Открыта новая столовая в Лепельском районе

dsc_0155 Упрыгожаная паветранымі шарамі сталовая, святочна прыбраныя дзеці, вырашаюцца апошнія арганізацыйныя пытанні… Калектыў школы чакае шаноўных гасцей.

Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё важнага аб’екта — сталовай ва ўстанове адукацыі “Заслонаўская сярэдняя школа Лепельскага раёна”. Для дзяцей, іх бацькоў і калектыву школы гэта сапраўды значная падзея. Памяшканне пасля рамонту не пазнаць. Прыгожага светлага колеру сцены, столь, заменены вокны, наладжана электраасвятленне. Праведзены санітарна-тэхнічныя работы. Набыта новае абсталяванне і для харчблока: электрапатэльня, пліта электрычная, два халадзільнікі, два маразільнікі, машынка для перапрацоўкі гародніны і шмат чаго іншага. Памяшканне сталовай выглядае па-сучаснаму, утульна і больш нагадвае кафэ. Нават ежа здаецца смачнейшай і абед прыносіць задавальненне, калі так сонечна ў памяшканні.
dsc_0155 dsc_0158Пад гукі духавога аркестра Заслонаўскага гарнізона ў школе сустракалі гасцей. На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, дэпутат па Бароўскай выбарчай акрузе №13 Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, ваенны камісар Віцебскай вобласці палкоўнік Руслан Шкодзін, старшыня Лепельскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак, старшыня Горскага сельскага Савета Васіль Бадзяй, начальнік аддзела па адукацыі Анатоль Карпіцкі і дырэктар ТДА “Аланія” Анатоль Пруднікаў.
Ад імя калектыву ўстановы, вучняў і бацькоў да прысутных звярнулася дырэктар Заслонаўскай сярэдняй школы Таццяна Іванова:
— Гэтай падзеі мы з нецярпеннем чакалі. Праведзена вялікая работа. У нашай сталовай цяпер сучаснае дарагое абсталяванне, што дазваляе палепшыць меню, якасць харчавання. Дзеці з вялікай радасцю і ўсмешкамі заходзяць у сталовую.
Таццяна Мікалаеўна падзякавала шаноўным гасцям за падтрымку і вялікую дапамогу, а таксама павіншавала ўсіх прысутных з адкрыццём абноўленай сталовай.
Перад прысутнымі выступіў Уладзімір Цярэнцьеў:
— Мы не выпадкова сёння знаходзімся ў гэтай школе. Многае робіцца ў нашай краіне для развіцця ваенных гарадкоў. У пазамінулым годзе быў праведзены капітальны рамонт дзіцячага сада. У мінулым — здадзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту шматкватэрны дом. За апошнія два гады зроблена нямала. Менавіта ў школе заменены дах, устаноўлена частка шклопакетаў. У Лепельскім раёне за мінулы і пачатак гэтага года здаецца ўжо чацвёрты харчблок. Новае абсталяванне і добрыя ўмовы працы дазваляюць гатаваць на высокім узроўні ежу для дзяцей. У вёску паступова прыбываюць новыя сем’і ваеннаслужачых, а значыць, і дзеці. Дапамога школе будзе працягвацца і далей як з абласнога, так і раённага бюджэтаў.
Сказаў цёплыя словы з такой значнай нагоды і Руслан Шкодзін:
— Сёння ў школе вялікае свята. Прыемна глядзець, як дзеці з задавальненнем наведваюць сталовую. Ад таго, як якасна і правільна арганізавана харчаванне, залежаць настрой, здароўе, працаздольнасць і якасць вучэбнай дзейнасці маладога пакалення. Хочацца, каб у гэтых сценах дзеці набывалі сілы для вучобы і фізічнага развіцця, а таксама добры настрой. І, канечне, каб работнікі кухні з задавальненнем прыходзілі на працу і гатавалі смачныя абеды.
Пасля выступленняў гасцей пад гукі духавога аркестра сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі Уладзімір Цярэнцьеў, Руслан Шкодзін і Ігар Урбан.
Да ўрачыстага адкрыцця сталовай быў спецыяльна прыгатаваны каравай, які ўручылі старшыні абласнога Савета дэпутатаў. Ганаровае права было дадзена вучаніцы шостага класа Анастасіі Сакалоўскай.
З музычным нумарам для шаноўных гасцей выступіла вакальная група “Кампанела” Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў, якая з’яўляецца пастаянным удзельнікам розных мерапрыемстваў не толькі ў раёне, а і рэспубліцы. Вучні школы таксама з удзячнасцю выступілі перад прысутнымі: расказалі вершы, выканалі частушкі. На цырымоніі адкрыцця сталовай панавала нязмушаная святочная атмасфера і былі толькі станоўчыя эмоцыі.
Ірына Урван, шэф-повар Заслонаўскай сярэдняй школы, адзначае:
— Працаваць у новай сталовай стала зручней і прыемней. Час на прыгатаванне некаторых страў зменшыўся, бо ўсё стала больш механізавана. Імкнёмся, каб ежа для дзетак была высокакаларыйная, смачная і багатая вітамінамі. Вельмі прыемна працаваць у такім светлым памяшканні, на новым абсталяванні. Часам забываеш пра стомленасць, таму што хочацца працаваць і свае сілы ўкладваць на прыгатаванне смачных абедаў для нашых дзяцей.
Гасцінна сустракае вучняў школьная сталовая: усмешкамі работнікаў кухні, смачнымі і карыснымі стравамі, прыгатаванымі на сучасным абсталяванні, здольнымі захоўваць практычна ўсе карысныя рэчывы прадуктаў. Дзеці ж кажуць аб абноўленай сталовай дакладна і лаканічна: “Прыгожа, утульна, стыльна”.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: пераразаюць сімвалічную чырвоную стужку (злева направа) Руслан Шкодзін, Уладзімір Цярэнцьеў і Ігар Урбан; работнікі сталовай (злева направа): Алена Лазненка, Наталля Шумінская, Ірына Урван і Валянціна Лясота; каравай Уладзіміру Цярэнцьеву ўручае Анастасія Сакалоўская.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>