Судьба, опаленная войной

dsc_0002 Мы павінны ганарыцца роднымі, землякамі, якія ўнеслі ўклад у Вялікую Перамогу, захоўваць памяць пра іх. Моладзі трэба распавядаць пра гісторыю, выхоўваць пачуццё гонару за краіну. Ветэранаў з кожным годам застаецца ўсё менш. Важна акружыць іх пастаяннай апекай і клопатам. Вельмі прыемна бачыць, што і моладзь не застаецца ў баку: дапамагае ветэранам справай і словам. А што ў сталым узросце трэба? У першую чаргу — простая чалавечая ўвага.

dsc_0004Валанцёрскі атрад “Міласэрнасць” аграрна-тэхнічнага каледжа ўжо на працягу пяці гадоў робіць добрыя справы, не патрабуючы за гэта аплаты. Быць валанцёрам — гэта значыць удзельнічаць у сацыяльна важных праектах, якія робяць наша жыццё лепшым, гэта лад жыцця сучаснага маладога чалавека.
Усе ўдзельнікі атрада — актывісты. У іх адчуваецца запал, ініцыятыўнасць, энергічнасць, працавітасць. Як кажа кіраўнік атрада Таццяна Гольдзіна, моладзь гатова дапамагаць ветэранам, інвалідам, пенсіянерам па гаспадарцы. Не трэба іх угаворваць прыбраць каля дома, скласці дровы ці зрабіць іншую работу. Не шкадуючы свайго вольнага часу, яны адгукаюцца і ў выхадныя, каб выканаць любую просьбу.
З асаблівым хваляваннем валанцёры дапамагаюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. На гэты раз давялося іх сустрэць у доме Івана Сяргеевіча Баса. Весела і з энтузіязмам рабілі рамонт на верандзе і ў калідоры Мікіта Панкратаў, Яраслаў Сергіёнак, Уладзіславы Шавалда і Міхаль, Вераніка Пліско і Валерыя Шадзько, навучэнцы групы 268с, пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Таццяны Шарапавай. На час майго наведвання яны ўжо паспелі зняць са сцен старыя шпалеры і пакрыццё са столі, пачысціць іх спецыяльнымі інструментамі. У планах — за некалькі дзён усё пафарбаваць, зрабіць касметычны рамонт. Трэба адзначыць, што гэтыя навучэнцы атрымліваюць у каледжы спецыяльнасць “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Для іх такая работа — добрая практыка і адначасова карысная справа.
* * *
Шмат давялося зведаць Івану Сяргеевічу ў час вайны, як і ўсім, хто прайшоў тымі жахлівымі сцежкамі. Сустрэў вайну ў Сталінградзе. Часу на доўгую вучобу не было, правялі паскоранае навучанне, атрымаў лёгкі танк Т-70 і адразу накіраваўся на фронт.
…Рота савецкіх танкаў пайшла ў атаку. Аднак у адкрытым баі вялікіх шанцаў нашы салдаты не мелі. Калі дайшлі да чыгункі, убачылі, што яе ўжо фашысты разграмілі, не пакінулі ні аднаго цэлага танка. Толькі і паспеў Іван Сяргеевіч выскачыць з палаючай машыны. Што далей рабіць, не ведаў. У якім накірунку ісці ды яшчэ параненаму? Узяў у рукі гранату на ўсялякі выпадак і вырашыў, што як бы ні адбываліся падзеі, жывым не здасца. Аднак пашанцавала — сустрэў нашых, якія і прывезлі да шпіталя.
Некалькі месяцаў знаходзіўся на лячэнні ў Саратаве. Пасля выздараўлення накіравалі ў Сталінград. Служыў у васямнаццатай танкавай брыгадзе трэцяга гвардзейскага танкавага Кацельнікаўскага Чырванасцяжнага ордэна Суворава корпуса.
Пазней адправілі ў трафейную роту, там і сустрэў Перамогу.
Вялікае жаданне было вучыцца пасля вайны, аднак добрага байца Івана Баса са службы не адпусцілі. Накіравалі ў Германію, дзе кіраваў дэмантажнай ротай. Даводзілася разбіраць заводы, якія потым адпраўляліся на тэрыторыю Савецкага Саюза.
Толькі ў 1946 годзе вярнуўся на радзіму. Працаваў начальнікам аўтаслужбы трэцяга танкавага палка Лепельскай дывізіі, механікам, ваенруком і на іншых пасадах.
Сустрэў і сваю каханую, з якой пражылі разам у шчасці 65 гадоў. З Надзеяй Цярэнцьеўнай сустрэліся на танцах у 1947 годзе. Не доўга сустракаліся, хутка пажаніліся, бо быў кадравым ваенным. Пасля Перамогі застаўся ва Узброеных Сілах. Трапіў у Лепель. Сустрэча адбылася перад чарговай зменай месца службы. І паехала з ім жонка па ўсім Савецкім Саюзе. Шмат гарадоў і краін пабачылі.
Службовы стаж у ваенных кароткі. Як толькі пайшоў Іван Сяргеевіч на пенсію, жонка прапанавала пераехаць у Лепель. Сама ўладкавалася на працу ў СШ №3 у канцылярыю, а ён — выкладаць ваенную справу. Некалькі гадоў таму не стала Надзеі Цярэнцьеўны.
Не забываюць навучэнцы ветэрана, наведваюць яго, дапамагаюць добрымі словам і справай. І гэта пераемнасць пакаленняў не павінна спыняцца. Мудрыя сталыя людзі, якія прайшлі суровымі шляхамі жыцця, сваімі гісторыямі з мінулага выхоўваюць у моладзі патрыятызм, павагу да гісторыі і старэйшага пакалення.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: працуюць валанцёры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>