Профсоюзная жизнь Лепельщины

img_1108У пасяджэнні савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, якое прайшло ў райвыканкаме, прыняло ўдзел больш за 30 прадстаўнікоў працоўных калектываў прадпрыемстваў. У раённае прафсаюзнае аб’яднанне ўваходзяць 10116 чалавек, гэта 110 пярвічных арганізацый, восем прафесійных груп, тры цэхавыя камітэты, чатыры раённыя прафсаюзныя аб’яднанні, якія прадстаўляюць
16 галіновых  прафсаюзаў.

У справаздачным дакладзе старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Мілы звярнуў увагу на шэраг важных момантаў. На сёння пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі створаны і актыўна дзейнічаюць на ўсіх прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці. Бліжэйшая задача — ахоп прафсаюзным рухам прыватных прадпрыемстваў. Трэба стварыць там актыўныя структуры, якія б на належным узроўні выконвалі функцыі абароны правоў працоўных.
Важным інструментам абароны правоў работнікаў з’яўляецца калектыўны дагавор — унутраны лакальны дакумент, якім рэгламентуюцца правы і абавязкі наймальніка і работнікаў. З нядаўняга часу, згодна з рашэннем райвыканкама, калектыўныя дагаворы і дадатковыя пагадненні не прымаюцца на рэгістрацыю без правядзення экспертызы з боку раённага аб’яднання прафсаюзаў і раённых галіновых камітэтаў. Калектыўнымі дагаворамі ў абавязковым парадку павінны рэгулявацца пытанні аплаты працы, прадастаўлення працоўных водпускаў, стварэння годных умоў на працоўных месцах і іншае. Сярод лепшых адзначаны калектыўныя дагаворы, прынятыя ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, ДРАЦ “Жамчужына”, філіяле “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Аднак выкананне калектыўнага дагавора ў многім залежыць ад фінансавага стану самога прадпрыемства. Здараюцца выпадкі, калі суб’екты гаспадарання не могуць выканаць абавязкі па раней прынятых нормах.
На асаблівым кантролі ў прафсаюзаў пытанні заработнай платы. Так, за мінулы год сярэднямесячны заробак на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна склаў 702,6 рубля, сярэдняя заработная плата за снежань дасягнула 798,4 рубля. Па стане на першага студзеня пратэрмінаванай запазычанасці па выплаце заробку не было. Разам з тым занепакоенасць выклікае фінансавае становішча арганізацый аграпрамысловага комплексу, дзе назіраецца наяўнасць пратэрмінаванай дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці, узаемныя неплацяжы.
Актуальнымі застаюцца пытанні кантрактнай формы найму. На сёння каля 75 працэнтаў работнікаў працуюць менавіта па кантракце. З 75-90 працэнтамі з іх кантракты заключаны на тэрмін адзін год і рэгулярна працягваюцца. Разам з тым прыняты шэраг дакументаў, у якіх рэкамендуецца з работнікамі, якія адпрацавалі працяглы час (пяць і больш гадоў), маюць высокую кваліфікацыйную катэгорыю, разрад і пры гэтым не маюць дысцыплінарных спагнанняў, заключаць кантракты на больш працяглы тэрмін, ад трох да пяці гадоў. Гэтым дасягаецца мэта большай сацыяльнай абароненасці. Такім чынам, напрыклад, сталі рабіць у філіяле “Лепельскае ДРБУ-202” РУП “Віцебскаўтадар”. І прафсаюзы вядуць значную работу па павелічэнні тэрмінаў дзеяння працоўных кантрактаў.
У мінулым годзе былі зафіксаваны два выпадкі траўматызму на вытворчасці. 15 сакавіка на тэрыторыі транспартнага ўчастка РСТ аўтамашына МАЗ, рухаючыся задняй хадой, наехала на работніка. Другі выпадак меў месца 30 сакавіка, калі работнік аддзела прымусовага выканання, праводзячы службовыя мерапрыемствы, паслізнуўся на тратуары і атрымаў пералом нагі. У сувязі з гэтым прафсаюзныя арганізацыі ўзмацняюць дзейнасць па ажыццяўленні грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства па ахове працы. У мінулым годзе грамадскія інспектары па ахове працы правялі праверачныя мерапрыемствы ў 52 арганізацыях, выяўлены 184 парушэнні, па якіх выдадзены рэкамендацыі па выпраўленні. Як правіла, гэта не патрабуе вялікіх затрат грошай, часу, сіл. Большасць парушэнняў можа быць выпраўлена ў рабочым парадку. Гэта, напрыклад, забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны, рабочай вопраткай і абуткам, належным інструментам.
Бягучы год для прафсаюзных арганізацый з’яўляецца справаздачна-выбарчым. Акрамя гэтага, сёлета адзначаецца 115-годдзе прафсаюзнага руху ў Беларусі. Прафсаюзы, акрамя іншага, удзельнічаюць у мерапрыемствах Года малой радзімы. Таму лозунг Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы разам!” павінен стаць усенародным.
Удзельнікі пасяджэння прынялі пастановы па далейшым працягу, умацаванні работы па абароне правоў працоўных, удасканаленні дзейнасці па распрацоўцы, заключэнні і выкананні калектыўных дагавораў, павелічэнні тэрмінаў заключэння працоўных кантрактаў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>