Светлая память о Великой победе

veteranУ Бароўцы шмат цікавых пажылых людзей. Калі ішоў па чарговым адрасе, сустрэў бабулю гадоў васьмідзесяці са… скандынаўскімі палкамі. Не старэюць душой ветэраны…  Не старэе душой і тая надзвычай цікавая асоба, да якой я ішоў па загадзя вызначаным адрасе. Ішоў, прызнацца, без асаблівай надзеі на спатканне, бо мяне яшчэ ў сельсавеце папярэдзілі — застаць дома майго адрасата надзвычай праблематычна. Прынамсі, да абеда, бо ў гэты час у яе, Марыі Фёдараўны, ранішні паход — па магазінах, у аптэку і г.д.

Не ведаю, як часта ветэран Вялікай Айчыннай вайны, дзевяностатрохгадовая Марыя Шатыронак наведвае аптэку. Адно магу сказаць: лечыць яна пакуль сябе зусім не таблеткамі ды мікстурамі. Ну, хіба што гэтымі днямі крыху занядужала, засталася дома, і таму мне пашчасціла з ёю сустрэцца.
Лечыць сябе Марыя Фёдараўна думкаю, што ніякія лякарствы ёй не патрэбны, а трэба рухацца, каб жыць. І таму так і не ўгаварылі яе звярнуцца да паслуг сацыяльнага работніка.
— Сама не зломак, — катэгарычна заяўляе бабуля, — я яшчэ сама ўсё магу.
Марыя Фёдараўна і пыласосіць вялізны дыван на падлозе, і працірае падаконнікі, і посуд мые, і гатуе сабе.
— А хто ж вам са столі павуціну змяце? — паказваю на высокую ў кватэры столь.
— Дачка прыедзе з Мінска, змяце, унукі прыедуць. Вы не падумайце, мне не шкада грошай на сацработніка, самой сябе шкада, што буду сядзець як прынцэса.
І не ведаеш пасля такіх слоў, ці шкадаваць бабулю, ці, наадварот, смяяцца. Зрэшты, з каго смяёмся? Паселі па машынах, па кабінетах. Гіпадынамія, атлусценне… А ў кватэры спрытнай рухавай жанчыны не зной-
дзеш пылу нават з дапамогай вялікай лупы, якую Марыя Фёдараўна трымае на пісьмовым стале — так, на ўсялякі выпадак.
Не чытае бабуля. Зноў жа, нібы апраўдваецца, прычына не ў грашах. Проста не чытаецца ўжо. Перачытала Марыя Фёдараўна за сваё жыццё вельмі шмат.
Я яе разумею — і вочы яшчэ бачаць, хаця ўжо і не вельмі добра, і галава светлая, а не чытаецца. Вось і гэты артыкул можа не пабачыць. Шкада! Ёй, пажылой жанчыне, лепей па вуліцы прайсціся са светлай галавою, а летам — на агарод. Уяўляеце, яна яшчэ да гэтага часу агарод трымае і не пад акном, ля лавачкі, а ля возера Лядненскае. Дзе бароўскія “выселкі” (тут яе дом), і дзе Лядненскае возера! Абавязкова моркаўкі, бурачкоў, і нават памідорак пасадзіць, каб затым усё лета іх даглядаць. І на агарод — вядома ж, пехатою.
***
u-13Марыя Шатыронак — чалавек вясковы. Дакладней, не Шатыронак, а Сышчанкова, калі ўжо гаварыць пра яе расійскае і вясковае паходжанне. Сышчанковы жылі на Смаленшчыне, у вёсцы Барсукі таго самага Катынскага сельсавета. Зараз назву Катынь ведае ці не ўвесь свет, яна не саступае вядомасцю нашай Хатыні. Толькі на Смаленшчыне робяць чамусьці націск на першым складзе, прамаўляюць як Катынь.
Бацька быў да вайны старшынёй сельсавета, а ў хаце тым часам, Маша добра памятае, сцяна нахілілася, стаялі два ложкі і стол. Больш нічога не было. Жылі вельмі бедна. У першыя ж дні вайны Фёдар Сышчанкоў пайшоў на фронт, а ў сорак другім на яго прыйшла “похоронка”. Марыя дакладна не ведае, дзе загінуў бацька. Зрэшты, бабуля з цяжкасцю бярэцца каментаваць і той факт, якім чынам сям’я апынулася ў Смаленску. Толькі даводзіць, што школу яна заканчвала менавіта там. Восем класаў — і пачалася вайна.
А затым — галоўная падзея ў яе жыцці, якую бабуля таксама бачыць нібы ў тумане. Быў у Смаленску шпіталь, і іх, дзяўчат, сагітавалі туды на працу: яе, стрыечную сястру Тоню і сяброўку (імя не ўспомніла). Так утраіх і падаліся яны ў шпіталь.
— Чаму? — пытаюся. — Вам кепска жылося?
— Не ведаю, — паціскае плячыма. — Памятаю, мама была супраць. Тым болей, я адна была ў сям’і.
І тым не менш, яны — у ваенным шпіталі. Працуюць санітаркамі. Выконваюць усялякую, самую брудную працу. Мыюць падлогу, прыбіраюць, пераапранаюць, даглядаюць параненых. Праца знясільвае, бо яна і днём, і ноччу.
— Пойдзеш у сталовую, паясі — і зноў за працу, — прыгадвае Марыя Фёдараўна.
Шпіталь прасоўваўся ўслед за фронтам. Па якіх накірунках быў гэты шлях, праз якія гарады рухаліся, бабуля казаць не бярэцца. Зрэшты, я і тут яе добра разумею: ім, маладым дзяўчаткам, там, у шпіталі, хіба быў час цікавіцца геаграфіяй? Трэба было рабіць сваю руцінную, брудную, але высакародную справу. На вайне, як на вайне. Там не бывае высокага і чыстага. Там часцей бруд і руціна. Шпіталь — гэта таксама вайна, хоць і не са зброяй. Фронту вельмі патрэбна была і іх, дзяўчатак, важная справа.
— Смерці не бачыла, не буду маніць, — успамінае Марыя Фёдараўна, — а поту і крыві хапіла.
Па яе словах, да канца вайны паспелі яны дайсці, напэўна, да Польшчы. Зноў жа, гэта толькі меркаванне, а не сцвярджэнне. А перамогу сустрэлі, мусіць, у Бароўцы, куды неўзабаве пасля вайны пераехаў шпіталь, на аснове якога затым і быў пабудаваны ваенны санаторый.
Бабуля не бравіруе, не хваліцца ваеннымі подзвігамі, сціпла падае пасведчанне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і тлумачыць, што калі б не сын-марак, які пасля ўжо знайшоў у архівах факты яе біяграфіі, наўрад ці сама чагосьці дабівалася б.
— Раскажыце, калі ласка, пра вашы ўзнагароды…
— Былі. Якія, не памятаю. Дзецям давалі, гулялі. А якія мае, а якія — мужа, таксама ж ветэран вайны, не ведаю.
І гэтая яе зніякавелая сціпласць і шчырасць таксама падкупляюць. Той, хто прайшоў вайну і, як кажуць, пабачыў жахаў, ніколі не бу- дзе размахваць пасведчаннем і выхваляцца подзвігамі. Лепей прамаўчыць.
***
Дзесьці ў сорак сёмым, як сведчыць працоўная кніжка, пачаўся мірны шлях Марыі Фёдараўны, размераны, працавіты, зноў жа, руцінны — усё ў тым жа шпіталі ў Бароўцы. Крыху папрацавала — і паехала вучыцца на бухгалтара ў Кішынёў, дзе жыла ў дзядзькі. Вярнулася. Працавала… Ды кім толькі ні працавала — афіцыянткай, медстатыстам, рахункаводам, касірам, інкасатарам, бухгалтарам, узначальвала фінансавы аддзел… І так — да пенсіі. А калі наступіў пенсійны ўзрост, кіраўніцкую пасаду пакінула і зноў стала бухгалтарам — яшчэ на пяць гадоў.
Такім чынам, ваенны санаторый у Бароўцы стаў фактычна яе лёсам, па якім прайшла і ваеннымі, і мірнымі сцежкамі.
Сустрэла прапаршчыка Фёдара Шатыронка, стварылі сям’ю, нарадзіліся сын і дачка. На жаль, Фёдара Мацвеевіча, ветэрана вайны, ужо няма каля дваццаці гадоў.
А Марыя Фёдараўна жыве — дзеля дзяцей, унукаў і праўнукаў, дзеля роднага ваеннага санаторыя-шпіталя, дзеля градачак на ўзбярэжжы возера Лядненскае. Яна, Марыя Шатыронак, жыве дзеля святой памяці аб Вялікай Перамозе, якую набліжала як магла, як умела разам з іншымі франтавікамі непасільнай дзявочай руціннай працай у ваенным шпіталі. Яна жыве дзеля ўсіх нас — і мы ўсе за гэта ёй удзячныя.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Марыя Шатыронак (Сышчанкова) з праўнукам; Марыя Сышчанкова з маці ў 1947 годзе ў санаторыі “Барок”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>