Чернобыльская командировка

padabed-ales-2 Вёска Велеўшчына ўнікальная тым, што ў ёй жыве не толькі шмат людзей з аднолькавым прозвішчам, супадаюць яшчэ і імёны, і імёны па-бацьку. Аляксандр Падабед, пра якога пойдзе гаворка, мае ў Велеўшчыне некалькіх цёзак, сярод якіх і старэйшы сын. Таму, каб не блытаць з іншымі, героя нашага аповеда будзем называць так, як цягам многіх дзесяцігоддзяў клічуць аднавяскоўцы — Алесь Падабед.

У лёсе Алеся Падабеда няма нічога незвычайнага. Нарадзіўся і жыве ў Велеўшчыне. Трэці, малодшы сын у бацькоў. Скончыўшы Велеўшчынскую васьмігодку, пайшоў вучыцца ў Замошша, але праз год кінуў школу, надакучыла далёка хадзіць. Паехаў па аб’яве вучыцца ў Ветрына на электраманцёра. Потым — год працы па спецыяльнасці і вучоба на шафёра ў аўташколе. Спадзяваўся Алесь, што ў войску дасканала асвоіць вадзіцельскую прафесію. Але за тое, што меў добры почырк, прызначылі справаводам у адной з ракетных часцей, што месцілася ў Літве. За “баранку” сеў толькі пасля службы, калі пайшоў працаваць у райсельгастэхніку. Праз год кіраўніцтва калгаса “Радзіма” прапанавала працу вадзіцеля. Так да самага развалу гаспадаркі і “шафярыў”, аб’язджаючы штодня ўсе калгасныя вёскі. Потым працаваў у Слабадскім лясніцтве дрывасекам і на ферме слесарам.

Шмат чаго яшчэ распавёў дзядька Алесь са сваёй біяграфіі, пакуль разгаварыўся на “чарнобыльскую” тэму. У зону ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ён патрапіў у кастрычніку 1986-га ў складзе палка грамадзянскай абароны, сфарміраванага пераважна з запаснікоў, прызваных на трохмесячныя зборы. З Лепельскага раёна было восем чалавек, у іх ліку Ігар Закрэўскі з суседняй Слабады.
Пераапранутых у новае вайсковае абмундзіраванне ліквідатараў накіравалі ў Хойнікі, адтуль — у Брагін. Дыслакавалася часць на полі ў палатачным гарадку, сярод іншых падобных фарміраванняў, якія прыбылі з розных частак Савецкага Саюза. “Белполк”, так называлі беларускі полк грамадзянскай абароны, разам з вайскоўцамі хімічных войскаў з Сярэдняй Азіі, Урала і Прыбалтыкі выконваў дакладна вызначаныя задачы. Будавалі могільнікі, куды пасля зносу вёсак “хавалі” драўляныя, бетонныя і металічныя канструкцыі. Ліквідатары здымалі двухсантыметровы пласт зямлі і звозілі ў могільнікі, праводзілі дэзактывацыю вёсак.
Радыяцыю адчувалі толькі першыя тры дні — казытала ў горле. Затым прывыклі. Усім выдалі “назапашвальнікі” — партатыўныя дазіметры, але ў хуткім часе забралі. Зразумелі, што радыяцыя перавышае ўсе дапушчальныя нормы.
— Снежань, замаразкі, а на бэзе пупышкі, як вясной, набрынялыя, — успамінае дзядзька Алесь.
Вада была прывазная і яе заўсёды не хапала. Не забыць кінутыя з усімі пажыткамі сялянскія падворкі, якія ўжо паспелі разрабаваць марадзёры. У хатах на перакідных календарах адна і тая ж дата, 4 мая. Дзень, які стаў кропкай адліку новага перыяду ў жыцці многіх жыхароў чарнобыльскай зоны. У вёсках нават сабаку рэдка пабачыш. Жахліва было на гэта ўсё глядзець.
Дысцыпліна ў часці была “жалезная”, камандзір, былы “афганец” не дазваляў расслабляцца. Існаваў сухі закон, чарку ў рот не возьмеш. Нават водар адэкалону, якім карысталіся пасля галення, мог навесці на падазрэнне ва ўжыванні спіртнога. У якасці пакарання было дэпрэміраванне, з заробленых грошай вылічвалася сума за дзесяць дзён камандзіроўкі. Быў выпадак, калі адзін з рэзервістаў збег, не вытрымаўшы складаных умоў. Не паспеў ён адчыніць дзверы роднай хаты, як там яго чакалі супрацоўнікі ваенкамата, давялося вяртацца на месца службы.
Тры месяцы цягнулася чарнобыльская камандзіроўка Алеся Падабеда. Дома чакала жонка Ганна з сынамі Сашам і Андрэем. Пасля вяртання дадому праходзіў рэабілітацыю ў санаторыі. Значных змен у стане здароўя Алесь у той час не заўважыў. Ганна, якая працавала ў калгасе ветурачом, таксама магла трапіць у чарнобыльскую зону на месяц працаваць па спецыяльнасці. Але лёс злітаваўся, бо была цяжарная.
Сапраўдным падарункам для Падабедаў стала нараджэнне трэцяга сына Сяргея, які з’явіўся на свет у 1987-м, акурат праз год пасля чарнобыльскіх падзей. Бацькі жартаўліва называлі малога “чарнобыльскі хлопчык”.
Ужо некалькі гадоў, як Алесь Падабед выйшаў на пенсію. Раней час ад часу сустракаліся з сябрамі-ліквідатармі, успаміналі перажытае. Але ўжо нікога з іх няма ў жывых. Цяпер навяваюць у памяці ўспаміны толькі тэлетрансляцыі, калі паказваюць знаёмыя мясціны, дзе даводзілася “хаваць” радыяцыйныя вёскі.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>