Крещение на озере Святое

dsc_0152Праваслаўныя вернікі ў мінулыя выхадныя дні адсвяткавалі Вадохрышча — у памяць аб хрышчэнні Іаанам Прадцечам Ісуса Хрыста ў водах ракі Іардан.  Будучы бязгрэшным, Iсус Хрыстос не меў патрэбы ў хрышчэннi як у ачышчэннi ад асабiстых грахоў, аднак сваімі дзеяннямі, як гаворыцца ў царкоўных песнапеннях, “патапiў у водах Iардана грахi ўсяго свету” i асвяцiў ваду. З Хрышчэннем традыцыйна звязваюць надзеі на выздараўленне, збавенне ад фізічных і душэўных хвароб. Напярэдадні гэтага дня, а таксама 19 студзеня многія прыходзяць у храм для таго, каб набраць хрышчэнскай вады, прыняць удзел у службе. Лічыцца, што ў гэтае вялікае свята вада валодае асаблівымі ўласцівасцямі, надае сілы не толькі духоўныя, але і цялесныя. Яшчэ з дахрысціянскіх часоў верылі ў цудадзейную моц асвячонай вады: яе давалі выпіць хвораму, апырсквалі поле перад сяўбой, хатнюю жывёлу, новую хату перад засяленнем. Вадохрышча звычайна супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год паварочваў на лета.
v-kupeliЧаму менавіта выбралі возера Святое? Напэўна, лепшага месца ў нашым горадзе і не знайсці. Па легендзе, на сярэдзіне вадаёма стаяла на востраве царква. Людзі сварыліся ў святым месцы, нават даходзіла да боек. Бог разгневаўся і затапіў храм. Толькі зрэдку, як кажуць, чуваць ціхія галасы, спевы і звон.
— Хрышчэнне Госпада Бога — асаблівая падзея. У гэты дзень кожны мае магчымасць дакрануцца да Божай ласкі. Хтосьці ў гэты дзень вырашыў акунуцца ў купелі, хтосьці — проста папіць святой вады ці абмыцца ёй. Прыемна, што гэта свята становіцца традыцыйным на Лепельшчыне. Трэці год запар праводзіцца на возеры Святое. Раней месца для вадохрышчынскага купання шукалі людзі самі, аднак звярталіся да нас з прапановай дапамагчы ў арганізацыі.
Многія лічаць, што акунуцца ў купелі — і грахі даруюцца. Гэта думка з’яўляецца вялікай памылкай. «Грахі прабачаюцца пакаяннем». Нездарма спачатку праводзіцца служба, а потым ідзём хрэсным ходам на іардань. Гэта свята прыносіць духоўную радасць для людзей, — паведаміў настаяцель храма Праабражэння Гасподня горада Лепеля протаіерэй Сергій Ляшкевіч.
Спачатку перад прысутнымі з цёплымі словамі віншавання выступіў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. Затым святы малебен правёў на возеры Святое протаіерэй Сергій Ляшкевіч.
Пасля асвячэння шмат лепяльчан з малітвай і верай акуналіся ў ваду.
— Купаюся ўжо не першы раз. Уражанні самыя найлепшыя. Спачатку адчуваеш стрэс для ўсяго арганізма, потым становіцца вельмі прыемна целу. Радуе, што арганізоўваецца такое свята. Не трэба шукаць самому месца. Гледзячы на іншых, яшчэ больш хочацца акунуцца, — кажа Сяргей Аўтушка, які прыехаў да бацькоў у госці з Мінска.
— Сапраўднае свята для лепяльчан створана сёння. Сустрэла шмат знаёмых. Раніцай наведала царкву, а цяпер усёй сям’ёй прыехалі сюды. Пакуль акунаюся толькі я, муж не згаджаецца. Надвор’е добрае, заходзіла ў купель і ў 30-градусны мароз. Для сябе вырашыла, што павінна гэта рабіць. За дзевяць гадоў ні разу не захварэла пасля акунання. Галоўнае — верыць у цудадзейнасць вады, і тады яна дапаможа. Рыхтуюся з лета, купаюся амаль да маразоў, — кажа Алена Мазго.
Ідучы на свята, лічыла, што невялікая колькасць лепяльчан рызыкне акунуцца. Моцна памылілася. Жадаючых было шмат, налічыла больш за 40 чалавек. Аднак, як паведамілі знаёмыя, нават у 18 гадзін людзі пад’язджалі і падыходзілі да купелі. На тварах — толькі пазітыўныя эмоцыі і ўсмешкі. Многія з гонарам перад сваімі таварышамі заходзілі ў ваду.
Адчувалася і веданне рэкамендацый. Некаторыя рабілі размінку ці прабежку. Падыходзілі ў зручным, няслізкім абутку, які лёгка здымаецца. Ішлі павольна і ўважліва. А потым была магчымасць папіць смачнага чаю з пячэннем і цукеркамі, якія гасцінна прапаноўвала Наталля Шашко, повар, старшы сяржант 231-й артылерыйскай брыгады, якая дыслакуецца ў Бароўцы. Дзеці папросту падбягалі за прысмакамі і зноў ішлі глядзець, як іх бацькі акунаюцца. Акрамя гэтага, ваеннаслужачыя брыгады паставілі дзве цёплыя палаткі, для мужчын і жанчын, у якіх можна было пасля акунання пагрэцца. Калі зайшла, нават не паверыла, што можа быць так цёпла ад буржуйкі. Пакладзена падлога, пастаўлены лаўкі — усё прадугледжана, каб пераапрануцца ў камфортных умовах.
Трэба сказаць, што арганізацыя дадзенага мерапрыемства была на вышэйшым узроўні. Работнікі Лепельскага РАНС выразалі загадзя бензапілой палонку ў выглядзе крыжа і на працягу ўсяго дня неслі дзяжурства. У гэты дзень і яны адзначалі сваё прафесійнае свята — Дзень выратавальніка. Пільна неслі сваю службу работнікі цэнтральнай раённай бальніцы, аб’яднання “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах”, а таксама Лепельскага РАУС. Работнікі КУВП “Бароўка” падрыхтавалі дровы і распалілі вялікае вогнішча.
Не абышлося і без музычнага суправаджэння. Цэлы канцэрт паказалі дзяўчаты з вакальнай групы “Кампанела”. Іх чыстыя прафесійныя галасы доўга разносіліся над возерам Святое, ствараючы святочны настрой прысутным.
Каб акунуцца ў ледзяную ваду, патрабуецца нямала сілы волі і псіхалагічнай устойлівасці. У малой ці вялікай ступені, аднак для кожнага гэта ўсё ж стрэс. Таму рыхтавацца да гэтага варта загадзя шляхам гартавання.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: протаіерэй Сергій Ляшкевіч асвяціў ваду; першыя наведвальнікі купелі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>