Интервью с заместителем председателя Лепельского райисполкома Виктором Азаренком

Group of industrial workers. Isolated on white background. Job. Occupation.

Group of industrial workers. Isolated on white background. Job. Occupation.

Аб тым, якую прафесію выбраць у далейшым, многія хлопцы і дзяўчаты задумваюцца ўжо ў школьныя гады. Адны больш глыбока вывучаюць гуманітарныя дысцыпліны, другія — дакладныя, іншых жа цікавяць прадметы хіміка-біялагічнага профілю. Аб арганізацыі профільнага навучання ў сярэдніх школах нашага раёна пойдзе размова ў інтэрв’ю з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Азаронкам.

— Віктар Уладзіміравіч, вядома, што ў многіх сярэдніх школах нашага раёна створаны профільныя класы і групы…
— Так. У цяперашні час у раёне функцыянуе сем сярэдніх школ, у кожнай з якіх працуюць профільныя класы і групы. 248 навучэнцаў дзявятых — адзінаццатых класаў на павышаным узроўні вывучаюць дзевяць вучэбных прадметаў. Ахоп профільным навучаннем складае 85 працэнтаў у дзясятых і 72 працэнты — у адзінаццатых класах.
— Якім жа чынам устанаўліваецца патрэба ў вывучэнні тых ці іншых дысцыплін?
— Галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама пастаўлены задачы па фарміраванні профільных класаў і арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў пад запыты эканомікі, мінімізацыі колькасці класаў філалагічнага профілю і забеспячэнні эканамічнай мэтазгоднасці арганізацыі профільнага навучання.
Для рэалізацыі пастаўленых задач у кожнай установе адукацыі раёна арганізавана вывучэнне адукацыйных запытаў навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў, вядзецца работа па дапрофільнай падрыхтоўцы. Адкрыццё профіляў ажыццяўляецца пры наяўнасці неабходнай матэрыяльнай базы, інфармацыйных рэсурсаў, а таксама з улікам кадравага патэнцыялу.
У цяперашні час у раёне праведзена значная работа па фарміраванні аптымальнай, кіруемай мадэлі профільнага навучання і прафесійнай падрыхтоўкі.
У 2017 — 2018 навучальным годзе рашэннем Лепельскага райвыканкама для вучняў усіх школ горада і раёна быў адкрыты адзін базавы клас у сярэдняй школе №1 г. Лепеля. Сёлета было прынята рашэнне аб адкрыцці аднаго базавага класа для навучэнцаў усіх школ горада і раёна — як гарадскіх, так і сельскіх на базе СШ №3
г. Лепеля.
Перад прыняццем такога рашэння была праведзена значная падрыхтоўчая работа: аптымізацыя сістэмы адукацыі, дэталёвы аналіз па кожным выпускніку дзявятага класа, разгледжаны магчымасці арганізацыі падвозу навучэнцаў да ўстановы адукацыі і ў зваротным накірунку. Арганізавана сур’ёзная растлумачальная работа з усімі зацікаўленымі асобамі.
Быў атрыманы станоўчы вынік. У цяперашні час у раёне функцыянуе ўсяго адзін базавы дзясяты клас з колькасцю навучэнцаў 21 чалавек. Зведзены да мінімуму базавыя групы ў профільных класах, на фарміраванне якіх ішло нямала часу. Акрамя таго, дадзеныя мэты стымулявалі выпускнікоў дзявятых класаў на атрыманне прафесіі: паступленню ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у тым ліку ў Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. У выніку, калі на працягу шэрага гадоў у дзясятыя класы паступала больш за 60 працэнтаў выпускнікоў дзявятых класаў, сёлета гэты паказчык склаў менш за 55 працэнтаў.
Згодна з вучэбным планам сярэдняй школы з першага верасня 2018 года для вучняў дзясятых класаў арганізаваны адукацыйны працэс па працоўным навучанні па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых). У нашым раёне гэта навучанне арганізавана па III мадэлі: на базе аграрна-тэхнічнага каледжа.
З пісьмовага дазволу законных прадстаўнікоў навучэнцаў заключаны трохбаковыя дагаворы паміж аддзелам па адукацыі, каледжам і навучэнцамі аб прафесійнай падрыхтоўцы на платнай аснове. У каледжы распрацаваны і ўзгоднены з начальнікам аддзела па адукацыі тэматычныя планы па кожнай спецыяльнасці, зацверджаны вучэбныя праграмы. Заняткі праводзяць кваліфікаваныя спецыялісты.
— Па якіх жа спецыяльнасцях вядзецца прафесійнае навучанне?
— Арганізавана навучанне па двух спецыяльнасцях, найбольш запатрабаваных у раёне ў цяперашні час. Юнакі вучацца па спецыяльнасці “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання” (дзесяць чалавек), а дзяўчаты вучацца па спецыяльнасці “Прадавец” (адзінаццаць навучэнак).
— У расклад школьных прадметаў, вядома, уключана і працоўнае навучанне…
— Так. Гэты прадмет у дзясятым класе ўключаны ў школьны расклад вучэбных заняткаў. Яны праводзяцца два разы ў тыдзень: у панядзелак — дзве гадзіны (з 12.55 да 14.35) і ў суботу — чатыры гадзіны (з 8.00 да 11.30).
Паміж школай і каледжам наладжана цеснае ўзаемадзеянне як па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і кантролі за колькасцю наведванняў і паспяховасцю навучэнцаў.
Вучні базавага класа, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, дабіраюцца для праходжання прафесійнай падрыхтоўкі на прыгарадным транспарце па даведках устаноўленага ўзору. Адзін навучэнец дастаўляецца на школьным аўтобусе.
— Безумоўна, прафесійна-тэхнічная падрыхтоўка вельмі спатрэбіцца моладзі ў далейшым…
— Лічу, што арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі менавіта III мадэлі (на базе ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі) з’яўляецца найбольш эфектыўнай і мэтазгоднай формай. На сённяшні дзень у нашым раёне толькі ў Лепельскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы ёсць уся неабходная вучэбна-матэрыяльная база, прафесійныя кадравыя і метадычныя рэсурсы для эфектыўнай арганізацыі прафесійнага навучання, вытворчай практыкі і атрымання навучэнцамі неабходных практычных навыкаў.
— Такая работа, вядома, будзе працягвацца і ў будучым?
— У наступным навучальным годзе запланавана працягваць навучанне па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) для навучэнцаў ужо дзясятых і адзінаццатых класаў сярэдніх школ на базе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. У раёне будзе адкрыты адзін дзясяты базавы клас для навучэнцаў усіх школ раёна. Прагназуецца, што колькасць вучняў гэтага класа будзе 20 — 25 чалавек. Колькасць профільных класаў у раёне складзе сем, дзе будзе займацца каля 140 вучняў. Перад аддзелам па адукацыі, установамі адукацыі пастаўлена задача максімальна пашырыць ахоп вучняў вывучэннем профільных прадметаў прыродазнаўча-матэматычнага цыклу, мінімізаваўшы пры гэтым філалагічны напрамак. Акрамя таго павінна быць забяспечана рацыянальнае выкарыстанне гадзін для дзялення класаў на профільныя групы, а таксама арганізавана эфектыўная дапрофільная і дапрафесійная падрыхтоўка навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
— Вялікі дзякуй, Віктар Уладзіміравіч, за змястоўную размову.
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>