Активная позиция лепельчанки

img_0293 З Ларысай Скавародкай пазнаёміўся даўно, гадоў 20 таму. Яна, ужо будучы на пенсіі, працавала настаўніцай матэматыкі ў Старалядненскай школе. Як высветлілася пазней, жанчына такім чынам на некаторы час вярнулася ў “сваю” школу, дзе ў 1960-х гадах працавала дырэктарам. Вось як сама Ларыса Васільеўна апісвае сваё прызначэнне.

— У сярэдзіне 1960-х гадоў я працавала настаўніцай у Пышнянскай школе. Раптам мне тэлефануюць з раёна, прапануюць перайсці на працу ў раённы камітэт камсамолу. Да гэтага я паспела прайсці амаль усе прыступкі кар’ернай лесвіцы ў педагагічнай сферы: пасля заканчэння педінстытута пачынала працаваць настаўніцай, потым была намеснікам дырэктара па выхаваўчай, па вучэбнай рабоце. І тут мяне — у камсамол! Я спачатку не хацела пераходзіць на новую працу, баялася, бо дужа адказная яна была. А школьная праца за папярэднія гады стала для мяне цалкам знаёмай, я б нават сказала — роднай. Для мяне ўрок падрыхтаваць і правесці — не было праблем. Па любой тэме, у любым класе, хоць зараз.
— І што вас пераканала ўсё ж такі пагадзіцца на пераход у райкам камсамолу?
— Падтрымаў мяне даўні знаёмы Косця Платонаў. Ён на пару курсаў старэй за мяне вучыўся ў педінстытуце, а потым стаў працаваць па камсамольскай лініі. На той час быў ужо ў абкаме камсамолу, у далейшым стаў першым сакратаром ЦК камсамолу БССР, намеснікам Міністра ўнутраных спраў БССР. Тады ён кажа мне: “Лора, каб заўтра ж была ў райкаме!”. Вось і ўсе ўгаворы.
І пачалася для Ларысы Васільеўны новая кіпучая дзейнасць. У Савецкім Саюзе на першым плане заўсёды была ідэалогія, для распрацоўкі і рэалізацыі яе вылучаліся немалыя сродкі, да правядзення ідэалагічнай работы прыцягваліся лепшыя кадры. І асяроддзем, галоўнымі структурамі ідэалагічнай работы былі камітэты Камуністычнай партыі і камуністычнага саюза моладзі. А што такое ідэалагічная работа? Гэта ў першую чаргу выхаванне людзей, прапаганда ў іх пэўных каштоўнасцей, выпрацоўванне традыцый.
Другім важным накірункам працы партыйных і камсамольскіх работнікаў была арганізацыйная дзейнасць. Людзі вучыліся рыхтаваць і наладжваць масавыя мерапрыемствы, арганізоўваць дзейнасць устаноў, наладжваць узаемасувязь паміж імі.
Трэці важны накірунак — праца з людзьмі. Тут партыйныя і камсамольскія органы вырашалі некалькі задач. Галоўным чынам работнікі райкамаў партыі і камсамолу вучыліся наладжваць кантакты як з працоўнымі калектывамі, так і з асобнымі людзьмі, ажыццяўляць зваротную сувязь — ад насельніцтва да кіраўніцтва.
— Праца ў райкамах была важнай і абавязковай прыступкай у пабудове кар’еры, — успамінае Ларыса Васільеўна, — гэта быў важны элемент кадравай палітыкі ў савецкія часы. Перш чым прызначыць на адказную кіраўніцкую пасаду, кандыдата, як правіла, на два-тры гады бралі на працу ў райкам партыі або камсамолу. Там глядзелі непасрэдна, чаго чалавек варты, на што здольны, у якой галіне найбольш могуць раскрыцца якасці. І разам з тым вучылі, як правільна працаваць з людзьмі, як арганізоўваць вытворчы ці навучальны працэс, рыхтаваць і праводзіць мерапрыемствы. Большасць кіраўнікоў, дырэктараў савецкай эпохі прайшлі праз працу ў раённых камітэтах. Аднак найбольш цікава было працаваць не ў партыйных, а ў камсамольскіх органах.
— А ў чым гэта заключалася?
— Раскажу на прыкладзе свайго досведу. У першую чаргу я працавала з моладдзю. Як загадчыца школьнага аддзела райкама камсамолу вяла ўсё, што тычылася выхаваўчай работы. Я шмат разоў пераканалася, што выхаваўчая, ідэалагічная работа найбольш важная і эфектыўная менавіта ў школах, навучальных установах, калі людзі яшчэ маладыя. А як становяцца дарослымі, тым больш калі заводзяць свае сем’і, то эфектыўнасць ідэалагічнай працы зніжаецца ў разы. Дарослыя людзі пастаянна на працы, яны занятыя зарабляннем грошай, вырашэннем жыллёвага пытання і гэтак далей. Мы ж на базе райкама рэгулярна праводзілі семінары з піянерважатымі, сакратарамі камсамольскіх арганізацый. Кожнае лета на базе Слабадской школы арганізоўваўся месячны лагер камсамольскага актыву, дзе мы ў розных формах вучылі, як правільна працаваць з людзьмі.
— А які быў вынік працы ў райкаме менавіта для вас?
— У выніку я перастала баяцца кіраўніцкай і адміністрацыйнай работы, сама навучылася арганізоўваць людзей, рыхтаваць і праводзіць мерапрыемствы. Прывяду адзін толькі факт. Пасля трох гадоў працы ў райкаме мяне 25 снежня 1969 года прызначылі дырэктарам Слабадской школы, так тады называлася школа ў Старым Лядне, бо яна незадоўга да майго прызначэння дырэктарам была пераведзена з бліжэйшай Слабодкі. У школе настаўнікамі на той час працавалі трое мужчын — былыя дырэктары гэтай жа школы. І нават у такім няпростым калектыве мне ўдалося ў хуткім часе заслужыць аўтарытэт і павагу. Немалую ролю ў маім станаўленні як дырэктара школы адыграў вопыт, атрыманы ў свой час у камсамоле.
Акрамя іншага, камсамол спрыяў такому важнаму занятку, як турызм. Турзлёты праводзіліся на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўнях. Натуральна, што Ларыса Васільеўна, маючы неблагую фізічную падрыхтоўку, абавязкова ўваходзіла ў склад лепельскай каманды.
Арганізоўваліся турыстычныя паездкі ў розныя накірункі Савецкага Саюза, прычым аплата бралася сімвалічная. Аднойчы патрапіўшы ў такую турыстычную плынь, за невялікія грошы можна было аб’ехаць усю краіну. Ларыса Васільеўна такім чынам пабачыла ўсю еўрапейскую частку СССР, пабывала ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, Польшчы. Адным словам, пабачыла свет.
У рамках святкавання 100-годдзя камсамолу дэлегацыя Лепельшчыны была запрошана на ўрачыстае мерапрыемства ў Віцебск. У складзе яе была і Ларыса Васільеўна, якая падзялілася ўражаннямі:
— Разам са мной паехаў Васіль Канстанцінавіч Майзус, іншыя ветэраны камсамольскай работы. Я адчула сябе нібыта ў маладосці, нібыта мы зноў сабраліся на абласной канферэнцыі. Нахлынула столькі прыемных успамінаў!
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Ларыса Васільеўна Скавародка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>