Школа Активного Гражданина на Лепельщины

img_6276 Кожны месяц ва ўсіх школах рэспублікі праводзіцца адзіны дзень інфармавання пад дэвізам “ШАГ” — “Школа Актыўнага Грамадзяніна” — з запрашэннем дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутатаў, медыйных персон. У мерапрыемствах прымаюць удзел навучэнцы восьмых — адзінаццатых класаў.

Мэта гэтай праграмы — выхаваць актыўнага грамадзяніна пры дапамозе той інфармацыі, якую размяшчае на сайце Міністэрства адукацыі пры інфармацыйнай падтрымцы БелТА. Там не толькі прапісаны тэмы дзён інфармавання, а і змешчаны прэзентацыі, мультымедыйныя матэрыялы, якія можна выкарыстаць пры падрыхтоўцы і ў класе.
img_6282У “Школе Актыўнага Грамадзяніна” фарміруюцца гатоўнасць навучэнцаў у будучым удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, выконваць грамадзянскія ролі (напрыклад, выбаршчыка, законапаслухмянага грамадзяніна, члена грамадскіх арганізацый), гатоўнасць самастойна прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Галоўная задача “ШАГа” — пашырэнне ведаў навучэнцаў аб розных падзеях у Беларусі, развіццё ўменняў аналізаваць інфармацыю і весці дыскусію.
Тры асноўныя этапы кожнага мерапрыемства “Школы”: “Мы пазнаём”, “Мы разважаем” і “Мы дзейнічаем”. На першым вядучы (настаўнік, педагог-арганізатар, намеснік дырэктара) павінен інфармаваць навучэнцаў па пэўнай тэме. На другім этапе дзеці могуць задаць свае пытанні настаўнікам або запрошаным выступаючым, абмеркаваць прапанаваныя ў папярэднім этапе тэмы. Гэта павінна развіваць у навучэнцаў крытычнае мысленне, уменне аналізаваць атрыманую інфармацыю, фармуляваць і выказваць уласныя меркаванні. На апошнім этапе дыскусіі дзеці робяць высновы, дзеляцца вопытам па рэалізацыі праектаў і ініцыятыў, уносяць прапановы па ўдзеле ў грамадскім жыцці свайго рэгіёна, малой радзімы.
У школе ў Старым Лядне, напрыклад, прайшла сустрэча навучэнцаў восьмых-дзявятых класаў з прадстаўніцай рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вольгай Каралёвай, якая расказала аб рабоце арганізацыі, яе гісторыі і тым, што патрэбна, каб уступіць у гэтае аб’яднанне.
— Калі вы актыўныя, патрыёты і для вас важная будучыня Радзімы, калі вы хочаце бачыць яе светлай, чыстай, незалежнай — гэтае аб’яднанне менавіта для вас. Яно было створана ў 2007 годзе — яшчэ маладое, але ўступіла ў яго ўжо даволі шмат людзей. “Белая Русь” — не толькі патрыятычная, а і дабрачынная арганізацыя, якая бачыць, каму патрэбна дапамога, і жадае дапамагчы. За гэты год наша раённая арганізацыя падтрымала шмат дзяцей-інвалідаў, мы дапамагалі дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, пастаяльцам “Святліцы”, — распавяла Вольга Мікалаеўна.
Пасля з навучэнцамі быў праведзены “круглы стол”, дзе абмяркоўвалася некалькі тэм. Першы інфармацыйны блок — Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасці, які сабраў амаль трыста студэнтаў і старшакласнікаў, што дабіліся асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. Настаўніца Святлана Пузанава паразважала з дзецьмі аб тым, як такія мерапрыемствы выхоўваюць культуру ў падлеткаў і якія традыцыі можна падгледзець, каб надаць такога ж антуражу школьнаму выпускному вечару.
— У нас у дзявятым класе, напрыклад, шмат хлопцаў, — пачынае закідваць ідэю Святлана Рыгораўна, — а ў восьмым — дзяўчат. Чаму б вам не аб’яднацца і не правесці свой прыгожы баль?
Наступныя інфармацыйныя блокі — XV Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі і XXIII рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба”. Каб навучэнцы праявілі актыўнасць не толькі падчас мерапрыемства, ім было дадзена заданне падрыхтаваць невялікія паведамленні на тэмы, якія закранала дыскусія.
Пагаварылі аб тым, што хакей займае важнае месца ў жыцці нашай краіны, а міжнародны турнір аб’ядноўвае розныя народы і падтрымлівае імідж Беларусі як гасціннай краіны. Што датычыцца “Залатой шайбы”, яна далучае дзяцей і падлеткаў да спорту і рыхтуе новае пакаленне маладых хакеістаў. Аднак актыўны лад жыцця важны не толькі на дзяржаўных і міжнародных турнірах, а і ў дварах роднага горада ці роднай вёскі. Таму Святлана Рыгораўна спытала дзяцей, ці ўмее хто з іх гуляць у хакей, а калі не, ці ёсць жаданне навучыцца.
— У нас як раз заліваецца каток, чаму б не арганізаваць і нам свой турнір? Канькі можна ўзяць на пракат. Ваша задача — сабраць дзве каманды, можна толькі па чатыры гульцы. У наступную суботу гуляем — галоўнае, каб лёд не растаяў!
Тут жа даручылі аднаму з навучэнцаў заняцца арганізацыяй і ў ходзе бурнага абмеркавання нават пачалі разбівацца на каманды. Такім чынам, “Школа Актыўнага Грамадзяніна” не толькі вучыць дзяцей весці дыскусію, слухаць адзін аднаго, рабіць высновы і фармуляваць свае думкі, а і падштурхоўвае да ўдзелу ў розных мерапрыемствах, якія аб’ядноўваюць калектыў, прывучаюць да актыўнага ладу жыцця і ніколі не дадуць школьнікам засумаваць.
Алена МАРЦІНОВІЧ.
На здымках: навучэнцы Старалядненскай школы слухаюць выступленне прадстаўніцы Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вольгі Каралёвай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>