Порядок на дачах

img_1336 Мэтай чарговага выезду рэйдавай групы ў складзе спецыяліста Лепельскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольгі Бажэнавай, урача-гігіеніста дзяржаўнай установы “Лепельскі райЦГЭ” Яўгена Масюка і аўтара гэтых радкоў сталі садаводчыя таварыствы, размешчаныя па дарозе на Заслонава за вёскай Жарсцвянікі.

Увогуле, дачныя ўчасткі работнікам лепельскіх прадпрыемстваў і арганізацый сталі выдзяляць яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Запаветныя шэсць сотак у 1990-я гады былі істотнай дапамогай для бюджэту многіх сем’яў. Зараз няма праблем з набыццём любых прадуктаў. Садавіну і гародніну можна купіць як на базары, так і ў крамах, але дачныя ўчасткі не пустуюць.
За Жарсцвянікамі размяшчаюцца тры садаводчыя таварыствы: “Усходняе”, “Здароўе” і “Баравінка”. Першае таварыства самае вялікае, мае 117 участкаў, не нашмат меншае за яго “Здароўе” — 108 участкаў, а вось “Баравінка” — таварыства невялікае, усяго 68 участкаў. Заезд на ўсе тры дачныя масівы ажыццяўляецца з заслонаўскай дарогі.
Едзем вузкімі вуліцамі, па стандарце іх шырыня абмежавана сямю метрамі. Станоўчы факт, што ў час аб’езду на дачах амаль не было аўтамабільнага руху. Напэўна, на гэта паўплывала сярэдзіна дня, калі гаспадары дач у асноўным былі на працы, ці то ранняя вясна не вельмі спрыяла дачным клопатам. У адваротным выпадку дзвюм машынам раз’ехацца было б вельмі цяжка. А што было б, калі б сустрэліся два трактары?
Варта зазначыць, што вуліцы, хаця і грунтавыя, шмат дзе маюць падсыпку са жвіру або будаўнічага друзу. Лужын, у якіх мог бы загразнуць легкавы аўтамабіль, няма, для сцёку вады праз нешматлікія ручаіны пракладзены трубы.
У асноўным удзельнікі групы канстатавалі парадак і дагледжанасць як непасрэдна на ўчастках, так і на грамадскіх тэрыторыях. Асноўную пагрозу ў многіх населеных пунктах у веснавы перыяд уяўляюць палы сухой травы. У агледжаных дачных пасёлках такая пагроза мінімальная. Усё таму, што большасць дачнікаў добра пашчыравала летась, рэгулярна падкошвала траву каля агароджаў і ў канавах, вакол сваіх участкаў, таму зараз там папросту няма чаму гарэць. Ёсць, вядома, некалькі недагледжаных участкаў, але іх няшмат, яны недарэчна псуюць агульную карціну.
Пры аб’ездзе не заўважылі кантэйнераў для збору смецця. Кіраўніцтва садаводчых таварыстваў не заключыла дагаворы з КУВП “Бароўка” на аказанне гэтых паслуг. З іншага боку, варта сказаць, што звалак бытавога смецця таксама
няма. Кожны гаспадар утылізуе яго па-свойму: арганічныя адходы складваюцца ў кучы, каб яны, перагніўшы, сталі ўгнаеннем, абломкі дошак, галлё і сухая трава спальваюцца на вогнішчах, а попел зноў жа ўносіцца ў глебу. Пластык, шкло і метал можна здаць на другасную перапрацоўку.
Адзін участак, на жаль, пакінуў непрыемнае ўражанне: някошаная летась трава, агароджа, якая нахілілася, раскіданыя ў цэнтры старыя дошкі з іржавымі цвікамі. Хаця па слядах аўтапакрышак відаць, што гаспадары прыязджаюць рэгулярна.
Дзе-нідзе былі бачныя згружаныя будаўнічыя матэрыялы, рэшткі бетонных канструкцый, бярвенні і цэгла. Аднак яны ў асноўным знаходзіліся або непасрэдна на ўчастках, або ўшчыльную да агароджы. Такім чынам можна было зразумець, каму яны належаць. Відаць, што гаспадары рыхтуюцца да будаўнічых і рамонтных работ летам.
У час аб’езду таварыства “Баравінка” ўбачылі карціну, якая пакінула супярэчлівыя ўражанні. Перад агароджай дбайны гаспадар пасадзіў некалькі соснаў. Маладыя дрэўцы прыжыліся і дружна пайшлі ў рост. Відаць, незадоўга да аб’езду гаспадар абпілаваў іх ніжнія галіны, сфарміраваў крону. Аднак абпілаванае не ўтылізаваў — галлё ляжала тут жа, на зямлі. Удзельнікі рэйдавай групы выказалі спадзяванне, што ў бліжэйшы час парадак і тут будзе наведзены. У цэлым жа прадстаўнікі службаў вынікамі агляду засталіся задаволеныя, большасць гаспадароў у таварыствах падтрымлівае належны парадак.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>