Лепельская РО ОО «БелТИЗ» заняла первое место в Витебской области

dsc_0052 У актавай зале цэнтра сацыяльна-бытавой, сацыяльна-працоўнай і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў Лепельскага раёна напярэдадні Дня жанчын адбылося тэматычнае свята. Ужо ў фае прыгожыя жанчыны віталі адна адну, віншавалі са святам. Адчуваўся вясенні настрой, пазітыў і радасць лёталі ў паветры. У гэты дзень і сонейка свяціла ярчэй,  нагадваючы аб абуджэнні прыроды.

Сабралася поўная зала наведвальнікаў, каб паглядзець канцэрт і ўзняць сабе настрой. Артысты рабілі апошнія прыгатаванні, хаваючы сваё хваляванне, а гледачы чакалі выступлення.
Зайгралі мілагучныя акорды, і ўдзельніцы ансамбля беларускай песні Лепельскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” “Мятліца” расказалі чуллівы верш, прысвяціўшы яго ўсім жанчынам у зале. Заўсёды з задавальненнем слухаю гэтых артыстак, якія актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах у нашым горадзе. Здаецца, у іх ужо няма страху сцэны, як быццам з ранняга дзяцінства на ёй — так упэўнена выступаюць.
dsc_0032Як толькі з’явіліся ўдзельнікі тэатральна-музычнага гуртка “Калабок” пры аддзяленні дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю пад песню “Бабушки-старушки”, усе адразу пачалі апладзіраваць. Хлопцы, пераапранутыя ў жанчын, так добра гралі бабулек, што на працягу ўсяго выступлення не сціхаў у зале смех. Іх сцэнкі ўжо сталі вельмі папулярнымі сярод гледачоў.
Калі выйшаў Арцём Марчанка, кіраўнік камп’ютарнага гуртка “Паскаль”, спачатку здалося, што будзе распавядаць пра сур’ёзныя рэчы. Выступленне называлася “Шлюбны кантракт”, у якім дзялілі маёмасць муж і жонка з цешчай. Не магла забыць некаторыя моманты нават прыйшоўшы дадому: “Пачалі дзяліць з тэлевізара. Праз гадзіну я трымаў у руках сваю маёмасць: батарэйку, у якой сышоў тэрмін прыдатнасці, праграмку і стары пульт. А жонцы дастаўся тэлевізар… Калі я выйду з дому, каб вынесці смецце, яно, напэўна, застанецца маёй адзінай маёмасцю…” І такія вясёлыя моманты дзяльбы Арцём расказваў на працягу шасці хвілін.
Дзмітрый Гаўрушын узняў настрой жанчынам, прысвяціўшы ім песню, а потым павіншаваў усіх прысутных са святам і пажадаў быць самымі прыгожымі, шчаслівымі і, канечне, здаровымі.
Канстанцін Матросаў прачытаў верш-віншаванне ў адрас жаночай паловы.
Шмат добрых слоў было сказана ў адрас маці, якія выгадавалі сваіх дзяцей, чые рукі самыя цёплыя, чые вочы самыя ласкавыя і дарагія. Святлана Манчул і Надзея Шайтар таксама расчулілі жанчын вершаванымі радкамі.
А вось Юлія Бараноўская, пераапранутая ў матроса, ярка і запамінальна выканала танец “Яблочко” і ў адказ ад гледачоў атрымала ўдзячныя апладысменты. Шмат уражанняў атрымалі прысутныя і ад вакальнага ансамбля “Гармонія”, які вядомы не толькі ў нашым раёне. У рэпертуары калектыву — песні, якія з задавальненнем падпяваюць слухачы.
Вельмі люблю вершы ў выкананні Алы Весяловай. У гэты дзень яе гумарыстычныя творы былі адрасаваны менавіта жанчынам.
Алена Нагулян выканала песню “Колокольчик звенит”, а зала ёй падпявала і шчыра апладзіравала.
Старшыня Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Вольга Мартыновіч павіншавала ўсіх прысутных, а таксама падзялілася прыемнай навіной:
— Рашэннем цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” наша раённая арганізацыя па выніках 2018 года заняла ў комплекснай працы з інвалідамі па зроку першае месца ў Віцебскай вобласці. Пяты год запар мы трымаемся на гэтай прыступцы. Мне выпала магчымасць павіншаваць увесь калектыў, які працаваў мінулы год не пакладаючы рук. Фаіна Беразняцкая ў складзе каманды ў інтэлектуальным конкурсе “Эрудыт” заняла першае месца. Юлія Бараноўская не толькі танцуе, але яшчэ і заўзятая спартсменка. На пяцімятровай вышыні ўдзельнічала ў спаборніцтвах на турыстычнай трасе. Аляксандр Шчарбакоў і Сяргей Капусцін — удзельнікі гульні “Голбол” у спецыяльных акулярах. Надзея Шайтар пастаянна прымае ўдзел у конкурсе “Я самы рэабілітаваны”.
Таксама былі ўзнагароджаны артысты, якія выступалі падчас шматлікіх мерапрыемстваў у нашым раёне, а таксама на працягу 2018 года правялі дзесяць выязных канцэртаў. Мінск, Барысаў, Гарадок, Езярышча… — шмат гарадоў наведалі, дзе паказалі сваё майстэрства. Гэта Валянціна Кісель, Марыя Кудрашова, Валянціна Карымава, Ірына Ісаковіч, Тамара Урбан, Людміла Мартыновіч, Людміла Шунто, Уладзімір Вілетка, Дзяніс Аблавушка, Сяргей Мартыновіч, Ніна Бунакова.
Уладзімір Вілетка прадэманстраваў аўтарскую вясёлую сцэнку пра дзеда, які перад святам выбіраў падарунак сваёй бабе. Усе ў зале смяяліся ад яго жартаў на працягу выступлення, асабліва калі прымерваў жаночую бялізну.
Кожны з гледачоў пакідаў залу цэнтра з добрым настроем, бо артысты дарылі станоўчыя эмоцыі ад душы і са шчырым сэрцам.
Хочацца адзначыць, што наведвальнікі аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падрыхтавалі выдатную канцэртную праграму. Удзельнікі паказвалі гледачам сваю творчасць, жыццярадаснасць, артыстызм і талент. Нельга было не заўважыць агеньчык у іх вачах, калі яны спявалі, танцавалі, паказвалі тэатральныя пастаноўкі, чыталі вершы і чулі ў свой адрас авацыі гледачоў. Усе прысутныя атрымалі вялікі зарад выдатнага настрою.
Н. МІЦЬКІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>