Нешково

1-pyotr-dzivin-z-zhokaj-nadzyaj-i-dzecmi-maryyaj-i-viktarm-vele%d1%9eshchyna-pach-1960-x-gg На тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка шмат маляўнічых урочышчаў, амаль кожнае з іх мае сваю непаўторную, самабытную назву. Гэтыя найменні — назвы колішніх паселішчаў, пераважная большасць якіх узнікла ў пачатку ХХ стагоддзя ў перыяд сталыпінскай зямельнай рэформы. Некаторыя існавалі значна раней — ад таго часу, як па невялікіх рэчках, прытоках Бярэзіны, пачалі сплаўляць дзелавую драўніну.

Гурба, Плясінка, Куты, Чагалі і яшчэ каля двух дзясяткаў адметных тапонімаў можна адшукаць на старых картах. Ёсць сярод іх і ўрочышча Нешкава, былы хутар, недалёка ад ракі Вялікая, на паўднёва-ўсходняй ускраіне запаведніка.
Невядома, калі людзі выбралі для жыцця гэтыя глухія лясныя мясціны сярод балот. Якімі мэтамі кіраваліся яны: прагай нажыць багацце на лясных промыслах ці абзавесціся ўласнай зямлёй? У 1909 годзе ў Нешкаве было ўсяго два двары, жыло адзінаццаць чалавек. У адрозненне ад іншых падобных паселішчаў, Нешкава праіснавала найдаўжэй, дзякуючы таму, што мела гаспадарчае значэнне для запаведніка.
Вось як апісваў Нешкава ў сваіх успамінах былы партызанскі камандзір Рыгор Лінькоў: “У бярэзінскія балоты “мацярык” уразаўся бесканечнымі клінамі, паўастравамі і ўзвышшамі. На адным з такіх кліноў і размяшчаўся хутар Нешкава. Тры бярвенчатыя хаты сярэдніх памераў і два хлявы, абнесеныя шчыльным плотам, — вось і ўся забудова хутара. Да вайны тут размяшчалася аддзяленне праўлення Бярэзінскага дзяржаўнага запаведніка і жыло чатыры сям’і вартаўнікоў. Адзіная вузкая грунтовая дарога звязвала гэты кардон з вёскамі Цярэшкі і Вялікая Рака.”
У першыя пасляваенныя гады ў Нешкаве пабываў пісьменнік Віталь Вольскі, пра што таксама пакінуў нататкі: ”У дзве гадзіны дня мы выехалі з дырэктарам у падсобную гаспадарку Нешкава, якая знаходзіцца за 18 кіламетраў ад пасёлка Крайцы, на ўсходняй ускраіне запаведніка. З намі едуць ветэрынарны фельчар, ляснік, егер Аляшкевіч і двое рабочых з падсобнай гаспадаркі.
Зноў церушыць дробны дожджык. Глеба тут вязкая і багністая. Што ні крок — ямы, калдобіны, глыбокія лужыны. Машына спыняецца кожную хвіліну. Колы буксуюць у гразі. Прыходзіцца часта вылазіць і дружнымі намаганнямі штурхаць машыну наперад, падкладаючы галлё пад непаслухмяныя колы. Часам і гэта не дапамагае. Тады ідуць у ход сякеры. Нашы спадарожнікі хутка і спрактыкавана сякуць бярозы, ялінкі і асіны, распілоўваюць іх на некалькі частак і кладуць пад колы стваламі ўздоўж каляіны.
Абапал дарогі цягнецца вільготны і балоцісты лес. Высяцца стройныя бярозы, вялізныя вольхі, цёмныя яліны. Духмяная чаромха шырока раскінула свае цяністыя галіны. Гнуткія маладыя ясені стромка ўзвышаюцца над грудамі буралому. Усюды прабіваюцца кусты ляшчыны і каліны, павялічваючы яшчэ больш гушчыню і непраходнасць лесу. Чым далей на ўсход, у глыб запаведніка, тым усё часцей і гусцей, суцэльнай сцяной стаяць старыя дрэвы-волаты. Тут пануюць вільгаць і змрок. Толькі зрэдку прабяжыць у вершалінах, зашуміць ненадоўга ветрык, і зноў пануе цішыня.
У Нешкаве, куды мы дабраліся праз некалькі гадзін пакутлівай язды, надакучліва звіняць над намі ваяўнічыя полчышчы камароў. Пакуль ветфельчар правярае стан мясцовых кароў і коней, мы аглядаем палі і агароды гаспадаркі. Гэта самыя нізкія і вільготныя мясціны ў запаведніку. Зямля тут тлустая, урадлівая.”
Па адміністрацыйным дзяленні ўрочышча знаходзіцца ў Барысаўскім раёне, але бліжэйшае паселішча — лепельская вёска Велеўшчына, дзе і сёння жывуць нашчадкі тых, хто некалі насяляў Нешкава. Пра жыццё сваіх продкаў на лясным хутары, іх заняткі яны і распавялі.
Вядома, што на пачатку мінулага стагоддзя ў Нешкаве жыў Іван Пшонка, які меў здольнасці ў кавальскай справе. За гэта і атрымаў мянушку Каваль. Ажаніўся на Марыі Кульшы з суседняга хутара Сямёніха. Бацька Марыі Аляксей разам з братам прыехалі ў гэтыя мясціны з-пад Стоўбцаў. Займаліся раскарчоўкай лесу каля Нешкава. Аляксей Кульша загінуў у выніку трагічнага выпадку — падарваўся на выбухоўцы, якую закладвалі пад карчы. У пачатку 1930-х гадоў Марыя з мужам пераехалі ў Велеўшчыну. Пра жыццё на хутары амаль не згадвалі.
У 1920-я гады бесклапотнае жыццё хутаран, што толькі пачалі па-сапраўднаму адчуваць сябе гаспадарамі на зямлі, напаўняецца страхам перад бандамі, якіх шмат развялося ў запаведных лясах. Квяцінскія, Сямёнаўцы — прозвішчы і мянушкі ліхіх людзей, якія трымалі ў страху вялікую тэрыторыю. Не абышло гора і Нешкава. У садзеянні бандытам былі абвінавачаны Пётр і Анастасія Хадасевічы, Іван Няхайчык.
У гады Другой сусветнай вайны ў наваколлях Нешкава дзейнічаюць партызанскія фарміраванні. Аднымі з першых ля хутара асталяваліся дыверсанты з атрада “Баці” Рыгора Лінькова. У 1943 і 1944 гадах немцы, беручы ў блакаду Домжарыцкія балоты, дзе ў акружэнне трапіла шмат партызан, ператвараюць Нешкава ва ўмацаваны блок-пост.
Пасля вайны мірнае жыццё пакрысе пачынае наладжвацца, вяртаюцца жыхары і ў Нешкава. Аднак у лесе зноў з’яўляюцца ласыя на чужое дабро людзі. У Нешкаве яны забілі Уладзьку Краснадэмскага, яго брата і цяжарную жонку Міхаліну. Забойцы забралі з сабой нарабаваныя рэчы і карову, а каб схаваць сляды злачынства, падпалілі хату.
З цягам часу ў Нешкаве, якое ніколі не было вялікім паселішчам, засталіся жыць толькі сем’і леснікоў. Сярод тых, хто нёс лясную варту, былі Леанід Тарасевіч, Мікалай Ганчаронак, Аляксей Навуменка, Пётр Дзівін. Разам з леснікамі жылі іх сем’і. Дзеці, дасягнуўшы школьнага ўзросту, вымушаны былі з’язджаць на тыдзень у школу ў Слабаду ці Лепель, дзе жылі ў інтэрнаце.
Пётр Дзівін родам з Велеўшчыны. Пайшоў працаваць лесніком, бо не хацеў цяжкое працы ў калгасе. У Нешкава прыехаў у 1962 годзе разам з жонкай Надзеяй і дачкой Марыяй. Змяніў вясковыя выгоды цывілізацыі, якіх было не нашмат больш, чым у леснічоўцы, на жыццё ў лясной глухмені.
У Нешкаве Надзея нарадзіла яшчэ пецярых дзяцей. Жанчына ўспамінае, што ніхто нават і не думаў класціся ў бальніцу, ды і дзе тая бальніца — ляснымі дарогамі каля дваццаці кіламетраў. Таму нараджаць даводзілася ў хатніх умовах. Па бабулю-павітуху загадзя выпраўляліся ў Пастрэжжа. Доўга адлежвацца пасля родаў таксама не прыходзілася, трэба было завіхацца па гаспадарцы, глядзець дзяцей, а то і дапамагаць мужу. Дэкрэтны адпачынак у той час жанчынам не давалі.
З цягам часу леснікі сталі выязджаць з Нешкава ў Велеўшчыну. Яшчэ некалькі год Дзівіны жылі на хутары адны. Аднак на пачатку 1970-х гадоў таксама падаліся бліжэй да цывілізацыі.
Зараз пра тое, што ў Нешкаве жылі людзі, нагадваюць вялізны куст бэзу на адным з хатнішчаў і некалькі здзічэлых яблынь, садавінаю прыходзяць ласавацца мядзведзі. Яшчэ ў Нешкаве можна пабачыць бетонны слуп вышэй чалавечага росту. Усталяваны ён па ініцыятыве былых партызан дзесяцігоддзі таму як напамін,што ў гэтых мясцінах дзейнічалі партызанскія фарміраванні.
2-urochyshcha-neshkavaВалерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>