Круговорот забот председателя Лепельского сельисполкома

img_0712Зчаго пачынаецца працоўны дзень старшыні сельвыканкама? У Васіля Шапкі ён пачынаецца з ранішняй нарады, дзе разглядаюцца і абмяркоўваюцца пытанні і планы. Што трэба зрабіць сёння, куды заехаць, што высветліць, з кім дамовіцца — нічога нельга ўпусціць. Затым, калі не прыёмны дзень, трэба збірацца ў дарогу. Варта аб’ехаць некалькі населеных пунктаў, сустрэцца са старэйшынамі, наведаць некалькі адрасоў.
Напачатку едзем у Паддуб’е, дзе трэба сустрэцца з мясцовай старэйшынай Нінай Яско, тэма — стан дарог па вёсках. Васіль Шапка дзеліцца сваімі роздумамі:
— Пад час снегападаў вясковыя вуліцы і дарогі паміж населенымі пунктамі перамятала часам так, што машынам праехаць было цяжка. Тады паўставала праблема руху аўталавак. Не, калі аўталаўка зроблена на базе поўнапрывадной машыны ГАЗ-66, тады праблем няма, яна праедзе ўсюды. Калі ж на базе МАЗа, такая можа ехаць толькі па чыстым асфальце ці жвіроўцы. Пасля адлігі на дарогах утварыліся ледзяныя каляіны, якія таксама трэба зразаць, бо па такіх дарогах небяспечна ездзіць на легкавых машынах. У любым выпадку трэба звяртацца ў філіял “Лепельскае ДРБУ-202” РУП “Віцебскаўтадар”, з якім маем дамову, каб дарогу пачысцілі. У выключных выпадках звяртаемся да адміністрацыі КУВСГП “Лепельскае”, дзе могуць выдзеліць пагрузчык, які расчысціць дарогу каўшом.
Акрамя дарог, у гутарцы са старэйшынай паспелі закрануць яшчэ некалькі важных пытанняў, такіх, як стан могілак, кустоўе на пад’ездах да вёсак, апека над састарэлымі. У гутарцы Ніна Уладзіміраўна ўзгадала, што жыхары Зялёнага Вострава скардзіліся на дрэнны стан іх вуліц, маўляў, аўталаўка не можа праехаць.
— Не будзем спяшацца з высновамі, спачатку пабачым сваімі вачыма, — кажа Васіль Іванавіч.
Едзем па вёсцы Зялёны Востраў, зварочваем на бакавую вулачку. Легкавая машына ВАЗ-2107 нетаропка едзе. Так, не разгонішся, але і не загразнеш. Відаць, што дарога ачышчаная, праўда, ёсць неглыбокая ледзяная каляіна, якая ўсё ж невялікая, легкавы аўтамабіль праязджае без цяжкасцей, грузавы — тым больш. Так мы дабраліся да краю вёскі, праехалі лясной дарогай і праз некалькі соцень метраў дабраліся да вясковых могілак. Там быў нават расчышчаны невялікі пляц для развароту.
— Не разумею, у чым тут праблемы? — разважае старшыня сельвыканкама. — Мы праехалі, развярнуліся — значыць, і аўталаўка павінна свабодна праязджаць. Потым пагутарым з вадзіцелямі.
Развярнуўшыся, паехалі назад, у Вялікі Поўсвіж, на цэнтральную сядзібу КУВСГП “Лепельскае”. Там якраз заспелі дырэктара Рамана Місніка, які збіраўся сам у аб’езд па аб’ектах гаспадаркі. Паспелі толькі крыху пагутарыць.
— Раман Сямёнавіч, пагрузчык выдзелілі, як дамаўляліся?
— Так, ён выехаў, будзе чакаць вас на павароце на вёску Казлы.
— Навошта чакаць?
— Пакажаце яму на месцы, што і як чысціць.
Зноў — у машыну, мінаем Малы Поўсвіж, вось і пагрузчык на ўзбочыне.
— Чаму стаіце? — пытаецца Васіль Іванавіч.
— Я сам са Старых Валосавічаў, мясцовыя дарогі і вуліцы ведаю дрэнна, — кажа трактарыст Аляксандр Гарыслаўка, — а што канкрэтна рабіць трэба?
— У Чарнаруччы памёр чалавек, яго сёння або заўтра будуць хаваць на могілках у вёсцы Казлы. Трэба прачысціць туды пад’езд, гэта каля 300-400 метраў. І абавязкова трэба расчысціць пляцовачку для развароту машын, каб не даводзілася потым гэтыя 300-400 метраў выязджаць задняй хадой.
Пагрузчык тут жа пачаў расчыстку, коўш за каўшом снег і ледзяшы ссоўваліся з дарогі, утвараючы зручны праезд.
Аб’езд вырашылі закончыць вёскай Чарнаручча.
— Трэба паглядзець, як там падтрымліваецца парадак. Асабліва мяне непакоіць крайні ад дарогі дом. Уладальнік яго жыве ў Лепелі, у самім жа доме некалькі месяцаў, наколькі ведаю, пражывала яго сястра. Зараз, мне сказалі, жанчына з’ехала, але вакол сядзібы заставаўся беспарадак.
Зараз сядзіба і тэрыторыя вакол яе засыпана снегам, але вясной трэба будзе звязацца з уладальнікам, каб той навёў належны парадак. Паводле заканадаўства, гаспадар павінен утрымліваць і добраўпарадкоўваць не толькі сваю зямлю, а і непасрэдна прылеглую тэрыторыю.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Аляксандр Гарыслаўка і Васіль Шапка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>