Стипендии — лучшим учащимся

lodeМедыцынскі цэнтр “ЛОДЭ” ў чарговы раз падрыхтаваў стыпендыі траім лепшым вучням ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Лепеля”. Намеснік дырэктара медцэнтра Віялета Сілакова ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла ўзнагароды вучням адзінаццатага класа Вікторыі Івановай, Сяргею Крывіцкаму і Валянціне Грынкевіч. Гэтыя вучні атрымліваюць гадавыя стыпендыі ўжо ў трэці раз. Увогуле, супрацоўніцтва навучальнай установы з цэнтрам доўжыцца на працягу сямі гадоў.
Гутарым з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 Ірынай Кляшторнай.
— Навучэнцы атрымліваюць стыпендыю за поспехі ў вучобе?
— Матэрыяльная падтрымка аказваецца навучэнцам, якія вызначаюцца не толькі выдатнай вучобай, а і актыўнай дзейнасцю, якая праслаўляе школу на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Адзначаюцца лепшыя вучні не адзін раз на год, а па выніках чвэрці. З 2012 года матэрыяльнае заахвочванне з улікам вышэй узгаданых вучняў атрымалі 98 старшакласнікаў.
— Ірына Васільеўна, чым вызначыліся апошнія стыпендыяты?
— Вікторыя Іванова трэцюю стыпендыю атрымлівае за перамогі ў раённых, абласных алімпіядах па фізіцы, матэматыцы, а цяпер вызначылася ў раёне і вобласці ў алімпіядзе па астраноміі. Пастаянна ўдзельнічае ў дыстанцыйных алімпіядах. Яшчэ дзяўчынка захапляецца спортам. Валейбалістка, баскетбалістка і не толькі. Абараняе гонар школы ў розных спаборніцтвах. За ўсе гэтыя дасягненні, перамогі і адзначана.
Валянціна Грынкевіч — таксама тройчы стыпендыятка. Захапіў яе хіміка-біялагічны профіль. Не адзін год абараняла гонар раёна сваім удзелам у трэцім і чацвёртым, заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па прадметах. Дыпламантка раённых і абласных алімпіяд па хіміі, біялогіі. Рэгулярна займае прызавыя месцы ў рэспубліцы.
Тройчы стыпендыят і Сяргей Крывіцкі. Стыпендыі атрымлівае за спартыўныя дасягненні. Прычым не за адзін від спорту. Хлопец захапляецца лёгкай атлетыкай, зімовым мнагабор’ем, біятлонам, баскетболам і валейболам. Заўсёды ўдзельнічае ў рэспубліканскіх спартакіядах.
— Чаму такое стымуляванне навучэнцаў практыкуецца толькі ў вашай школе?
— Установе пашанцавала, што тут пасля вайны вучыўся вядомы кардыёлаг, прафесар Уладзімір Гарбачоў, бацька заснавальніка і дырэктара медыцынскай кампаніі «ЛОДЭ» Уладзіміра Уладзіміравіча Гарбачова. Такім чынам, сын дзякуе ўстанове адукацыі за навучанне бацькі. Школе — павага, а навучэнцам — пашана і матэрыяльнае заахвочванне. Хочацца сказаць вялікі дзякуй Уладзіміру Гарбачову, што не забывае нашу школу. І, канечне, мы ганарымся нашымі вучнямі за дасягнутыя высокія вынікі.
Гутарыла Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымку: стыпендыяты разам з дырэктарам школы Аксанай Харлёнак і намеснікам дырэктара медцэнтра “ЛОДЭ” Віялетай Сілаковай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>