Представители местной власти обсудили ряд насущных вопросов в Камне

img_1263На чарговую сустрэчу з інфармацыйна-прапагандысцкай групай райвыканкама, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, сабраліся каля 20 работнікаў ААТ “Ладасна” — амаль усе, хто быў на той момант на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі.

img_1262У склад групы ўваходзілі таксама дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Іванова, дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху Алена Вашкевіч, дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Вадзім Варган, старшыня Каменскага сельсавета Мікалай Сініцын і іншыя адказныя асобы. Галоўная тэма сустрэчы была акрэслена так: павышэнне ўзроўню даходаў людзей праз самазанятасць. Ігар Урбан прыводзіў наступныя аргументы:
— Не сакрэт, што ў сельскай мясцовасці вельмі напружаная сітуацыя як з заробкамі, так і з наяўнасцю працоўных месцаў. Калі чалавек па нейкай прычыне звольніўся з сельгасарганізацыі, яму даволі праблемна знайсці паблізу новае месца працы. Служба занятасці, вядома, аказвае некаторую дапамогу ў пошуку новага месца працы, але так склалася, што ў асноўным вакансіі сканцэнтраваныя ў горадзе, а паездзіць штодня ў Лепель — даволі накладна і нязручна. Таму грамадзянам прапануецца самазанятасць як сродак павелічэння ўласных даходаў. Прычым не абавязкова, што нейкай справай будзе займацца беспрацоўны чалавек. Калі ў працуючага ёсць жаданне і сілы, ён таксама можа выкарыстоўваць вольны час з карысцю і даходам для сябе. А дзяржава ў любым выпадку толькі падтрымае падобныя ініцыятывы. У апошнія гады прыняты шэраг нарматыўных актаў, якія рэгулююць гэтую сферу. Напрыклад, людзям прапануецца займацца рамесніцтвам. Пералік заняткаў даволі вялікі, сюды ўваходзяць разьба па дрэве, выраб рэчаў з лазы, вышыванне, вязанне венікаў — шмат усяго. Умовы заняткаў простыя: зарэгістраваўся ў падатковай, заплаціў падатак у адну базавую велічыню на год, а гэта 25,5 рубля, — і працуй, зарабляй. На сёння ў раёне зарэгістраваны 153 рамеснікі, яны вяжуць венікі, робяць цацкі, вышываюць, малююць карціны. Рэалізоўваць сваю прадукцыю грамадзяне могуць любым спосабам: на базарах, праз інтэрнэт, магазін “Скарбонка” ў Цэнтры рамёстваў.
Другі напрамак самазанятасці — аграэкатурызм. Там таксама простая працэдура рэгістрацыі, падатак зноў жа адна базавая велічыня ў год. Аднак, наколькі ведаю, першапачаткова трэба стварыць годныя ўмовы для прыёму гасцей, турыстаў. У раёне працуюць 24 аграсядзібы, усе яны паспяховыя. Гаспадары мне распавядалі, што самы іх плённы перыяд гэта лета і святы.
Вяскоўцы вядуць асабістую прысядзібную гаспадарку, частку прадукцыі, атрыманай на ўласных падворках, можна зноў жа самымі рознымі спосабамі рэалізоўваць і атрымліваць даходы. Толькі трэба ўзяць даведку з мясцовага сельсавета, што ніякіх цяжкасцяў не складае. Гэтак жа можна нарыхтоўваць і прадаваць дзікарослую прадукцыю: ягады, грыбы, лекавыя травы. Заўважу, што пры занятках дадзенымі відамі дзейнасці ніякіх падаткаў грамадзяне не плацяць.
Апошні від — праца па заяўным прынцыпе, аказанне паслуг. Сюды, напрыклад, уключаюцца паслугі па распілоўванні дроў, апрацоўцы агародаў, перавозцы грузаў. Калі ў чалавека ёсць, дапусцім, трактар, ён можа пераворваць, праводзіць культывацыю агародаў аднавяскоўцам, наймацца на дастаўку дроў. Рэгістрацыя ў падатковай службе таксама простая, праўда, плаціць трэба адну базавую велічыню ў месяц, але толькі ў тыя перыяды, калі чалавек рэальна працуе. Такой справай займаюцца, па дадзеных раённай падатковай інспекцыі, 219 чалавек.
Дзяржавай прадугледжваецца падтрымка малых формаў бізнесу ў выглядзе субсідый памерам да 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, на сёння гэта 216,9 рубля. А вяскоўцам можа быць аказана дапамога да 15 БПМ. Дарэчы, за мінулы год 13 жыхароў нашага раёна скарысталіся такімі субсідыямі.
Калі ж чалавек не бачыць у сабе сіл, жадання працаваць самастойна, а вакансіі па спецыяльнасці няма, можна з дапамогай службы занятасці прайсці перанавучанне на прафесіі, больш запатрабаваныя на рынку працы. 22 чалавекі летась такім чынам прайшлі перападрыхтоўку. Пры гэтым, заўважым, працэс для іх быў бясплатным.
Разам з тым у нашай размове хацелася б падняць іншыя актуальныя праблемы. Самая, на мой погляд, паказальная — стан прысядзібных тэрыторый і вясковых могілак. З надыходам вясны мы актывізуемся, наводзім чысціню і парадак, вывозім смецце. Аднак часта можна назіраць, як некаторыя людзі, жыхары нашых вёсак лянуюцца, а калі ім гаворыш, напамінаеш, яшчэ і сварацца, маўляў мне не трэба, мне і так добра. А што часам робіцца на могілках — страшная карціна: смецце скідваюць куды заўгодна, толькі не на смеццевыя пляцоўкі.
Сказанае пацвердзіў старшыня Каменскага сельвыканкама Мікалай Сініцын:
— Сапраўды, нават у вёсках ёсць магчымасці для павышэння сваіх даходаў праз самазанятасць. Не праблема мець агарод, апрацоўваць яго, трымаць жывёлу, а атрыманую прадукцыю рэалізоўваць. На тэрыторыі сельсавета працуюць восем аграсядзіб. Іх гаспадары не маюць, канешне, звышпрыбыткаў, але пастаянны, стабільны даход — атрымліваюць. Нядаўна дзяўчына звярнулася да нас, папрасіла памяшканне пад цырульню. Не праблема, у будынку сельвыканкама выдзелілі ёй кабінет, нават сумесна зрабілі рамонт. На днях яна павінна адчыніцца. Так што толькі працуйце, не лянуйцеся.
Работніца ААТ “Ладасна” задала пытанне аб тым, што каля могілак у Камені запоўненыя кантэйнеры. Між тым у хуткім часе, напярэдадні Вялікадня і асабліва Радаўніцы людзі будуць наведваць
могілкі, ачышчаць тэрыторыю, а куды смецце дзяваць?
— Калі кантэйнеры запоўненыя, складвайце сабранае смецце на пляцоўках каля іх, — адказваў Ігар Урбан. — Самае галоўнае — не разносіць смецце і друз па наваколлі, няхай яны будуць складзены ў адным месцы. Пасля таго, як вызваліцца тэхніка, усё будзе вывезена.
Мужчына падняў пытанне аб магчымасці саманарыхтоўкі дроў. Адказваў Мікалай Сініцын:
— Зараз рыхтуюцца змены ў заканадаўстве, яны павінны ўступіць у сілу з першага красавіка. У мясцовыя органы ўлады, у лясгасы прыйдуць нарматыўныя дакументы, дзе павінны быць распісаны ўсе працэдуры, у тым ліку і па выдзяленні лесу насельніцтву на ўмовах саманарыхтоўкі. Ёсць яшчэ адзін спосаб саманарыхтоўкі дроў — абпілоўванне ўзбочын мясцовых дарог. Для гэтага трэба звярнуцца ў ДРБУ-202. Разам з іх спецыялістам вы вызначыце месца, дзе можна займацца нарыхтоўкай. Наколькі ведаю, дровы ўздоўж дарог увогуле можна нарыхтоўваць бясплатна, але ёсць адна абавязковая ўмова: нарыхтоўшчык павінен спілоўваць не толькі патрэбныя яму дрэвы, а ўсю расліннасць, у тым ліку і кусты, а таксама спальваць іх і непатрэбнае галлё, каб узбочыны дарог заставаліся чыстымі.
Падводзячы рысу, можна сказаць, што наш дабрабыт залежыць толькі ад нас, ад таго, як мы самі папрацуем. Дзяржава не можа вырашыць усе праблемы, таму варта і самім паклапаціцца аб сабе.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: на сустрэчы ў Камені.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>