Знает компьютер и любит людей

img_7725 Сапсаваўся камп’ютар. Дзе адрамантаваць? Не дай вам Бог такога клопату. Добра, калі хатні камп’ютар — для гульняў і задавальнення, а калі ён патрэбен для працы. Ну, проста нявыкрутка. І да каго звярнуцца? Прафесійных майстэрняў у нашым горадзе практычна няма. Дыягностыку нармальную зрабіць некаму. А калі хто больш-менш дасведчаны і возьмецца за гэтую складаную справу, дык каштаваць табе будзе столькі, што купіш новы сістэмнік. Везці на дыягностыку ў Мінск не ў кожнага ёсць магчымасць. А калі яшчэ жывеш у вёсцы і без уласнага транспарту, вазіцца з сапсаваным камп’ютарам — сапраўднага гора сербануць.

Знаёмыя параілі звярнуцца да Дзяніса. Нават і прозвішча яго не назвалі. Ведаў толькі, што працуе у “Беларусбанку”. І вось Дзяніс рамантуе маю капрызную тэхніку. Не думаў, што камп’ютары бываюць такімі капрызнымі і каварнымі — ну, зусім як людзі. Стараецца-стараецца незнаёмы мне хлопец, а хітры сістэмнік толькі пасмейваецца з нас. У яго, у майстра, на стале ён паслухмяны, як міленькі працуе, як часікі, ніводнага збою. Калі ж толькі дадому вяртаецца, як чары якія нападаюць. Завісае і адключаецца ў самы непадыходзячы момант. І тэксту не паспееш захаваць.
Вазіўся з маім капрызным сістэмнікам Дзяніс цярпліва і скрупулёзна. Іншы б ужо даўно кінуў ды “параіў” на агарод выкінуць. А ён, малайчына, усё стараўся, дакопваўся да ісціны. А калі ўжо нясцерпна стала, сам прыехаў да мяне дадому “здымаць чары”. І — зняў, усё ж такі дакапаўся, знайшоў прычыну.
Вось тады мы і пазнаёміліся. Але я ў той час не ведаў, што мяне чакае яшчэ адзін сюрпрыз.
Аднак пра ўсё па парадку. Я думаў, што ён расіянін, бо казалі, што нарадзіўся на Поўначы. Яно так і было. Радзіма Дзяніса Сухарукава — за палярным кругам. Нарадзіўся ён у горадзе Кіраўску, а дзяцінства прайшло ў Апатытах. Аднак сам ён… беларус. Бацька лепельскі, маці — з Полаччыны. На крайнюю Поўнач паехалі, як тады казалі, “за доўгім рублём”. Аднак рубель той аказаўся незайздросным. Бацька працаваў падрыўніком у шахце, патрабаванні да здароўя былі надзвычай строгія, і неўзабаве ўрачы камісавалі маладога яшчэ работніка, у якога былі праблемы з сэрцам. На адну зарплату маці-повара пражыць было цяжка. А поўнач ёсць поўнач. Ні агарода няма, ні гаспадаркі. Адны марошка ды грыбы ў лесе. Вось калі стаў Дзяніс заўзятым грыбніком. З таго часу хлебам не кармі, дай па лесе пабегаць. Бацька быў заядлым рыбаком, на Белым моры і селядцоў, і траску лавіў.
Бацькі сабраліся вяртацца на радзіму. Чакалі толькі, пакуль сын дзевяць класаў закончыць, каб ужо з рускай школы на беларускую не зрываць. І калі хлопец скончыў школу, урэшце пераехалі ў Лепель. Дзяніс паступіў у Віцебскі політэхнічны тэхнікум, які, дарэчы, закончыў з адзнакай. Вучыўся па спецыяльнасці “праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” і ўрэшце стаў тэхнікам-праграмістам. Хацеў вучыцца і далей у БДУіР, але не хапіла паўбала, каб паступіць. Пакуль што пра вышэйшую адукацыю давялося забыць, бо наперадзе чакала армія. Пайшоў у ваенкамат, там прапанавалі вучыцца на шафёра. Служыў у Бароўцы ў батарэі артылерыйскай разведкі. А пасля арміі ўладкаваўся на прыватнае прадпрыемства. Выпускалі будаўнічыя блокі.
Дзяніс працягваў свой расповед, гаварыў ахвотна і вобразна. Проста не верылася, што размаўляю з “цехнаром”, а не з гуманітарыем. Прыемная нечаканка здарылася, калі пачаў расказваць, як трапіў на працу ў банк. Аказваецца, параіў сябар, Максім Буйніцкі, які на той час тут працаваў.
Максім Буйніцкі? Ці не той самы… Калі быў маладзейшым, у маім жыцці надарылася вельмі прыемнае знаёмства. Пайшоў аднойчы ў СШ №1 пісаць пра дзясяты клас. Пазнаёміліся і — пасябравалі. Ды — на доўгія гады. Неверагодна! Я ніколі не бачыў раней такога дружнага класа і не ведаў яшчэ падобнага прыкладу, каб аднакласнікі пасля заканчэння школы доўгія гады разам ішлі па жыцці. Лёшка Мельнікаў і Лёшка Бягеза, Сяргей Пахомчык і Максім Багдановіч, Андрэй Мільчанін, якога ўжо, на жаль, няма. Гэта была адна тусоўка. І яна спакваля разрасталася. Да неразлучнай падлеткавай кампаніі неўзабаве далучыліся іншыя хлопцы, іх равеснікі: Максім Буйніцкі, Дзяніс Каваленка, Саша Дудо, Паша Шыкшнян, пасля — Паша Занько. Пазнейшых я ўжо нават усіх і не ведаў, як і не ведаў Дзяніса Сухарукава, які, аказваецца, таксама быў разам з нашымі сябрамі. Хлопцы разам займаліся спортам, падарожнічалі, дзяліліся жыццёвымі радасцямі і перажывалі гора. Гулялі адзін у аднаго на вяселлях, і ніколі не забуду, як мы ўсе разам сабраліся на хаўтурах, калі не стала нашага слаўнага сябра Андрэя Мільчаніна.
Прайшлі гады. Жыццё раскідала маіх юных сяброў па розных гарадах і нават краінах. Напрыклад, Лёшка Мельнікаў жыве аж у Ізраілі. Дый зараз хлопцам ужо амаль пад сорак, якія ўжо там юныя. Паслаблі крыху нашы сувязі, сталі радзейшымі сустрэчы. Многія — Лёша Бягеза, Дзяніс Каваленка, Саша Дудо, Максім Буйніцкі — жывуць у Мінску. І там яны, ведаю, сустракаюцца і па-ранейшаму сябруюць. Вось што значыць сапраўдная школьная хлапечая дружба…
Дык вось, аказваецца, у нас агульныя сябры. Дзяніс Сухарукаў так і застаўся ў “Беларусбанку”, дзе, між іншым, спаткаў сваё асабістае шчасце. Сустрэў будучую жонку Ірыну. Амаль пятнаццаць гадоў жывуць разам. Сыну Раману ўжо трынаццаты год. Шустры, рахманы. Займаецца ў секцыі таэквандо і мае сіні пояс. Літаральна на днях вярнуўся са спаборніцтваў, дзе заняў першае месца.
Дзяніс можа расказваць пра сына бясконца. Адчуваеш, як моцна любіць ён свайго Ромку. Возіць яго ўсюды. Ездзілі з сям’ёю адпачываць у Турцыю і на Кіпр, у Грузію і Чарнагорыю, былі на Крымскім паўвостраве. Сёлета збіраюцца на Нарач, у санаторый “Спадарожнік”.
— Кім жа хоча быць твой Ромка? — пытаюся.
— А Бог яго ведае, — смяецца шчаслівы бацька, — і ў АМАП хацеў, і ў Сувораўскае. Днямі былі ў бальніцы — захацеў стаць хірургам. А ўжо і сапраўды неўзабаве трэба вызначацца з прафесіяй, бо гады пралятуць неўзаметку. Ён хутчэй за ўсё не будзе “цехнаром”, а будзе гуманітарыем.
Ну а сам Дзяніс урэшце ўсё ж атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю. Завочна закончыў Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж. Праца ў банку падабаецца і яму, і Ірыне. Ды важна, каб была перспектыва росту і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Вунь Максім Буйніцкі ізноў кліча — на гэты раз у Мінск. А яны з Ірай раздумваюць. Бо, з аднаго боку, у сталіцы, можа, большыя магчымасці і перспектывы, а з другога — няпроста так вось узяць ды сарвацца з наседжанага гнязда, пакінуць горад, які даўно ўжо стаў запалярнаму госцю новай радзімай.
Зрэшты, па-мойму, Дзяніс усюды сябе знойдзе і рэалізуе, і паўсюдна яму будзе добра. Бо любіць ён не толькі свае камп’ютары, а і людзей. А гэта вельмі важная рыса характару.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>