў выправіліся з мехдвара гаспадаркі на поле пад назвай Цаліна. Калісьці прасторы ад лядненскай Слабодкі да возера Азерцы былі забалочаныя, парослыя кустоўем ды чэзлым лесам, і называліся яны Лядамі. Вяскоўцы з тых Лядаў мелі карысці няшмат, хіба што алешнік секлі на дровы.

У канцы 50-ых – пачатку 60-ых гадоў на масіве правялі меліярацыю, кустоўе выкарчавалі і атрымалася самае шырокае ў гаспадарцы поле, каля ста гектараў, за што ў народзе і празвалі яго Цаліною.

 Па аднаму камбайны пад’язджаюць да ўскрайку поля. Дні тры таму на ім праводзілі пробнае камбайнаванне, абжалі па перыметры, намалацілі са тры бункеры. З кабін выходзяць Сяргей Ма­ліноўскі, Віктар Акуліч, Аляксандр Багдановіч, падыходзіць галоўны аграном “Лядна” Уладзімір Кудзін, завязваецца гутарка. Асноўная тэма – як лепей адбіваць новую загонку, бо тут ёсць участак з элітнымі пасевамі, якія патрэбна пакінуць на насенне. Паступова гутарка перарастае ў спрэчку, бо кожны суразмоўца мае багаты хлебаробскі досвед, сваё бачанне, як лепей рабіць справу. Адно несумненна – кожны шчыра балее за даручаную справу, стараецца адпрацаваць на вынік. Нарэшце, прыйшлі да агульнай згоды, аграном сеў у кабіну першага камбайна, каб самому быць пры першым заходзе.

 На ўзмежку засталіся два МАЗы ў чаканні напаўнення першых бункераў і дзяжурная пажарная машына. Іван Сільвановіч увесь свой працоўны шлях звязаў з ААТ “Лядна”, кіруе аўтамабілямі больш за дзесяць гадоў.

 — Як машына?

 — МАЗу чатыры гады, пяты пайшоў. Атрымліваў яго новым, сам на ім і працую, нікому не давяраю.

 — Грузападымальнасць?

 — У кузаў і прычэп змяшчаецца па два бункеры зерня. Ёмістасць бункера КЗС-10 – пяць тон,а КЗС-1218 – даходзіць да шасці. Лічы, за рэйс вывожу да 22 – 24 тон.

 — Цяжка даводзіцца?

 — Нармальна. Зараз, зранку, пакуль намалоцяць першыя бункеры, ёсць час для адпачынку. А пасля, як пойдуць намалоты, — толькі паспявай круціцца. Пры высокай ураджайнасці нават не паспяваем рабіць рэйсы. Самая галоўная цяжкасць – спёка, духата. Нам, вадзіцелям, яшчэ больш-менш прымальна, праз адчыненыя вокны ветрыкам абдзімае. У новых камбайнах камфортна, кандыцыянеры працуюць. А вось у Віці Акуліча – не здолелі адрамантаваць да жніва, то ў яго кабіне – сапраўдны прыпар.

 Улучыўшы хвіліну, спытаў у Віктара.

 — Так, — пацвердзіў ён, — перад жнівом прыязджалі спецыялісты, праверылі камбайны. Мой не змаглі заправіць фрыёнам, так і паехалі.

 Тым часам камбайны зрабілі першы круг, выставілі шнэкі, сігналізуючы, што бункеры напоўненыя. Іван Сільвановіч і прыкамандзіраваны з КУВП “Бароўка” Андрэй Грак на МАЗах прымалі збожжа новага ўраджаю.

 Улучыўшы хвіліну, пагутарыў з галоўным аграномам.

 — Камбайнерам належыць зжаць 540 га азімых і 300 га яравых. За тры дні зжаты 154 гектары пшаніцы. Сярэдняя ўраджайнасць — каля 30 – 35 цэнтнераў з гектара.

 — Убралі азімы рапс са 160 гектараў. Ураджайнасць – 18 ц/га. Здалі 90 тон дзяржазаказу па цане 3100 тысяч за зерне першага класу. І яшчэ каля 100 тон здадзім звыш таго па дагаварной цане.

 — Як доўга будеце абмалочваць гэта поле?

 — Плошча Цаліны каля ста гектараў, атрымліваецца дзесьці па 20 га на камбайн – добрая дзённая нагрузка. Так што, думаю, за дзень тут управімся, а заўтра са спакойнай душой возьмемся за поле наступнае.

 — Якая, па вашых меркаваннях, ураджайнасць на Цаліне?

 — З Сяргеем Маліноўскім праехалі першы круг. Камп’ютар паказаў, што зжата 1,3 гектара, ёмістасць бункера шэсць тон – лічыце.

 Нескладаныя падлікі на калькулятары паказалі, што поле дало ўраджайнасць 46,1 цэнтнера з гектара!

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Сяргей Маліноўскі і Уладзімір Кудзін.

Фота аўтара.

P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што пяць камбайнаў за дзень зжалі прымеркаваныя да ўборкі 80 гектараў пшаніцы, пакінулі толькі гектараў 20 эліты на насенне, сажнуць іх крыху пасля. Намалацілі больш 300 тон збожжа пшаніцы. Сярэдняя ўраджайнасць атрымалася каля 38 цэнтнераў з гектара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>