Яркий «Лучик» согревает детей

img_6829Ёсць у нашым горадзе шмат дамоў старой пабудовы. Як-ніяк сам горад ужо не малады. І я б не сказаў так адназначна, што старыя будынкі па ўсіх параметрах прайграюць новым. Новы ёсць новы, вядома. І ўсё ж сучаснай архітэктуры часам не хапае той “изюминки”, якая вызначае індывідуальны твар кожнага з будынкаў старых. Скажу болей — невялікія ўтульныя памяшканні мне бачыць куды прыемней, чым пампезныя праявы архітэктурнай гігантаманіі, шматлюдныя, але без душы.
Вось ішоў нядаўна па вуліцы Савецкай, бачу, чалавек новы плот зрабіў. Яшчэ не ведаючы, хто тут, за плотам, жыве, шчыра парадаваўся за гаспадара. Агароджа, як кажуць, без наваротаў. Просценькі новы штакетнік. А як жа прыгожа выглядае, нават без афарбоўкі свежая драўніна!
Дайшоў да брамкі і быў нямала здзіўлены, прачытаўшы гравіроўку на драўлянай шыльдзе: “Яслі №1 “Праменьчык”. А знізу — ужо лацініцай: ”Welcom”.
Дык вось тут, аказваецца, хто гаспадар!
— У вас тут “Welcom”? — пытаюся з усмешкай. Адчыніўшы дзверы, тут жа ўбачыў гаспадыню.
Сапраўды, каб сустрэць загадчыцу ясляў, дастаткова проста адчыніць уваходныя дзверы, і тут жа, направа, насцеж расчынены яе кабінет, і тут жа за сталом, сама яна, Алена Кастэнка. Вось ужо сапраўды ні адна муха не прапаўзе міма кіраўніка. Удалы прыём, між іншым, у наш час, калі трэба праяўляць пільнасць да кожнага, хто з’яўляецца ў дзіцячай установе. Так і кажу напаўжартам Алене Вячаславаўне:
— Вы тут і за кіраўніка, і за “сек’юрыці”.
Тая толькі ўсміхаецца ў адказ. І ўсё мне тут пачынае падабацца: цеплыня, як у прамым, так і ва ўскосным сэнсе, атмасферы. У яслях — свая кацельня. Захочуць — пратопяць, хай сабе яшчэ і сезон ацяпляльны не пачаўся, альбо наадварот, скончыўся. Холадна на вуліцы — пратопяць. Трэба ж улічваць, што іх кантынгент — трыццаць сем дзяцей ва ўзросце ад аднаго да трох гадоў — дзве групы, адпаведна па 16 і 21 чалавеку. Будынак хоць і стары — кажуць, што, па некаторых звестках, пабудаваны яшчэ ў трыццаць другім годзе, — ды цёплы. Сцены засыпныя, тоўстыя, холаду не прапускаюць. Ды і драўніну ранейшую, калі яшчэ лес быў са смолкаю, без падсочкі, з цяперашняй не параўнаеш. Дах пакаты, не працякае, як у каторых плоскіх, дзе на ім даху хоць у хакей гуляй.
Падабаецца калектыў: трое выхавальнікаў — двое асноўныя і падменны, трое памочнікаў выхавальнікаў, повар, загадчык гаспадаркі, качагары. Калектыў невялікі. Ды ў падобных заўсёды лягчэй прыйсці да ладу, дабіцца паразумення. Вось і працуюць яны тут, нібы жывуць, адной шчаслівай дружнай сям’ёй. Тым болей, што ёсць людзі, якія шчыруюць тут дзесяцігоддзямі. Яслі сталі для іх родным домам. Напрыклад, повар Ніна Лымарава трыццаць дзевяць гадоў корміць тут дзяцей, а ў Ларысы Ляпо трыццаць чатыры гады працоўнага стажу. І яны яшчэ памятаюць, як у свой час прыводзілі сюды маленькімі бацькоў сённяшніх дзетак.
— Працуем па адмысловай праграме для дашкольных устаноў. Раней яна называлася “Пралеска”, — распавядае адна з найбольш вопытных выхавальнікаў Таццяна Карабань. — Праграма разбіта па ўзростах. Ранні ўзрост — вельмі важны этап у жыцці чалавека, калі закладваюцца асновы будучай асобы, развіцця маўлення і г. д. Выхавальнік павінен ведаць псіхафізічныя асаблівасці дзяцей, не перагрузіць іх. Вучым рухацца, браць прадметы, лазіць, поўзаць. Бліжэй да канца першага года дзеці ўжо асвойваюць рухомыя гульні і практыкаванні Шмат гульняў і заняткаў — па тэме азнаямлення з навакольнымі рэчамі. Знаёмім з уласцівасцямі і функцыямі прадметаў, з элементамі ўяўлення аб сабе. Вялікае значэнне надаем гігіене — як мыць рукі, распранацца і г.д. У праграме таксама культура харчавання (як трымаць лыжку, відэлец), арганізацыя бяспечнага асяроддзя.
— Тут бы лепей праводзіць заняткі з бацькамі.
— А мы так і робім, тым болей, што не ўсе маладыя бацькі дакладна ўяўляюць сабе, як абыходзіцца з дзецьмі такога ўзросту. Збіраем на бацькоўскія сходы, тлумачым, вучым. Працуем з бацькамі таксама індывідуальна, па сітуацыі. На пачатку кожнага года праводзім абследаванні бытавых умоў сем’яў нашых выхаванцаў. Таты і мамы запаўняюць анкету “Давайце пазнаёмімся”.
— Цяжка дзеці прывыкаюць да калектыву?
— Як хто, усё вельмі індывідуальна. Некаторыя ўжо ў паўтара годзіка добра гавораць, а іншыя — маўчуны гадоў да трох. Дзіцяці патрэбны партнёры па гульні. Праводзім навучальныя гульні-заняткі.
Між іншым, трапіць у яслі не так проста. Жадаючых нашмат болей, чым магчымасці ўстановы. Бацькі прыводзяць сюды дзяцей не навобмац, а, як кажуць, праверанымі сцежкамі. Ведаюць, каму давяраюць дзіцяці. Ахвотна адгукаюцца і на просьбы аб матэрыяльнай дапамозе ўстанове, бо кожнаму ж хочацца, каб яго дзіця выхоўвалася ў добрых умовах.
Участак новай агароджы паўстаў стараннямі непасрэдна загадчыцы, паставіць плот дапамог муж. Фігуркі на двары — справа рук бацькоў. Кожны год у яслях робяць хаця б невялікі касметычны рамонт. Набылі два трох’ярусныя ложкі, стол, зэдлікі, сцелажы для цацак. Вырабляюць самі большасць наглядных дапаможнікаў і матэрыялаў для гульняў. Майстравітыя тут выхавальнікі. Скажам, Таццяна Францаўна сама вяжа. Яна давала майстар-клас для педагогаў дашкольнай адукацыі па вырабе гульнявых дапаможнікаў.
Вось так і жывуць-працуюць у “Праменьчыку”, не надта спадзеючыся на чыюсьці дапамогу. Стараюцца ўсё самі зрабіць. І свеціць “Праменьчык” ярка дзеткам, якіх чакае вялікая будучыня. Усё мне тут спадабалася, не зразумеў толькі загадкавага замежнага “Welcom” на ўваходзе. Даніна модзе? Ці не лепей было б пабачыць прыемнае наша “Калі ласка”!
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>