«Утомлённые школой» — лучшие!

kvn На базе дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Віцебскі абласны Палац дзяцей і моладзі” прайшоў абласны этап чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па гульні КВЗ сярод школьных каманд “У будучыню з усмешкай”, у якім прынялі ўдзел 15 калектываў.

Арганізатарамі конкурсу выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі “Віцебскі абласны Палац дзяцей і моладзі”. Спонсарам чэмпіянату стаў адкрыты турнір КВЗ “Тэхналіга”.
Мерапрыемства праводзілася з мэтай развіцця сеткі клубаў вясёлых і знаходлівых ва ўстановах адукацыі вобласці як найбольш універсальнай формы баўлення вольнага часу моладзі, выяўлення і падтрымкі талентаў, цікавага вопыту работы, павышэння прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў каманд навучэнцаў КВЗ, адбору лепшых — для ўдзелу ў VI Рэспубліканскім турніры сярод школьных каманд КВЗ “У будучыню з усмешкай”.
Трэба сказаць, што ў журы знаходзіліся людзі, якія ведаюць асаблівасць гульні знутры, сапраўдныя прафесіяналы ў сваёй справе, сярод якіх чэмпіён Брэсцкай лігі КВЗ, чэмпіён лігі УА “ВДУ імя. П.М. Машэрава” Андрэй Яўдошчанка; фіналіст “Тэхналігі”, уладальнік Пінскага кубка КВЗ, фіналіст Магілёўскай лігі Святлана Царонак; чэмпіён УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”, беларускай вышэйшай лігі, удзельнік Міжнароднай лігі Мікіта Яжэнькін. Такіх суддзяў складана чымсьці здзівіць і развесяліць.
Вельмі прыемна, што сярод пераможцаў апынулася і каманда “Стомленыя школай” Бароўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна. Яна заваявала першае месца ў раённым этапе чэмпіянату і займела магчымасць прадстаўляць наш рэгіён на абласным узроўні. І выканала сваю місію годна! А суправаджалі дзяцей і настройвалі на пазітыўны лад музычны кіраўнік Бароўскай сярэдняй школы, кіраўнік каманды Марына Паўлоўская і культарганізатар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Макаранка. Хочацца адзначыць, што склад каманды сёлета зменены поўнасцю. Здаецца, яшчэ не паспелі разам папрацаваць, а ўжо прывезлі Дыплом Галоўнага ўпраўлення па адукацыі III ступені.
Кірыл Тухта (капітан каманды), Уладзіслаў Мацкевіч, Уладзімір Дывак, Ілья Еўстаф’еў і Алена Макарэвіч не маглі стрымаць свайго хвалявання на працягу ўсяго мерапрыемства і супакоіліся толькі пасля таго, як сказалі пра поспех каманды. Так, на самой справе, трэцяе месца сярод пятнаццаці моцных каманд — вынік выдатны. Ад усёй душы віншуем нашых артыстаў і жадаем далейшых поспехаў.
Канечне, без таленавітага кіраўніка не можа быць паспяховага выступлення. Марына Паўлоўская з 2015 года рыхтуе каманду, ведае, як аб’яднаць дзяцей, зацікавіць. Некалькі гадоў таму нават удзельнічала ў двухдзённым семінары па гульні КВЗ у Мінску, дзе абменьваліся вопытам з калегамі, бачылі, як гуляюць знакамітыя каманды. Разам з дзецьмі абмяркоўваюць кожны жарт і сюжэт.
З 2009 года Марына Мікалаеўна працуе ў школе, рыхтуе з навучэнцамі разнастайныя мерапрыемствы, заўважае здольнасці кожнага, дапамагае падабраць вобраз.
Пра цяперашні склад каманды кажа толькі самыя лепшыя словы. Усе ўдзельнікі добра вучацца, а таксама прымаюць актыўны ўдзел у школьным жыцці, спартсмены. Каманда “Стомленыя школай” даўно вызначаецца цікавай гульнёй, добрым гумарам і арыгінальнасцю.
Алена Макаранка адзначае, што ў гэтым годзе было складаней, бо змяніліся ўмовы. Раней у трох конкурсах дзеці маглі паказаць сваё майстэрства, артыстызм і гумар. На гэты раз за шэсць хвілін трэба было паказаць, на што здольная каманда. Жарты павінны быць дзіцячыя і, канечне, каб нідзе раней не гучалі. Прафесійнае журы адразу гэта вызначыць. Аднак, назіраючы за суддзямі, заўважыла, што смяяліся на працягу ўсяго выступлення.
З Віцебска пераможцы прывезлі салодкія прызы ад спонсара чэмпіянату.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>