Согревают добрым словом людей в Слободской больнице сестринского ухода

dsc_0005

Калектыў Слабадской бальніцы сястрынскага догляду.

На адрас рэдакцыі даслала свой ліст чытачка газеты А.С. Жарнасек, якая папрасіла расказаць пра Слабадскую бальніцу сястрынскага догляду.

Медыцынскаму работніку даводзіцца не толькі лячыць хворага, але і ўмець выслухаць, падтрымаць чалавека, а часам і пабыць «камізэлькай», бо пацыенты розныя бываюць. У медыка ў сельскай мясцовасці не спыняецца праца, нават калі ён ужо знаходзіцца дома. У любы момант можа прыйсці суседка, каб памераць ціск, альбо звернецца за дапамогай чалавек, які атрымаў траўму. Так было раней, такая сітуацыя застаецца і зараз.
З першага кастрычніка 2018 года Слабадская ўчастковая бальніца змяніла свой статус і стала бальніцай сястрынскага догляду на 15 койка-месцаў. На дадзены момант ва ўстанове знаходзяцца 14 чалавек з Лепельскага раёна. Людзі, якім патрабуецца догляд, праходзяць у раённай бальніцы камісію і потым накіроўваюцца ў Слабадскую. Трэба дадаць, што ўзрост пацыентаў не абмежаваны. Самай маладой жанчыне — 60 гадоў.
— Якая асноўная мэта бальніцы сястрынскага догляду? — звяртаюся да старэйшай медсястры Людмілы Карбоўскай.
— Аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам, якія маюць хранічныя захворванні, патрабуюць кругласутачнага медыцынскага назірання і догляду, але якім не патрэбна інтэнсіўнае аказанне медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах. Ва ўстанове ажыццяўляецца сястрынскі догляд за пацыентамі, праводзіцца прафілактычнае лячэнне. Да нас накіроўваюцца пацыенты з удакладненымі дыягназамі, якім не трэба рабіць дадатковых лабараторных і функцыянальных даследаванняў. Неўралагічныя парушэнні, хваробы сістэм кровазвароту, стрававання і іншыя — з рознымі праблемамі трапляюць у Слабадскую бальніцу. Акрамя гэтага прыходзяць пацыенты на дзённы стацыянар, дзе атрымліваюць комплекснае лячэнне, — адказвае Людміла Мікалаеўна. Дарэчы, яна працуе ў бальніцы з 1989 года.
— Ці змянілася бальніца пасля набыцця іншага статуса?
— Вялікіх змен не было. А вось у 2010 годзе, калі вёска Слабада набыла статус аграгарадка, у бальніцы таксама адбыліся значныя змены. Былі набыты новае фізіятэрапеўтычнае абсталяванне, апарат ЭКГ, новыя ложкі, мэбля ў кабінеты і пасцельныя прыналежнасці. Змяніўся і знешні выгляд будынка: пафарбаваны фасад, заасфальтаваны дарожкі. І зараз імкнёмся падтрымліваць у належным стане памяшканне.
Так, на самой справе бальніца мае прэзентабельны выгляд, бачная здалёку, прываблівае добраўпарадкаванасцю, чысцінёй і, канечне, ветлівым персаналам.
Задалася пытаннем: калі з’явілася бальніца ў Слабадзе? Доўга не маглі работніцы вызначыць, але прыкладна 65 гадоў таму.
Калектыў на дадзены момант складаецца з 12 чалавек. Загадчыца Анжэла Каляда зараз займаецца на курсах павышэння кваліфікацыі.
Многім не зразумела, чым адрозніваюцца бальніцы сястрынскага догляду ад аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.
Аказваецца, аддзяленне не аказвае паслугі грамадзянам, якія цалкам страцілі рухальную актыўнасць (4 група зніжэння рухальнай актыўнасці), абмежавана дзеяздольным ці не здольным ажыццяўляць за сабой догляд па стане здароўя. У бальніцы ж сястрынскага догляду, наадварот, аказваюцца паслугі такім грамадзянам.
Ва ўстанове ёсць пацыенты, якія праходзяць лячэнне з 2011 года, з імі склаліся ўжо цёплыя, сямейныя адносіны. Самая старэйшая “жыхарка” — 1922 года нараджэння. Работнікі імкнуцца стварыць для хворых хатнюю ўтульнасць, даць як мага болей цеплыні і ўвагі. Па просьбе пажылых медперсанал можа нават наведаць магазін.
Наладжаны кантакты і ўзаемадзеянне ўстановы з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Не забывае наведаць “жыхароў” іерэй Іаан Вабішчэвіч, праводзіць з імі гутаркі, прывозіць да свята падарункі.
Розныя па характары пацыенты часам не знаходзяць кантакт са сваімі суседзямі па палаце, даводзіцца мірыць ці перасяляць. Па колькасці ва ўстанове знаходзіцца больш жанчын.
У бальніцы ёсць пральная машынка, каб памыць бялізну і асабістыя рэчы пацыентаў.
Жанна Дзямко ў медыцыне з 1986 года, выйшла замуж за слабадскога хлопца і пераехала з Лепеля ў вёску, у Слабадской бальніцы — з 1989 года. Спачатку працавала ў фізкабінеце, зараз — паставая медсястра і лабарантка. Успамінае жанчына, што раней больш было траўмаў, асабліва пасля танцаў па суботах, у час боек.
Ядзвіга Краснік, паставая медсястра, працуе ў бальніцы з 1981 года. Як трапіла па размеркаванні, так і працуе ва ўстанове.
А вось Людміла Мікалаеўна памятае яшчэ драўняную амбулаторыю, бо яшчэ маленькай дзяўчынкай прыбягала да маці Зінаіды Пшонка, якая працавала ў бальніцы.
У памяшканні таксама была аптэка, дзе ўсё працоўнае жыццё завіхалася Лідзія Васілеўская. Тут выраблялі розныя лекавыя растворы. Ацяплялася бальніца печамі, якія паліліся з боку калідора. Была і кубавая, дзе знаходзіўся вялікі чан, а знізу размяшчалася топка, каб падаграваць ваду. На кухні пліта таксама ацяплялася дрывамі.
Шмат гадоў ва ўстанове шчыруюць санітаркі Вольга Пакулава, Юлія Гардэнка, Жанна Фралова і Таццяна Вашкевіч.
У даўнія часы пры бальніцы трымалі і каня, які дапамагаў апрацоўваць зямельныя ўчасткі работнікаў. Фельчар Васіль Плавінскі ездзіў на выклікі часам на кані, хоць ужо і была ў наяўнасці машына хуткай дапамогі. Успамінаюць яго толькі добрым словам работнікі ўстановы. Быў прафесіяналам сваёй справы, меў педагагічную і медыцынскую адукацыю. Без здымка мог устанавіць дыягназ. Яго жонка таксама працавала ў бальніцы медсястрой.
Успомнілі дзяўчаты і былых галоўных урачоў Слабадской участковай бальніцы: Анатоля Пятрышчу, Пятра Дажука, Валерыя Бядэнку, які адпрацаваў 12 гадоў на пасадзе, і Людмілу Таран, што выконвала абавязкі галоўнага ўрача. Таксама ўзгадалі работнікаў, якія аддалі працы ў бальніцы шматлікія гады жыцця. Марыя Маляўка працавала спачатку ў пральні, потым — санітаркай, Алена Тамашэвіч, Ніна Падавальная, Марыя Мякінчык, Марыя Дзямко рабілі санітаркамі. Дзякуючы ім у бальніцы заўсёды была чысціня. Не забылі ўзгадаць і пра франтавую медсястру Тамару Крыцкую.
У даўнейшыя часы было 25 койка-месцаў. Аднак трэба ўлічваць, што і колькасць жыхароў у населеным пункце была нашмат большая. Раней нават працавала радзільнае аддзяленне ў бальніцы, дзе з’яўляліся на свет немаўляты.
У свой час прыйшлося папрацаваць работнікам установы і на калгасным полі “Пражэктара” ў вольны час: бульбу збіралі, буракі выбіралі, ставілі лён.
Самыя добрыя словы калектыў бальніцы кажа пра галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Ілью Шандалесава. Разумее іх, падтрымлівае. Вельмі важна, калі да кіраўніка можна звярнуцца з любой просьбай ці прапановай.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>