Интервью с заместителем начальника Лепельского РОВД Виталием Бородейко

img_6424Быць гатовым аператыўна адрэагаваць на паведамленне, хутка прыняць правільнае рашэнне ў складанай сітуацыі, мець выдатную фізічную загартоўку і ў любы час сутак прыступіць да выканання сваіх абавязкаў… Служба ў міліцыі — гэта нават не прафесія, а лад жыцця. У гэтым я пераконваюся кожны раз у час сустрэчы з работнікамі Лепельскага РАУС, якія прысвяцілі службе ў міліцыі не адзін дзясятак год. Сярод іх — Віталь Барадзейка, намеснік начальніка Лепельскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў міліцыі і адбылася наша размова.

— Віталь Уладзіміравіч, у вас за плячыма — значны працоўны вопыт, сотні тэрміновых выездаў, разгляд дзясяткаў злачынстваў… Як жа пачынаўся ваш прафесійны шлях?
— Скончыўшы дзевяць класаў Старалепельскай сярэдняй школы, паступіў у Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць механіка. Калі быў на чацвёртым курсе, нам прапанавалі пайсці на службу ў Лепельскі раённы аддзел унутраных спраў, якая прыраўноўвалася да тэрміновай ваеннай службы. У нас быў выбар: або пайсці працаваць у філіял “Лепельскае ДРБУ-202” РУП “Віцебскаўтадар” і завочна вучыцца ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі або служыць у міліцыі. Я выбраў другое, таму што работу ў міліцыі заўсёды лічыў высакароднай справай.
Так, у 1995 годзе ўладкаваўся вадзіцелем аддзела крымінальнага вышуку (зараз Лепельскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь). Паступіў на завочнае навучанне ў ВДУ імя П.Машэрава па спецыяльнасці “Правазнаўства”. Праз два гады стаў інспектарам патрульна-паставой службы, а ў снежні 1999 года — участковым інспектарам міліцыі. У зону майго абслугоўвання ўваходзілі мікрараён Бяленіца, вуліцы Шпітальная, Усходняя, Сацыялістычная і г.д. У 2002 годзе я быў прызначаны старшым участковым інспектарам міліцыі, а ў 2004-м — намеснікам начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Лепельскага РАУС. З першага чэрвеня мінулага года працую намеснікам начальніка Лепельскага РАУС.
— Вядома, што асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце ўдзяляеце прафілактыцы злачынстваў. Як вы можаце ахарактарызаваць крымінагеннае становішча ў раёне? Магчыма, колькасць пэўных відаў злачынстваў удалося скараціць?
— У цэлым крымінальнае становішча па раёне застаецца стабільным. Дзякуючы актыўнай прафілактычнай рабоце нам удалося зменшыць колькасць крадзяжоў. З трох да двух сёлета знізілася колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Работу па папярэджанні злачынстваў не спыняем. У большасці выпадкаў крадзяжы ўчыняюцца асобамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі і нідзе не працуюць. Здабычай злодзеяў становяцца грошы, хатняя маёмасць, аўтамабілі. Для прадухілення падобных выпадкаў работнікамі крымінальна-выканаўчай інспекцыі перыядычна арганізуюцца сустрэчы з асобамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Разам з работнікамі пракуратуры, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, кіраўнікамі шэрага арганізацый і прадпрыемстваў аказваем ім дапамогу ў працаўладкаванні.
Паколькі большая частка злачынстваў адбываецца ў выніку злоўжывання алкаголем, асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце ўдзяляем прафілактыцы п’янства. Гэта работа плённа вядзецца ўчастковымі інспектарамі міліцыі. Сёлета ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі было накіравана восем чалавек, дзевяць — асуджана для накіравання ў ЛПП.
— Вядома, што работа ў міліцыі аб’ядноўвае людзей, якія з’яўляюцца ўзорам адказнасці, рашучасці і мужнасці. Раскажыце, калі ласка, аб сваіх супрацоўніках.
— Адзначу, што ўсе работнікі Лепельскага РАУС ведаюць справу дасканала, адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, таму выдзеліць кагосьці асабіста цяжка. Вельмі задаволены службай участковых інспектараў міліцыі. Сярод іх — Сяргей Жарнасек, які плённа працуе ў галіне прафілактыкі злачынстваў. Сёлета трое чалавек з яго ўчастка было накіравана ў лячэбна-працоўны прафілакторый, столькі ж асоб асуджана для накіравання ў ЛПП, на траіх грамадзян падрыхтаваны дакументы для разгляду ў судзе. Актыўна вядзе прафілактычную работу з насельніцтвам і ўчастковы інспектар міліцыі Аляксандр Сільвановіч. Матэрыялы на двух асоб ім ужо накіраваны ў суд, яшчэ дзве справы знаходзяцца ў судзе.
Толькі са станоўчага боку магу адзначыць работу інспектараў ДАІ, якія кругласутачна сочаць за парадкам на дарозе, актыўна працуюць па выяўленні вадзіцеляў у стане алкагольнага ап’янення. Сярод іх — Яўген Курмель, які ўжо сёлета затрымаў значную колькасць нецвярозых вадзіцеляў. Асаблівай павагі заслугоўвае Валерый Лешчанок, які выконвае абавязкі начальніка АДАІ і арганізуе работу дзяржаўтаінспекцыі на высокім узроўні. Дзякуючы яго рабоце аддзел ДАІ Лепельскага РАУС уваходзіць у пяцёрку лепшых аддзелаў Віцебскай вобласці.
Асаблівых слоў падзякі за самаадданую працу заслугоўваюць начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Лепельскага РАУС Сяргей Мадзілаў, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Васіль Сушко, работнікі інспекцыі па справах непаўналетніх — начальнік Алег Міхно і інспектар Таццяна Лях. Высокага прафесійнага ўзроўню дасягнуў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ігар Міхно.
— Віталь Уладзіміравіч, кожны раз, праходзячы ўздоўж будынка Лепельскага РАУС, звяртаю ўвагу на яго прывабны знешні выгляд. Бачна, рабоце па добраўпарадкаванні вамі ўдзяляецца належная ўвага.
— Беузумоўна. Імкнёмся зрабіць усё магчымае для таго, каб наведвальнікі Лепельскага РАУС адчувалі сябе ўтульна. Сёлета будзе праведзена рэарганізацыя фае РАУС. Памяшканне для часова затрыманых асоб, якое зараз размешчана пры ўваходзе ў аддзел, будзе знаходзіцца ў іншым месцы. Абноўленае ж фае будзе выглядаць светлым, чыстым і прасторным. Па меры паступлення фінансавых сродкаў праводзім і рамонт кабінетаў работнікаў РАУС.
— Служба ў міліцыі не з лёгкіх. Прыступаць да выканання сваіх абавязкаў трэба ў любы час сутак. Аднак вядома, што работа ў Лепельскім РАУС стала вашай сямейнай справай…
— Так. Мая жонка Таццяна ўжо трынаццаць год працуе інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Вядома, яна разумее ўсе цяжкасці службы ў міліцыі, таму ўвесь час з боку жонкі я адчуваю цёплую падтрымку. Дачка Іна набывае спецыяльнасць архітэктара ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, яна выдатніца вучобы. Сын Уладзіслаў сёлета заканчвае адзінаццаць класаў гімназіі імя І. Ерашова, а малодшы Уладзіслаў — сямікласнік сярэдняй школы №3. Хто ведае, магчыма, хтосьці з нашых дзяцей таксама звяжа сваё жыццё з нялёгкай міліцэйскай службай.
— Віталь Уладзіміравіч, напярэдадні прафесійнага свята дазвольце пажадаць вам, кіраўніцтву і ўсім работнікам Лепельскага РАУС, вядома ж, моцнага здароўя, штодзённага дабрабыту, аптымізму, вытрымкі і поспехаў у нялёгкай, але такой неабходнай для ўсіх працы. Са святам!
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>