Будни Полсвижского детского сада на Лепельщине

img_8613У пакой, дзе гулялі дзеці са старэйшай групы Поўсвіжскага дзіцячага сада, зазірнуў усяго на хвіліначку. І пакуль наводзіў аб’ектыў фотаапарата, у мой бок скіраваў прыгожы бэзавы самалёт. За штурвалам быў адважны хлопчык. Ад неспадзяванкі я нават не скеміў запытацца, як завуць таго хлопчыка-лётчыка. Але мне вельмі спадабавалася яго крылатая машына. Ну, проста супер-тэхніка! Пахваліў самалёт, і да мяне тут жа рынуліся астатнія дзеці хваліцца сваімі цацкамі: хто — лялькаю, хто — домікам, хто — пушным звярком. І заадно расказвалі, кім яны будуць, калі вырастуць. Выхавальніцы адышліся ўбок і не заміналі нашаму спантаннаму дыялогу. А напрыканцы мы сфатаграфаваліся на памяць, дакладней, я іх, маленькіх фантазёраў і летуценнікаў, злавіў у аб’ектыў. Бачыце, якія яны шчаслівыя і радасныя?!
З пачатку гэтага навучальнага года (які ўжо можна назваць мінуўшым) у дзіцячым садзе новая загадчыца — Марына Кіселева. Марына Пятроўна родам з Пышна, жыве ў Поўсвіжы. Мае вышэйшую адукацыю, выкладала гісторыю ў ліцэі, а зараз вось у новым амплуа. Хаця і з працаю ў дашкольнай установе таксама знаёмая, бо яшчэ ў студэнцкія гады падпрацоўвала ў дзіцячым садзе ў Стаях.
Ну, а ў якасці загадчыцы, прызнаецца, па першым часе было цяжкавата. Што ні кажы, а вялікая адказнасць легла на яе плечы, і ўсё трэба самой — наладжваць стасункі з рознымі арганізацыямі, дабівацца, даставаць. Афіцыйнага спонсара ў іх няма, аднак, ніхто не адмаўляе ў дапамозе. Агароджу, якая была, пафарбавалі. І яшчэ прасілі лясгас, каб дапамог абгарадзіць гаспадарчы двор. Не адмаўляе і мясцовае сельгаспрадпрыемства: то пяску прывязуць, то чарназёму, увосень, можна спадзявацца, дапамогуць зернем. А гэта ўжо фінансы.
— Стараемся не абцяжарваць бацькоў грашовымі зборамі, хіба што на цацкі сабралі, — кажа Марына Пятроўна, — імкнемся абысціся сваімі сродкамі. Вось металалом здалі на перапрацоўку. Будзем збіраць і макулатуру, хаця з яе і невялікі навар, а ўсё ж.
img_8607Ёсць у новай загадчыцы рыса, каштоўная не толькі для педагога, а ўвогуле важная для кіраўніка. Яна — абаяльная, і ведаеце, у чым гэта праяўляецца? У шчырасці. Такія людзі выклікаюць давер, з імі прыемна гаварыць, а гэта надзвычай важна.
А ў пачатку гэтага месяца надарылася ў жыцці ўстановы, можна сказаць, знакавая падзея — адкрылася другая дзіцячая група. Такім чынам, сельскі дзіцячы сад узбуйняецца. Згадзіцеся, сапраўды падзея не шараговая. Мы прывыклі ўжо, што ў вёсцы дзяцей становіцца ўсё меней, навучальныя ўстановы драбнеюць, а то ў і ўвогуле зачыняюцца, а тут раптам… Некалькі гадоў таму ў Поўсвіжскім дзіцячым садзе былі дзве групы, а потым дзяцей паменела, адна група закрылася, і ўжо казалі, што ніколі былое не вернецца. А тут вось яно як усё перакруцілася.
Справа ў тым, што не толькі вырасла колькасць мясцовых, але і сталі сюды аддаваць сваіх дзяцей і жыхары Лепеля. А што ж, вёска прыгарадная, вазіць сюды — бадай тое ж, што і на якую гарадскую ўскраіну. І арганізавалі штодзённы падвоз дзяцей з горада. Аўтобус адпраўляецца ад магазіна “Хатні” ў сем гадзін сорак хвілін і яшчэ няма васьмі, як дзеці прыбываюць на месца. Назад жа ў горад аўтобус вязе дзяцей а палове на шостую вечара. У гэты час ужо бацькі вяртаюцца з работы і забіраюць іх прама з аўтобуса. Зручна. Суправаджаюць дзяцей у рэйсе выхавальнікі, і бацькі заўсёды ведаюць, хто гэта дакладна.
Праўда, існуе пэўны псіхалагічны бар’ер: некаторыя думаюць, што ў горадзе мёдам намазана і выхаванне тут больш якаснае. Я заўсёды быў перакананы, што ў маленькім калектыве дзіця ў большым доглядзе, і навучыць яго можна зусім не горш, і выхоўваць прасцей. Адна справа, калі пад тваім патранажам дванаццаць-трынаццаць чалавек, як зараз у Поўсвіжы, і зусім іншая, калі колькасць дзяцей у групе зашкальвае, а якасць выхавання залежыць у першую чаргу ад саміх выхавальнікаў. І ў Поўсвіжы яны ніколькі не горшыя, чым у гарадскіх садах. Тут дзеці маюць магчымасць займацца музыкай, фізкультурай. Сюды на святы прыязджаюць самадзейныя артысты, прынамсі, з цэнтра дзяцей і моладзі. А з наступнага верасня запрацуе лагапедычная група.
img_8616У групе ж, якая адкрылася, усё рабілі з нуля: памянялі электраправодку, пераклеілі, пафарбавалі ў памяшканні. Закупілі мэблю — крэслы, сталы, ложкі, падушкі, камплекты для гульняў. Дапамог аддзел па адукацыі райвыканкама.
Ацяпляе дзіцячы сад свая кацельня, з палівам перабояў няма, і можна заўсёды рэгуляваць тэмпературны рэжым. У сталовай працуе вопытны повар, якая гатуе ўжо не адзін дзясятак гадоў для маленькіх дзетак, і гатуе смачна.
— Сорамна прызнацца, — кажа загадчыца, — мой сын таксама займаецца ў нашым садзе, дык па выхадных просіць “садзікаўскіх катлетак” курыных. Хаця і сама я, здаецца, неблагая кухарка, а вось так, даводзіцца пераймаць вопыт.
У перспектыве бліжэйшай тут мараць зрабіць на дворыку “альпійскую горку” і спадзяюцца, што мара збудзецца.
Дасягнуць чагосьці вартага можна толькі тады, калі ставіць рэальную мэту і крок за крокам няўхільна набліжацца да яе.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: у Поўсвіжскім дзіцячым садзе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>