Приобрести лекарства в ветаптеке…

kasУ рэдакцыю завітаў мужчына. Быў ён усхваляваны і разгублены, прасіў дапамогі:
— Выбачайце, я тут упершыню, і з падобнай сітуацыяй сутыкнуўся таксама ў першы раз, таму не ведаю, куды звярнуцца, каб вырашыць праблему.
— Давайце пачнем з самага пачатку, — прапанаваў, — хто вы, адкуль і якая бяда ў вас здарылася?
— Назваць сітуацыю бядой будзе занадта драматычна, хутчэй праблема. Я Аляксандр Сімака, жыву ў вёсцы Чарніца. Маю невялікую прысядзібную гаспадарку, сярод іншай жыўнасці трымаю трусоў. Хто гадаваў іх хоць раз, ведае, якая гэта далікатная жывёла. Далікатная ў тым, што вельмі схільныя да розных хвароб. Дзесьці ўпусціў — і які-небудзь вірус за тыдзень усё пагалоўе пад нуль выкасіць. Таму вельмі важна звяркоў своечасова лячыць, а яшчэ лепей — праводзіць прафілактыку.
Для гэтага патрэбны добрыя, эфектыўныя ветэрынарныя прэпараты. Праблем з наяўнасцю і асартыментам няма. На тэрыторыі райветстанцыі ўжо шмат гадоў працуе ветэрынарная аптэка. Працяглы час там працавала добры прадавец, пайшла на пенсію, а зараз яе месца займае маладая жанчына. Яна таксама спецыяліст кампетэнтны, ведае пра ветпрэпараты шмат, можа параіць аптымальны па цане і якасці.
Праблема ўзнікла зусім нядаўна, некалькі месяцаў таму. У ветаптэцы няма касавага апарата. Дакладней, вясной ён там быў, можна было купіць прэпараты і разлічыцца на месцы. А сёння ж адбылася сітуацыя наступная. Прыязджаю, прашу прадаць мне лекі для трусоў. Разам з прадаўцом падбіраем тое, што трэба. Цана задавальняе. А потым прадавец мяне збянтэжыла словамі:
— Касавага апарата няма. Вось вам выпіска, там я пазначу суму, якую трэба заплаціць за лекі. Ідзіце ў банк, там аплаціце, рэквізіты ў выпісцы. Вяртаецеся сюды з банкаўскай квітанцыяй і забіраеце пакупку.
Іншага варыянта няма. Еду спачатку ў ЦБП №211 “Беларусбанк”, што на Гагарына. Там вялікая чарга. Думаю, чакаць доўга, можа ў іншым будзе вальней. Скіроўваюся ў РКЦ “Белаграпрамбанк”, што на вуліцы Валадарскага. Там таксама чарга. Рабіць няма чаго, іншых банкаўскіх устаноў у Лепелі не ведаю. Чакаў больш за гадзіну, аплаціў, вярнуўся ў ветаптэку.
У выніку на пакупку бутэлечкі прэпарата я затраціў дзве гадзіны. І гэта пры тым, што ездзіў на машыне! Накруціў 9,5 кіламетра — я спецыяльна заўважыў! І гэта замест таго, каб паставіць касавы апарат і прымаць аплату на месцы. Добра, я машыну маю. А што рабіць тым вяскоўцам, якія прыязджаюць на аўтобусе? Яны ж звычайна па горадзе перамяшчаюцца пешшу, раскладу руху і маршруты гарадскіх атобусаў не ведаюць, таму гэтыя 9,5 кіламетра вымушаны будуць ісці пешшу. Бо, калі захварэе парася ці карова, чалавек вымушаны будзе, каб пазбегнуць яшчэ большых стратаў, бегаць па горадзе, марнаваць час і сілы.
Сёння я ветпрэпараты купіў, на пэўны час мая жыўнасць абароненая, але ўвогуле такую сітуацыю я лічу непрымальнай. Да каго ж звярнуцца, перад кім паставіць пытанне, не ведаю, таму і прыйшоў да вас.
* * *
Сітуацыя сапраўды неадназначная. Разбірацца ў ёй вырашыў ад самага пачатку, скіраваўся непасрэдна ў ветэрынарную аптэку. Новая загадчыца прадставілася:
— Яўгенія Грабавенка. Некалькі гадоў адпрацавала ветурачом у ААТ “Чарэйшчына”. Пасля таго як ранейшая загадчыца ветаптэкі выйшла на пенсію, мне прапанавалі працаваць тут. Гэтую пасаду займаю з лета. Тады ж і пачаліся цяжкасці.
— Патлумачце, калі ласка.
— Так супала, што адначасова пайшла на пенсію мая папярэдніца і спыніўся тэрмін эксплуатацыі ранейшага касавага апарата.
— Чаму ж не ўстановяць новы?
— Паводле новых правілаў, цяпер дапускаецца эксплуатацыя касавых апаратаў толькі з усталяванымі на іх сродкамі кантролю падатковых органаў (СКПО).
— І ў чым праблема? Такія апараты ўстанаўліваюцца ў многіх крамах, майстэрнях, кафэ…
— Я не гаспадар аптэкі, не паўнавартасны кіраўнік, а наёмны работнік. Рашэнне аб набыцці і ўстаноўцы касавага апарата прымаецца кіраўніцтвам прадпрыемства “Віцебскзааветзабеспячэнне”.
Яўгенія Іванаўна дала тэлефонныя нумары кіраўніцтва прадпрыемства.
* * *
Перад тым, як звязацца з прадпрыемствам, пастараўся сабраць даступную інфармацыю пра СКПА. Запыт у інтэрнэт даў шмат спасылак на розныя рэсурсы. Прачытаўшы некалькі артыкулаў, прыйшоў да наступных высноваў. СКПА ўкараняюцца з мэтай недапушчэння парушэнняў у падатковай сферы, для ўмацавання фінансавага кантролю.
Сродкі кантролю падатковых органаў — гэта невялічкі апарат, які прымацоўваецца да касавага. Ёсць мадэлі касавых апаратаў, у якіх СКПА ўжо ўманціраваныя. Гэты апарат па каналах сувязі, часцей за ўсё — мабільных, у рэжыме рэальнага часу перадае даныя аб усіх аперацыях, плацяжах непасрэдна ў цэнтр апрацоўкі даных. Там яны захоўваюцца і могуць быць прадастаўлены фіскальным органам пры першым жа іх запыце.
Працэс абсталявання касавых апаратаў сродкамі кантролю падатковых органаў праводзіцца паступова, па меры завяршэння тэрміну эксплуатацыі дзеючых касавых апаратаў. Аднак ёсць і канкрэтныя тэрміны, да якіх тыя ці іншыя катэгорыі прадпрыемстваў і арганізацый, у залежнасці ад роду дзейнасці і аб’ёму абаротаў, павінны СКПА ўстанавіць. У далейшым трэба будзе яшчэ заключыць дагавор са спецыялізаванымі арганізацыямі на абслугоўванне касавага абсталявання і перыядычна ўносіць аплату.
Дырэктар прадпрыемства “Віцебскзааветзабеспячэнне” Аляксандр Козак у тэлефоннай размове паведаміў, што знаёмы з праблемай Лепельскага раёна:
— Яўгенія Іванаўна перыядычна нам паведамляе пра скаргі грамадзян і іх пажаданні. Мы вывучаем сітуацыю.
— Аднак пры гэтым справа не рушыцца з месца ўжо некалькі месяцаў.
— Праблема ў тым, што касавы апарат з СКПА каштуе дорага, да таго ж яшчэ даволі значную суму трэба будзе выдзяляць кожны месяц на абслугоўванне. А між тым абароты грашовай выручкі ў Лепелі не такія ўжо і вялікія. Для параўнання, у Бешанковічах райветаптэка кожны месяц рэалізуе прэпаратаў на 1-1,5 тысячы рублёў. У Лепелі гэтыя паказчыкі ў дзесяць разоў ніжэйшыя. У чым прычына, я зразумець не магу. Наколькі ведаю, у вашым горадзе няма прыватных ветаптэк. Хаця, зазначу, у цэлым на рынку ветпрэпаратаў канкурэнцыя значная. Акрамя нас, дзяржаўнага прадпрыемства, у рэспубліцы яшчэ каля 350 прыватных фірмаў працуюць у гэтай галіне.
— І ўсё ж такі, які кошт апарата?
— Як мне паведамілі ў бухгалтэрыі, касавы апарат, аснашчаны СКПА, будзе каштаваць каля 500 рублёў. Яшчэ па 60 рублёў трэба будзе плаціць кожны месяц — па 30 за абслугоўванне і за мабільную сувязь, па якой даныя будуць перадавацца ў рэжыме рэальнага часу. Натуральна, што пры невялікіх абаротах такія выдаткі будуць акупляцца вельмі доўга. Мы нават рызыкуем працаваць з пастаяннымі стратамі.
— Аднак пры адсутнасці касавага апарата грашовая выручка вашага прадпрыемства скарачаецца яшчэ больш. Уявіце сабе, прыйшоў чалавек пешшу, выбраў прэпарат, прадавец адправіла яго ў банк, каб аплаціў. Прайшоў ён тры кіламетры — а ў банку яшчэ і чарга. У такой сітуацыі патэнцыйны пакупнік хутчэй за ўсё кіне гэтую справу і рушыць на вакзал. І такім чынам ваша выручка, і без гэтага не вельмі вялікая, увогуле зніжаецца.
— Згодны з вамі.
— Мы гутарым пра прыватных пакупнікоў, а як праводзяць разлікі сельгасарганізацыі і на якія сумы?
— Тут сітуацыя крыху лепшая. Сельгасарганізацыям кожны месяц мы рэалізуем прэпаратаў прыблізна на 220 тысяч рублёў. Аднак бываюць некаторыя цяжкасці з разлікам. Як правіла, сельгаспрадпрыемствы здаюць жывёлу на мясакамбінаты і з гэтай выручкі разлічваюцца з намі.
— Маючы такія значныя абароты, можна было б выдзеліць некаторыя грошы. Тым больш, што неаднаразова вялася размова аб сацыяльнай накіраванасці бізнесу.
* * *
У выніку размовы Аляксандр Козак запэўніў, што пытанне ўстаноўкі касавага апарата ў Лепельскай раённай ветэрынарнай аптэцы будзе разгледжана на працягу бліжэйшых месяцаў.
С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>