Героическое сопротивление

bandarenkaУ тыле ворага
— Вайна прыйшла ў Аношкі ў пачатку ліпеня 1941 года ў выглядзе немцаў, якія заехалі ў населены пункт на аўтамашынах, матацыклах, — успамінаў мясцовы жыхар Мікалай Пшонка. — Гітлераўцы зрабілі невялікі прыпынак, прывал якраз пасярэдзіне вёскі ля калодзежа, вада ў якім была вельмі чыстая і халодная, нібыта крынічная. Наталілі смагу, ачуліся ад летняй спёкі. Потым з задавальненнем аглядалі прыгожыя навакольныя прасторы, цудоўныя прыродныя краявіды, узбярэжжа маляўнічага ляснога возера Оч, якое раскінулася ўздоўж Аношак. Настрой у фашыстаў быў добры. Яны ўсміхаліся, бадзёра перагаворваліся паміж сабой. Вайна пакуль для іх была вельмі паспяховай.
Адзін з немцаў рэзка выдзяляўся сярод іншых, паколькі быў зусім не голены. Яго твар пакрывала густое чорнае шчацінне. Але тым не менш ён задаволена ўсміхаўся і гучна крычаў некаторым вяскоўцам, якія, убачыўшы лагодны настрой гітлераўцаў, насцярожана назіралі за імі з-за парканнікаў і з вокнаў хат.
— Москаў! Фарен Москаў… — ён даў сабе зарок пагаліцца, прывесці ў парадак свой твар толькі тады, калі яны захопяць Маскву.
Нарэшце фашысцкі афіцэр выгукнуў каманду збірацца, працягваць шлях далей. Варожыя салдаты шпарка занялі свае месцы ў машынах, матацыклах. Вайсковая калона, узнімаючы густыя белыя клубы пылу, рушыла па прасёлкавай дарозе ў бок Лепеля.
Франтавыя часці гітлераўцаў пакаціліся далей на ўсход, дзе іх чакалі жорсткія баі і халодная зіма 1941-1942 гадоў, калі ў некаторыя дні і ночы слупок тэрмометра ўшчыльную набліжаўся да адзнакі 40. Як вынік — сакрушальны разгром фашыстаў пад Масквой, які стаў карэнным паваротам у ходзе ўсёй Вялікай Айчыннай вайны.
Гераічнае супраціўленне савецкіх салдатаў, варожыя адносіны з боку мясцовага насельніцтва хутка астудзілі наступальны імпэт немцаў, а шапказакідальныя паводзіны таго гітлераўца, які спрабаваў не галіцца ажно да таго часу, пакуль нямецка-фашысцкія войскі не ўступяць у горад Маскву, неаднаразова пазней выклікалі адны толькі ўсмешкі і кпіны ў тых маіх аднавяскоўцаў, якія ў 1942-1944 гадах паспяхова білі ворага на франтах і ў складзе партызанскіх злучэнняў, а потым у 1945 годзе ў ходзе хуткага і рашучага наступлення часцей 1-га Беларускага фронту зусім знішчылі ў Берліне…
Партызанская
кемлівасць
З самага пачатку часовай нямецка-фашысцкай акупацыі шырока разгарнуўся партызанскі рух. Каб засцерагчы сябе ад раптоўных нападаў народных мсціўцаў, гітлераўцы вымушаны былі вакол сваіх гарнізонаў у населеных пунктах на сотні метраў па перыметры высякаць лес, у начны час выкарыстоўвалі пражэктары для асвятлення падыходаў да ўмацаванняў, рабілі засады. Партызан-разведчык брыгады імя Сталіна Васіль Гарбачоў неаднаразова ў сувязі з гэтым трапляў у складаныя сітуацыі.
— Самым зручным месцам для перасячэння вельмі ажыўленай у час вайны шашы Лепель — Барысаў была размешчаная паміж вёскамі Аношкі і Замошша невялікая балацявіна, зарослая сасновым лесам і хмызняком, праз якую праходзіла паўкіламетровая грэбля, — расказваў Васіль Гарбачоў. — Не мінуць было грэблю таму, хто рухаўся па гэтай самай блізкай па адлегласці дарозе з Лепеля ў Барысаў і ў зваротным кірунку.
Па даручэнні камандавання я летняй ноччу ў чарговы раз ішоў з Валатовак у Стайчаўку і далей — на Палік. Наблізіўся да грэблі. Хаця паабапал яе немцы высеклі ўвесь лес і хмызняк у абодва бакі метраў на сто, але неаднойчы я тут ужо перапаўзаў грэблю па-пластунску. У больш зручным для пераходу месцы можна было патрапіць на варожую засаду, таму зноў вырашыў перабрацца па звычайным сваім маршруце. Калі ўшчыльную падпоўз да грэблі, нечакана зачапіўся за нацягнуты ўздоўж праезнай часткі дарогі дрот, у начной цішыні гучна забразгацелі навешаныя на ім бляшанкі з-пад кансерваў і шкляны посуд. “Засада, — маланкай мільганула ў галаве думка. — Галоўнае — хутчэй перасекчы грэблю!” Я адразу ўскочыў на ногі і што ёсць моцы пабег наперад да выратавальнага лесу. Хутка праскочыў грэблю і не паспеў пераадолець за ёй адлегласць у некалькі метраў, як на ўзгорку з боку Аношак загарэўся пражэктар, які вузкай палоскай яркага святла выхапіў з цемры тое месца, дзе я толькі што быў. У тым накірунку адразу запрацаваў кулямёт. Я ж у гэты час, не чуючы пад сабой ног, птушкай ляцеў да лесу.
Нарэшце немцы ўцямілі, што я зрабіў амаль неверагоднае: па-першае, не разгубіўся, прадоўжыў рух наперад, па-другое, за лічаныя секунды паспеў перабегчы цераз грэблю і ўжо знаходжуся на другім яе баку. Аднак пакуль яны накіравалі святло пражэктара ў мой бок, я ўжо дасягнуў выратавальнай цемры лесу.
Хуткая рэакцыя, кемлівасць, рашучасць у дзеяннях неаднойчы выратоўвалі мяне, як разведчыка, на вайне.
Крушынавы ручай
Дабіраючыся напрасткі з Аношак у накірунку ракі Эсы, дзесьці за паўкіламетра да яе, калі збочыш налева і па лясной дарозе пракрочыш пару кіламетраў, трапіш ва ўрочышча Крушынавы ручай, дзе знаходзіўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны глухі лясны масіў Куты. Менавіта там яшчэ летам 1943 года жыхар Аношак Сілівей Гарбачоў выкапаў і абсталяваў прасторную зямлянку.
— Гэтае часовае жытло было зроблена на выпадак карнай экспедыцыі немцаў, — патлумачыў былы сувязны партызанскай брыгады імя Сталіна, мой бацька Мікалай Гарбачоў. — Такія пабудовы ўзводзілі тады многія. Яны, нібыта хутары, знаходзіліся на вялікай адлегласці адзін ад другога, размяшчаліся ў глухамані.
У канцы 1943 года такі цяжкі час настаў. Пачаліся жорсткія баі партызанаў з карнікамі. І ўся наша сям’я вымушана была перабрацца ў гэтую зямлянку. Я тады быў ужо падлеткам, першым памочнікам бацькі. А на руках у маці быў яшчэ трохгадовы сын Міша і дачка Марыя, якая нарадзілася ў 1943 годзе. У лесе сустрэлі і новы, 1944 год.
Аднойчы завітаў да нас з задання родны брат Сілівея — Аксянцей Гарбачоў, разведчык брыгады імя Сталіна. Ён быў у цывільным, нібыта просты вясковы жыхар. Заначаваў у нас, а вінтоўку і патроны паклаў ля сцяны ў невялікае паглыбленне ў зямлі, кінуўшы зверху сваю вопратку.
Прачнуліся раніцай ад гучнага грукату ў дзверы зямлянкі. У маленькае шкляное акенца ўбачылі немцаў. Яны загадалі выйсці. Пастроілі ўсіх паблізу вялікай, разлапістай елкі. Афіцэр аддаў загад аднаму з салдатаў правесці вобыск. Гітлеравец, узброены вінтоўкай са штыком, прыгнуўшыся, вельмі асцярожна, каб не зачапіцца галавой за вушак дзвярэй, зайшоў у зямлянку. Пачуўся шоргат раскідваемага адзення, забразгацеў посуд, скінуты са стала. Я разумеў, што калі фашыст знойдзе партызанскую вінтоўку, нас усіх адразу расстраляюць…
Нарэшце нямецкі салдат моўчкі выйшаў з зямлянкі і стаў побач з астатнімі гітлераўцамі. Вінтоўку ён не знайшоў. Афіцэр уважліва паглядзеў на нас, мабыць, вырашаў, што з намі рабіць. Потым перавёў позірк на дзве прывязаныя каля дрэва каровы, якія спакойна елі сена. Загадаў адвязаць адну з іх. Потым працягнуў руку ў той бок, дзе засталася стаяць каля дрэва другая карова і коратка прамовіў: “Кіндэр!”. Гэта азначала, што ён пакідае яе нам для таго, каб было чым харчавацца дзецям. Забраўшы карову, фашысты рушылі ў зваротным кірунку.
Пасля гэтага выпадку мы зразумелі, што паратунку ў лесе больш не знойдзем. Тым больш, што гітлераўцы ўжо ведалі, дзе размешчана наша зямлянка. Таму вымушаны былі вярнуцца жыць у вёску. Толькі ўжо не ў Аношкі, а ў Валатоўкі, дзе нам дала прытулак у сваёй хаце былая настаўніца Вольга Кунчэўская, якой мы прыходзіліся блізкімі родзічамі. Яна жыла ў хаце разам з двума малалетнімі сынамі, а яе муж ваяваў на фронце. Так да часу вызвалення нашай мясцовасці часцямі Чырвонай арміі мы і знаходзіліся ў Валатоўках.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: мой дзед па мацярынскай лініі Іван Бандарэнка, які быў у Вялікую Айчынную вайну афіцэрам-медыкам, служыў у франтавых шпіталях, неаднойчы быў паранены, меў баявыя ўзнагароды, а за добрасумленную працу ў пасляваенны час быў уганараваны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>