Осмотр сельскохозяйственной техники на Лепельщине

img_1295 Вясна — традыцыйны перыяд агляду сельскагаспадарчай тэхнікі перад пачаткам палявых работ. У ААТ “Чарэйшчына” для яго правядзення прыбылі інспектар дзяржтэхнагляду Станіслаў Кажан і Валерый Лешчанок, які часова выконвае абавязкі начальніка аддзела дзяржаўтаінспекцыі РАУС, маёр міліцыі. Да моманту прыезду амаль усё было падрыхтавана: прымеркаваная да агляду тэхніка была выстаўлена на пляцоўцы, механізатары сабраліся побач, тут жа і намеснік дырэктара гаспадаркі Віктар Голубеў. Дакументы былі акуратна складзены на стале ў дыспетчарскай.

Перад пачаткам агляду Валерый Лешчанок коратка нагадаў трактарыстам аб абавязковасці выканання правілаў дарожнага руху:
— Перад тым, як выязджаць дзесяць разоў падумайце: “Ці не выпіваў я напярэдадні?” З пачатку года супрацоўнікі АДАІ на вуліцах і дарогах затрымалі п’яных за рулём больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Уяўляеце сабе, якія санкцыі на іх будуць накладзены? Як мінімум — тры гады без правоў і вялікія штрафы. А нядаўна два чалавекі, якія селі за руль без правоў паўторна, адбылі па дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. З пачаткам веснавога сезону палявых работ будзе актывізавана работа дзяржаўтаінспекцыі ў вёсках.
Станіслаў Кажан дадаў:
— Летась адбылася рэзанансная трагедыя, ноччу па дарозе з поля вяртаўся трактар з васьмікорпусным плугам. Трактарыст, як паказала праверка, нават уключыў заднія ліхтары, але гэта не дапамагло пазбегнуць аварыі, ззаду ў плугі ўрэзаўся легкавы аўтамабіль. У ім ехалі пяць жанчын, чатыры загінулі на месцы, пятая — праз некаторы час памерла ў бальніцы. Таму прымаецца шэраг мер па павышэнні бяспекі ў час руху сельскагаспадарчай тэхнікі па дарогах агульнага карыстання. У першую чаргу будуць прымацца пад увагу габарытныя паказчыкі. Пры шырыні тэхнікі звыш 2,65 метра яе пры пераездах павінна суправаджаць спецыяльная машына ДАІ. А ў гэтую катэгорыю ўваходзяць, напрыклад, энерганасычаныя трактары МТЗ-3022 і К-744. Што ўжо казаць пра шыроказахопную пасяўную і ўборачную тэхніку? Па-другое, уся прычапная і навясная тэхніка павінна мець штатную спраўную светлавую сігналізацыю: ліхтары і ўказальнікі паваротаў. Калі заводам-вытворцам не прадугледжана ўстаноўка такой сігналізацыі, то на тэхніку трэба прымацаваць святлозваротныя элементы.
Пасля кароткага інструктажу ўсе выйшлі на пляцоўку для агляду тэхнікі. Трактары і прычэпы да гэтага дня спецыяльна вымылі, падфарбавалі, выдаліўшы іржу. Пра рамонт і належны стан працы ўсіх элементаў і гаварыць не варта — усё працавала як належыць.
Першым пад’ехаў пагрузчык “Амкадор”. Станіслаў Кажан спачатку аглядае яго звонку, потым правярае нумары рухавіка і іншых агрэгатаў, якія павінны адпавядаць запісаным у дакументах. Механізатар запускае рухавік, праязджае некалькі метраў, затым націскае на педаль тормаза — пяцітонная машына спыняецца рэзка, нібы ўкапаная — тармазная сістэма працуе спраўна. Запаліць фары, паказаць павароты, стоп-сігналы, даць сігнал гукавы — зноў усё працуе як належыць.
Пасля гэтага наступны трактар, яшчэ і яшчэ — усяго на агляд было прадстаўлена больш за дваццаць адзінак тэхнікі. Таксама ўдзялялася ўвага стану пакрышак: каб быў высокі пратэктар, каб бакавыя шчыліны не разыходзіліся. Дарэчы, “Чарэйшчына” набыла некалькі пакрышак для трактароў МТЗ-82 і прычэпаў, аднак галоўная ўдарная сіла гаспадаркі, МТЗ-3022, пакуль яшчэ патрабуе “пераабування”.
Увечары былі падведзены вынікі. На агляд у ААТ “Чарэйшчына” было прадстаўлена 23 трактары, адзін пагрузчык, адна машына для ўнясення ўгнаенняў і апырсквання “Раса” і чатыры прычэпы. З усёй тэхнікі агляд прайшлі 14 трактароў, пагрузчык, “Раса” і два прычэпы. Астатняй тэхніцы будзе дадзены другі шанц пасля правядзення рамонту і належнага абслугоўвання.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>