На контроле — безопасность на посевной

img_1416“Забеспячэнне здаровых і бяспечных умоваў працы  пры правядзенні веснавых палявых работ” — тэма раённага  навучальнага семінара, які адбыўся ў райвыканкаме.

img_1412Мерапрыемства праводзілі начальнік аддзела сацыяльна-працоўных адносінаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргей Макарскі, спецыяліст па гігіене працы ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Наталля Тарасава і начальнік раённай інспекцыі энерганагляду Ігар Перхуровіч. Да ўдзелу былі запрошаны профільныя спецыялісты сельгасарганізацый: інжынеры па ахове працы, галоўныя інжынеры і загадчыкі майстэрняў.
Першым выступіў Ігар Перхуровіч, які засяродзіў увагу на электрычнай бяспецы:
— Як толькі вернецеся ў свае рамонтна-механічныя майстэрні, прашу вас перагледзець усю электрычную праводку, вілкі, разеткі, праверыць электрапрыборы, а таксама ўменне вашых работнікаў правільна карыстацца ўсім гэтым. Удар токам — гэта заўсёды траўма, толькі яна можа адрознівацца па цяжкасці. Нярэдкія і смяротныя зыходы, мы маем статыстыку па раёне, вобласці і рэспубліцы. На шчасце, у апошнія гады на Лепельшчыне падобныя выпадкі не фіксаваліся, але пільнасць усё роўна не зашкодзіць. Другая важная тэма — лініі электраперадач (ЛЭП), якія праходзяць па палях, фермах і ўздоўж вясковых дарог. Па тэрыторыі раёна пралягаюць паветраныя ЛЭП, па якіх бяжыць ток напружаннем 10, 35 і 110 кілавольт. Адзін кілавольт — гэта тысяча вольт. Уяўляеце сабе, які ўдар можа нанесці ток напружаннем у 110 тысяч вольт!? Таму вельмі важна навучыць механізатараў правільна паводзіць сябе ў выпадку наезду сельгастэхнікі на апору ЛЭП. Нельга спрабаваць штосьці рабіць самастойна, нават з кабіны трактара вылазіць. Самым правільным варыянтам паводзін будзе патэлефанаваць сваім кіраўнікам — кожны мае мабільны тэлефон, а яны паведамяць нам. Самае галоўнае патрабаванне ў час працы з электрапрыборамі — акуратнасць і ўважлівасць, толькі так мы зможам звесці да мінімуму пагрозу няшчасных выпадкаў.
Наталля Тарасава звярнула ўвагу на забеспячэнне работнікаў сродкамі аховы працы. У першую чаргу гэта датычыць рабочай вопраткі і абутку, пальчатак і рукавіц. У рамонтных майстэрнях павінны быць вада і ў абавязковым парадку — мыйныя сродкі, каб пасля працы чалавек мог памыць рукі.
— Асаблівую ўвагу звяртаю на забеспячэнне адзеннем работнікаў, якія задзейнічаны на пратручванні насеннага збожжа, — сказала Наталля Ягораўна. — Здараліся выпадкі, калі чалавек прыходзіў на склад ці іншы пункт, там адпрацоўваў змену і, не пераапрануўшыся, вяртаўся дахаты. Уявіце сабе карціну, калі мужчына зняў куртку, у якой увесь дзень працаваў з ядахімікатамі, і павесіў яе на вешалку ў калідоры. На першы погляд, нармальна. Аднак жа побач, на той жа вешалцы вісяць курткі яго жонкі і дзяцей. Сям’я падвяргаецца рызыцы атручвання. Дапускаю, што работнік ставіць сваю сям’ю пад пагрозу ненаўмысна, проста па звычцы прыйшоў дахаты і распрануўся. Аднак жа кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў павінны навучыць іх, нагадаць, як правільна і, галоўнае, бяспечна працаваць. Вельмі важна таксама стварыць умовы для бяспечнай працы. А гэта значыць — забяспечыць работніка адзеннем, якое ён будзе выкарыстоўваць толькі ў працы з ядахімікатамі і пакідаць яго там, ідучы дахаты ў чыстым.
Са статыстыкай вытворчага траўматызму ўдзельнікаў семінара пазнаёміў Сяргей Макарскі. З пачатку года зафіксаваны два смяротныя выпадкі, па якіх зараз праводзяцца расследаванні. Надышла пара вясновых палявых работ.
Пасля працяглага сезоннага перапынку пачынаюць працаваць энерганасычаная тэхніка, трактары — і людзі ўваходзяць у рэжым інтэнсіўнай працы. Таму і ўвага да пытанняў яе аховы, адпаведна, узрастае.
Удзельнікі семінара ўзнялі шэраг актуальных пытанняў. Напрыклад, агучана праблема з праходжаннем медыцынскага агляду. Часта чалавеку не хапае і дня, каб абысці ўсіх унесеных у абыходны ліст спецыялістаў. Работнік замест таго, каб працаваць, вымушаны яшчэ дзень, а то і два затрачваць на паход у паліклініку — людзі наракаюць на нездавальняючую арганізацыю працэсу. Пры гэтым медыцынская ўстанова выстаўляе рахунак за свае паслугі. Напрыклад, КУВСГП “Лепельскае”, дзе медагляд патрэбна прайсці больш чым 50 работнікам, павінна заплаціць каля 2,3 тысячы рублёў.
Яшчэ адным вострым фактарам з’яўляецца недахоп абаротных сродкаў у сельгасарганізацыях. Адзін з удзельнікаў семінара заўважыў:
— Калі б у нас былі ў наяўнасці грошы, мы б набылі спецвопратку, мыйныя сродкі, яшчэ лепей абсталявалі б пакоі адпачынку, набылі б пральныя машыны. Нам жа пакуль толькі ледзь хапае грошай на набыццё неабходных запчастак, пакрышак, стоек культыватараў, наканечнікаў, сашнікоў падшыпнікаў, сальнікаў — без гэтага тэхніка ў поле папросту не выедзе.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: удзельнікі навучальнага семінара.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>