Из лепельских парней вырастают хорошие специалисты

img_6900 За рулём, як і ў жыцці ўвогуле, трэба быць пільным і абачлівым. Не варта “паганяць коней” і дадаваць абаротаў. Трэба заўсёды памятаць пра крутыя павароты і коўзкія ўчасткі дарог, на якіх можа занесці. Перш чым адважыцца ляцець на скрут галавы, трэба падумаць пра тое, што ты ў адказе не толькі за сябе, а і за сям’ю сваю — за дзяцей і ўнукаў.

Вадзіцель Пётр Грыдзюшка — чалавек спакойны, разважлівы. Пра такіх кажуць — самастойны. Я б дадаў — і самадастатковы, упэўнены ў сваіх сілах і здольнасцях. Працуе Пётр у філіяле ДЭУ-37 РУП “Віцебскаблаўтадар”. Ну, якая там зарплата ў вадзіцеля-дарожніка і ў жонкі яго Людмілы — паштальёна! Аднак пабудавалі дом у Лепелі. Што тут казаць, будаваўся, лічы, сам гаспадар, балазе рукі залатыя, спраўляюцца не толькі за баранкаю, але і з сякераю, і з пілою. Адразу бачны жыццёвы почырк чалавека сельскага, ад сахі і плуга, ад сякеры і габлюшкі.
Памайстраваць, дарэчы — яго хобі. Ёсць дома дрэваапрацоўчы станок, пасля хаты пабудаваў гаражы, лазню. Іншае захапленне — завіхацца ля свайго “Гольфа”. Машына і не старая быццам, ды ўжо і не новая, патрабуе догляду. Машыны — як дзеткі маленькія, даглядаеш іх, выходжваеш, трацішся, але ж і адчуваеш прытым у жыцці пэўны камфорт.
Ці прыпомніць ужо зараз Пётр, як упершыню самастойна сеў за руль? Напэўна, калі бацька-трактарыст, які браў з сабою сына на працу, дазваляў часам за яго развезці па полі гной. Колькі ж было ў малога шчырага непадробнага шчасця ад такой вольнай самастойнасці! На мапедзе ганяў па роднай Свядзе гадоў мо ў дванаццаць, а ў шаснаццаць займеў матацыкл “Усход”. Якія там яшчэ правы! Хіба знойдзеш у вёсцы хлопца-падлетка, які не ганяў бы на мапедзе ці матацыкле, уласнымі рукамі скручаным-звінчаным, у суседнюю вёску на танцы!
У суседняй Велеўшчыне ён неўзабаве і знойдзе сваю Людмілу. Аднак гэта будзе пасля. А пакуль хадзіў у “сераднячках” па Слабадской школе. Да навукі, як і многіх равеснікаў не надта каб цягнула, а вось да тэхнікі — нястрымна. Гутарым з Пятровічам у кабінеце яго начальніка. Той у гэтым месцы раптам задуменна ўздыхае і кажа: “Дзіўна, але менавіта з такіх вясковых хлопцаў і вырастаюць затым добрыя спецыялісты”. Сапраўды, Пётр Грыдзюшка не прайшоў нават праз ПТВ. Пасля дзесяці класаў адным з першых сярод аднакласнікаў, пайшоў у армію. Ледзьве не трапіў у Афганістан, ды абышлося. Служыў у Малдавіі сувязістам у авіяцыйнай часці. А вярнуўшыся, сеў за руль ЗІЛа, уладкаваўшыся вадзіцелем у тагачаснае ДРБУ-202. Навошта тое ПТВ, калі правы атрымаў яшчэ ў школе, дзе займаўся ў навучальна-вытворчым камбінаце? У той час лёгка можна было навучыцца прафесіі яшчэ ў школе. І многія, скажам, мае равеснікі, такім неверагодна лёгкім чынам і абсалютна бясплатна атрымалі вадзіцельскія правы. Кіраваў ДРБУ ў той час Віктар Карпаў, які меркаваў аб людзях менавіта па іх прафесійных здольнасцях, а не па “корачках”. Пётр неўзабаве перасеў на КРАЗ-дваццацітоннік.
Аднак насталі іншыя часіны. Зарплаты ў бюджэтнікаў сталі змяншацца. А трэба было думаць пра свой дом і сям’ю, якую стварыў Пётр яшчэ ў 1989 годзе. І перайшоў Пятровіч, як сам кажа, пагнаўшыся за доўгім рублём, на працу да прыватнікаў. Ішлі першыя гады новага стагоддзя і тысячагоддзя. Імкліва развіваўся прыватны бізнес, і праца ў ім выглядала надзвычай прывабнай. Трэба сказаць, што і працаваў Пятровіч у прыватнікаў даволі доўга. Адны згортвалі бізнес — ён ішоў да другіх. Паспрабаваў сябе і на вытворчасці сухіх сумесяў, і мэблю рабіў.
Ды ўрэшце ўсё ж зноў вярнуўся за баранку. Прывык па сваіх жыццёвых дарогах хадзіць не пешшу, а заставацца за рулём. На гэты раз уладкаваўся вадзіцелем у ДЭУ-37. Тут і працуе — на МАЗе. Возіць пясок, гравій. Зімой чапляе раскідвальнік і адпраўляецца пасыпаць дарогі супрацьгалалёднымі рэагентамі.
Чалавек вясковы, ён у ў горадзе не можа жыць без гаспадаркі. Па-ранейшаму ў яго на падворку і свінні, і куры, трусоў трымаў. І, вядома ж, агарод. Ды і цяжка без гаспадаркі. Хочацца дочкам дапамагчы, хоць тыя ўжо і замужам. А там, глядзіш, і ўнукаў прычакаюць. Жыццё працягваецца…
Працягваецца жыццё, і ў сталым веку адчуваеш ужо адказнасць не толькі за сябе, але і за родных, блізкіх людзей. А таму ўсё цішэй ездзіць Пётр Грыдзюшка, усё асцярожней ён на крутых паваротах. Цішэй едзеш — далей будзеш.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: вадзіцель-дарожнік Пётр Грыдзюшка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>