Как я едва не стал долларовым миллионером

 

telefonnyie_moshenniki Час ад часу мне, як, дарэчы, і многім іншым жыхарам раёна, на мабільны тэлефануюць розныя рэкламшчыкі-зазывалы і спрабуюць завабіць на прэзентацыі, акцыі і іншыя мерапрыемствы, каб там паспрабаваць прадаць розны тавар: ад посуду, у якім “усё варыцца-парыцца без вады і алею, тым самым захоўваючы ўсе карысныя рэчывы”, да коўдраў, “з супервоўны аўстралійскіх авечак-мерыносаў, якія (коўдры, а не авечкі!) будуць саграваць доўгімі зімовымі вечарамі і сцюдзёнымі начамі так цёпла, што і ацяпленне не спатрэбіцца”. Адкуль толькі маюць гэтыя гандляры базу мабільных тэлефонных нумароў Лепельскага раёна? Аднак ужо налаўчыўся гаварыць з імі, па-сучаснаму кажучы, троліць, выманьваючы патроху інфармацыю, але апошні выпадак быў проста неверагодны. Але аб усім па прадку.

* * *

Як заўсёды, сяджу за рабочым сталом, набіраю чарговы тэкст. Звініць мабільны, вызначаецца невядомы мне нумар мабільнага тэлефона МТС +375336765963, бадзёры жаночы голас на тым баку вітаецца, завязваем дыялог.

— Добры дзень! Я прадстаўнік кампаніі LB Option, завуць мяне Анна Мілдрэд.

(“Вы такая Мілдрэд як я Ротшыльд,” – падумаў пра сябе, але прамаўчаў.)

Далей суразмоўца пытаецца:

— А як ваша імя? Кім працуеце?

— Віктар, трактарыст у калгасе, — вырашыў падыграць, выставіць сябе легкавернай ахвярай, лохам на слэнгу махляроў.

— Вы калі-небудзь гандлявалі на рынках?

— Ну, калі толькі на сельскагаспадарчых, бульбай ды збожжам.

— Ха-ха-ха! Наша кампанія прапануе вам заняцца гандлем на міжнародных рынках, — і адразу пайшла абмалёўваць светлыя і заманлівыя перспектывы. – Вось скажыце, які даход вы атрымаеце, калі пакладзеце грошы ў банк?

— Каля дзесяці працэнтаў гадавых.

— А супрацоўнічаючы з нашай кампаніяй вы можаце атрымліваць даход ад 15 да 25 працэнтаў кожны месяц! Уяўляеце сабе! Гэта самая прывабная прапанова!

— Атрымліваецца, у банку працэнты гадавыя, а ў вас – месячныя? – спрабую справакаваць.

— Так! Так! Гэта як праца, як дадатковы заробак, — не паддаецца на правакацыі “Анна Мілдрэд”.

“Махляры падымаюць сваю кваліфікацыю, — думаю сабе, — год таму прадавалі цуда-фільтры для вады, потым спрабавалі рамантаваць вокны-дзверы, электраправодку, а цяпер завабліваюць нейкімі фінансавымі махінацыямі…”

Каб не ўдавацца ў далейшыя падрабязнасці і не перапісваць усю размову, апішу пакрокава прапанаваны мне механізм атрымання “супердаходаў”:

  1. трэба зарэгістравацца на іх інтэрнэт-сайце, адкрыць асабісты кабінет;
  2. на рахунак кампаніі перавесці сто долараў;
  3. пачаць гандляваць “самымі выгаднымі актывамі” і атрымліваць даходы.

Усё. Я – у шакаладзе, грошыкі самі паступаюць на мой рахунак.

* * *

Салодкія словы ліліся ручаём, жанчына залівалася, як салавей, апісваючы, як “прыгожа” можна увайсці ў бізнэс. Слухаючы “Анну Мілдрэд”, складваецца ўражанне, што усё проста, даходліва, так, нібыта нават малпа можа стаць за кароткі час ледзьве не ракфелерам.

— Грошы залічваюцца на рахунак, але ніхто, акрамя вас, не будзе мець да яго доступу, гэта як перакласці іх з адной кішэні ў другую, — сыпала аргументамі суразмоўца. – Наша кампанія распрацавала праграму, якая аналізуе рынкі каштоўных папер вядучых сусветных кампаній, сыравінных актываў, такіх, як нафта, золата, медзь і іншыя – і падказвае вам, якія акцыі або тавары варта ў дадзены момант купляць і прадаваць, як гандляваць валютнымі парамі.

— А чаму вы, маючы такі выгадны інструмент, не карыстаецеся ім самі?

— Я сама таксама карыстаюся гэтай праграмай. І кожны чалавек, які карыстаецца ёй, атрымлівае даход. А мы ў сваю чаргу з гэтага дахода маем невялікую долю, тры-пяць працэнтаў. Але калі ўлічыць, што па ўсім свеце на фінансавым рынку працуюць 15 мільёнаў чалавек, можаце сабе ўявіць, якія мы маем абароты і даходы.

— Я і сама ў свой час ледзьве зводзіла канцы з канцамі, выхоўваючы адна дваіх дзяцей, не мела сваёй будучыні, — пачынае заходзіць з другога боку, — пакуль не адкрыла рахунак у кампаніі. Зараз я магу траціць кожны дзень. Але я ведаю, што ў мяне ёсць накапляльны рахунак, што на ім ёсць грошы і што яны ўсё прыбаўляюцца і прыбаўляюцца.

Яна ўсё гаварыла і гаварыла… У нейкі момант тэлефонная сувязь па тэхнічных прычынах перарвалася. Праз пару хвілін “Анна Мілдрэд” перазваніла з другога нумара, +74952689874. Па прэфіксу +7495 зразумеў, што нумар зарэгістраваны ў Маскве. Размова пайшла далей. Мне даводзілі, што праграма кожныя 20 секунд маніторыць рынак каштоўных папер і сыравінных тавараў, кожны дзень на электронную пошту дасылаецца тэхнічны аналіз рынку, я магу ў рэжыме рэальнага часу кантраляваць, як праграма купляе і прадае, якія аперацыі яна праводзіць з маімі грашыма… У рэшце рэшт “Анна Мілдрэд” выдала галоўны “козыр”:

— За вамі будзе замацаваны персанальны кансультант, дасведчаны спецыяліст, які ўжо больш за восем гадоў працуе на фінансавых рынках. Ён будзе на кругласутачнай сувязі з вамі, заўсёды аператыўна можа параіць, якія акцыі варта купляць, а якія варта прадаваць, як зарабляць на валютных парах… Давайце паспрабуем! Я пераключу вас да свайго памочніка.

* * *

— Добры дзень, я Юлія Неўская, старшы аналітык фінансавага дэпартамента.

Мне чамусьці захацелася прадставіцца Віктарам Эсенскім, чаму б не? Але зноў стрымаўся.

Жанчына зноў стала спакушаць высокімі працэнтамі, стабільнымі даходамі, якія можна атрымліваць, практычна не прыкладаючы намаганняў. Прапаноўвала толькі актывізаваць картку, на якой будзе “сто далараў”, а ўжо затым…

Па жыцці даводзілася сутыкацца з рознымі людзьмі. Сярод іх пабачыў катэгорыю асаблівых падманшчыкаў. Вось глядзіш на такога, разумееш, што ён маніць. Ён таксама ведае, што маніць, але пры гэтым да самазабыцця верыць у сваю ману. Такія людзі звычайна гавораць шмат, пры гэтым у іх, як правіла, ажно вочы закатваюцца. І вось гаворачы з “Аннай Мілдрэд” і “Юліяй Неўскай”, я нібыта наяве бачыў, як у іх вочкі закатваліся, калі яны распісвалі прыгожае заможнае жыццё, якое дасягальнае толькі тады, калі пачну гандляваць на фінансавых рынках разам з кампаніяй LB Option. А можа гэта проста мае фантазіі?..

І яшчэ адну асаблівасць я заўважыў у гаворцы жанчын, яны пастаянна паўтаралі: “Давайце паспрабуем, давайце пачнём, зробім усё лёгка, прыгожа…”. Гэтае “Давайце паспрабуем!” рэфрэнам праходзіла праз усю размову, ствараючы ўражанне лёгкасці, задору, авантурызму.

Аднак суразмоўцы сталі абсякацца, калі я стаў задаваць канкрэтныя пытанні наконт законнасці дадзеных аперацый:

— Скажыце мне, калі ласка, наколькі такія мае дзеянні будуць адпавядаць беларускаму заканадаўству?

— Усё адпавядае, усё законна! Мы маем дамовы з пяцю краінамі, усе нашы і вашы аперацыі будуць кантралявацца і абараняцца законам!

— Пачакайце, — прыпыняю плынь словаў, — беларускія законы ў плане валютнага рэгулявання даволі строгія, нават больш строгія, чым у Расіі. Грамадзяніну Беларусі, каб мець рахунак у замежным банку і праводзіць фінансавыя аперацыі на замежных біржах і рынках, трэба атрымаць дазвол амаль што ў Прэзідэнта (На самой справе для такіх аперацый патрабуецца атрыманне дазволу ад Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь). Пры гэтым бывалі канкрэтныя выпадкі, калі беларусаў саджалі ў турму за тое, што мелі ўклад у замежным банку на тысячу долараў. А вы мне зараз прапануеце перавесці грошы ў валюце і дзесьці на замежных рынках, біржах праводзіць валютныя аперацыі. Мяне за гэта не пасадзяць?

— У Беларусі так строга?

— Вядома. А вы дзе знаходзіцеся?

— У Сіднэі, Аўстралія.

“Ага, Сіднэй, з маскоўскім тэлефонным нумарам…”

— Добра, — раптам няўпэўнена стала гаварыць “Юлія Неўская”, — я тады не буду вас больш затрымліваць, звяжуся з вамі пазней. Усяго добрага.

Забягаючы наперад, скажу, што ні “Анна Мілдрэд”, ні “Юлія Неўская” мне больш не тэлефанавалі.

* * *

Мяне ж узяла цікавасць, што гэта за кампанія, якая абяцае такія фантастычныя прыбыткі? Паколькі ні да Масквы, ні тым больш да Аўстраліі мне ў бліжэйшы час не дабрацца, а пісаць камусьці дакладнага адрасу няма, вырашыў скарыстаць даступныя крыніцы – інтэрнэт.

Паўдня патраціў, пакуль урэшце з сеціва вылавіў драбніцы і залацінкі. Па-першае, праз сайты прабіў другі нумар, з якога мне тэлефанавалі. Як аказалася, не памыліўся, нумар зарэгістраваны ў Маскве аператарам сувязі акцыянерным таварыствам “Квантум”. Далей размяшчаліся два водгукі, аўтары іх абурана скардзіліся, што з нумароў тэлефанавалі і навязліва прапаноўвалі магчымасці дадатковага заробку. Рэкламны спам – прыйшлі яны да высновы. Аднак ні назвы кампаніі, ні роду яе заняткаў праз тэлефонны нумар высветліць не ўдалося.

Капаў інтэрнэт далей і (хто б сумняваўся!) праз запыты ў Google высветліў, што сапраўды ёсць кампанія LB Option, поўная назва London Binary Option. Але няхай вас не абнадзейвае слова London, кампанія мае ўскосныя адносіны да Вялікабрытаніі, там толькі размяшчаецца адзін з яе офісаў, сама фірма зарэгістраваная на Маршалавых астравах – сусветна вядомым афшоры. Сапраўды, для працы з ёй патрэбна ўнесці дэпазіт у памеры 100 долараў, мінімальная інвестыцыя раўняецца аднаму долару.

Былі там і некалькі водгукаў аб дзейнасці кампаніі, амаль усе адмоўныя, маўляў, у першую чаргу іх брокеры робяць так, што грошы потым, пасля правядзення нейкіх фінансавых аперацый, немагчыма вярнуць назад, яны нібыта на рахунку, але іх немагчыма зняць. А потым аказваецца, што іх увогуле няма. Як пісалі абураныя ўкладчыкі – кідалава.

* * *

Аналізуючы інфармацыю, выявіў, што патэнцыйных укладчыкаў прывабліваюць словамі пра вельмі даступныя фінансавыя інструменты, якія па-навуковаму называюцца бінарныя апцыёны, што знайшло месца ў назве кампаніі. Тут на дапамогу прыйшоў такі інтэрнэт-рэсурс, як Вікіпедыя. Сапраўды, ёсць такі фінансавы інструмент, мае ён як плюсы, так і мінусы. З плюсаў – прастата выкарыстання і магчымасць высокага даходу пры невялікіх укладаннях. Любы чалавек, маючы самыя невялікія пазнанні ў фінансавай сферы і доступ да інтэрнэту, можа займацца купляй-продажам бінарных апцыёнаў і ў патэнцыяле – зарабляць на гэтым.

Самы галоўны мінус у тым, што аперацыі з бінарнымі апцыёнамі гэта па сваёй сутнасці азартныя гульні, дзе чалавек ставіць на кон свае грошы і потым чакае: выйграе-не выйграе, а сам на сітуацыю ніякм чынам паўплываць не можа ў адрозненне ад брокера кампаніі. Той заўсёды ведае больш, заўсёды кантралюе гульню і мае магчымасць у любы момант памяняць правілы, а то і проста вывесці свае грошы, а вы, людзі, выкручвайцеся, як хочаце.

Важкім сігналам, каб насцярожыцца, можа паслужыць інфармацыя, што на “радзіме” бінарных апцыёнаў, у ЗША, займацца продажам іх могуць толькі афіцыйна зарэгістраваныя для гэтага брокеры і кампаніі. Аднак, па даных Вікіпедыі на 2016 год, такіх не было ніводнага. У яшчэ адным фінансавым цэнтры свету, у Ізраіле, продажы бінарных апцыёнаў увогуле забаронены законам.

* * *

Падводзячы вынік, скажу так. Увязвацца ў азартныя гульні на фінансавым рынку або не – кожны павінен вырашаць для сябе сам. Я ж пакуль што вырашыў пачакаць з кар’ерай доларавага мільянера і засяродзіцца на працы. Так няхай сабе і менш, але больш надзейна. Па крайняй меры грошы, якія атрымліваю ў рукі, ніхто ў мяне не забярэ.

А “Анна Мілдрэд” і “Юлія Неўская” сто долараў з мяне так і не атрымалі, затое самі зрасходвалі немалыя грошы на тэлефонныя перамовы Масква – Беларусь. Ці можа Сіднэй – Лепель?

Васіль МАТЫРКА.

P.S. Аўдыёзапіс тэлефонных перамоваў можна паслухаць на нашым сайце https://vk.com/lepel_kraj  па спасылцы.

Запіс першай размовы распачаў не адразу, а толькі тады, калі зразумеў, з кім маю справу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>