Оксана Шишкова награждена Орденом Матери

dsc_0004 Светлы вобраз маці заўсёды быў і застаецца ўвасабленнем душэўнай цеплыні, дабрыні і шчодрасці. Быць маці — цяжкая праца, дваццаць чатыры гадзіны, без адпачынку і выхадных. Самай жа высокай узнагародай для жанчыны з’яўляюцца дзіцячая любоў і ўдзячнасць.

— Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад дванаццатага снежня 2018 года №475 за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей узнагароджана Ордэнам Маці Аксана Шышкова, хатняя гаспадыня, якая выхоўвае пецярых дзяцей. Аксана Леанідаўна, віншую вас з высокай узнагародай за вялікую справу, якую вы робіце для нашага раёна. Шматдзетная маці заслугоўвае асаблівай павагі і захаплення. Яна нясе нялёгкі абавязак — забяспечваць у сваёй сям’і паразуменне і ўзаемавыручку. Жадаем доўгага і шчаслівага жыцця ў асяроддзі сваіх дзяцей, каб справы іх, учынкі і лёсы прыносілі вам толькі радасць і гонар, — з такімі словамі старшыня Лепельскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Кісялевіч уручыў жанчыне ордэн і кветкі.
Атрымліваючы ўзнагароду, жанчына не магла стрымаць станоўчыя эмоцыі. Падтрымаць яе прыйшлі самыя блізкія і родныя людзі — муж і дзеці. Аксана Леанідаўна звярнулася да кіраўніцтва раёна:
dsc_0019— Хочацца падзякаваць мясцовай уладзе, а таксама ўсім, ад каго залежала маё ўзнагароджанне. Вельмі прыемна, што наша дзяржава падтрымлівае жанчын. А ўсім маці жадаю не баяцца быць шматдзетнымі.
Пасля віншавання надарылася магчымасць пагаварыць з гэтай мілай, добрай жанчынай. У яе вачах адчувалася пэўная няёмкасць, як быццам не заслугоўвае такой увагі да сябе. Адразу зразумела, што перада мной сціплая маці, для якой галоўная ўзнагарода ў жыцці — сям’я і дзеці.
Ураджэнка Віцебска стала жыхаркай Лепеля. Крыху нязвыкла, звычайна людзі пакідаюць маленькія гарады на карысць вялікім. Аднак дзяўчынка ўсё вольнае ад школы дзяцінства праводзіла ў нашым горадзе, прыязджаючы да бабулі з дзядулем. Скончыла Віцебскае медыцынскае вучылішча, пэўны час працавала медсястрой. Аднак па жыцці выбрала прафесію маці.
— Аксана Леанідаўна, як пазнаёміліся з мужам?
— Абодва дамаседы, нікуды не хадзілі. Аднойчы з сяброўкамі пайшла на дыскатэку ў парк, Сяргей таксама выйшаў прагуляцца з хлопцамі. Разгаварыліся, пачалі сустракацца, а праз год, у 1996-м, пажаніліся. Напэўна, так і павінна было адбыцца: адзін раз выйсці яму і мне і спаткаць сваё шчасце на ўсё жыццё.
Некалькі месяцаў пажылі ў Віцебску, аднак вырашылі, што бліжэй да душы Лепель з яго краявідамі і возерам. Больш хацелася цішыні невялікага горада. Муж Сяргей скончыў сярэднюю школу №2, Лепельскае ПТВ-175. Працаваў у розных арганізацыях, імкнуўся зарабіць грошы для сям’і, апошнія дзесяць год — у філіяле “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” у будаўнічым цэху мулярам.
Не планавала маладая маці мець пецярых дзяцей, аднак любоў да іх адчувала, калі яшчэ вучылася, працавала медсястрой у кабінеце педыятра паліклінікі.
У 1996-м нарадзіўся Паша. Ужо скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Вучыцца ў магістратуры і адначасова працуе інжынерам у сталіцы.
Саша вучыцца ў восьмым класе сярэдняй школы №3, Вова — у чацвёртым, Таня сёлета пайшла ў першы клас. Аднак дома не прыходзіцца сумаваць, калі дзеці ў школе. Міхаіл, якому зараз тры гады, таксама патрабуе ад мамы шмат увагі і клопату. Пакуль старэйшыя на занятках, ёсць магчымасць пазаймацца і пагуляць з малодшым. Акрамя гэтага, трэба прыгатаваць смачны абед для ўсіх, прыбраць у доме, памыць бялізну. Хапае працы маці і жонцы.
— А па-іншаму не ўяўляю свайго жыцця. Як хтосьці адсутнічае з дзяцей, з’яўляецца адчуванне непаўнаты. Зразумела, бывае вельмі шумна, не абыходзіцца і без сварак паміж дзецьмі. Але, як і ў любой сям’і, не абавязкова шматдзетнай, існуе павага, узаемападтрымка, дапамога. Калі дзеці знаходзяць агульны занятак, гульні, адразу мацярынскае сэрца атрымлівае асалоду. Вучым прабачаць, саступаць. Хлопцам тлумачым, што яны — будучыя мужчыны, павінны абараняць дзяўчат, з павагай адносіцца да жаночага полу. Аднак заўсёды імкнуся для сваіх дзяцей быць сябрам, каб маглі ў любую хвіліну падзяліцца як радаснымі навінамі, так і сумнымі. У сям’і павінны быць цеплыня і душэўны спакой. Адразу па тварах бачу іх настрой, якімі прыходзяць са школы. Як псіхолаг, маці павінна адчуць усё, што на душы дзіцяці. У нашай сям’і ўзаемаадносіны пабудаваны на даверы.
Вельмі дапамагаў у хатніх справах старэйшы сын Павел, пакуль не паехаў вучыцца. З дзяцінства самастойны: мог і суп зварыць, і прыбраць, і за малодшымі прыгледзець. Лічу, што ў самастойнае жыццё пайшоў падрыхтаваным. Ад калег і сяброў яго чую толькі добрыя словы.
Шматдзетная маці лічыць, што дзеці пасля школы не павінны сядзець каля тэлевізара ці камп’ютара. Паша наведваў у час вучобы ў школе гурток разьбы па дрэве цэнтра дзяцей і моладзі, малодшыя выбралі музычны накірунак. Аляксандр скончыў Лепельскую дзіцячую школу мастацтваў па класе баяна, зараз наведвае секцыю баскетбола ў школе. Вова ходзіць на заняткі ў школе мастацтваў па класе балалайкі, займаецца гандболам, а Таня іграе на домры. Можна ўжо ствараць сямейны музычны гурт. Хто ведае, магчыма, у будучым штосьці і атрымаецца.
Пацікавілася ў Аксаны Леанідаўны, хто займаецца з дзецьмі хатнімі заданнямі па музыцы. Тут, аказваецца, цэлая гісторыя. Маці музычнай адукацыі не мае, аднак сястра, якая жыве ў Турцыі, — скрыпачка. Адкрыўшы сшытак па сальфеджыо, спужалася, што не зможа дапамагчы сваім маленькім вучням. Даводзілася сястры па скайпе тлумачыць усе незразумелыя пытанні.
Прыйшлося гэтай адважнай жанчыне яшчэ вывучыцца і атрымаць правы на аўтамабіль. Муж на працы, а дзяцей забраць са школы, асабліва ў непагадзь, трэба. Кожны дзень збіраюцца маці з Мішам на прагулку і за старэйшымі ў школу.
— Маючы пяць рознаўзроставых дзяцей, захапілася кнігамі па псіхалогіі і педагогіцы. Заўсёды хвалявалася, што нешта не дадаю сваім дзецям. Шмат перачытала думак і разважанняў розных аўтараў, і гэта мне дапамагае пры складанасцях у выхаванні, супакойвае. Стараюся падыходзіць да ўсяго разважліва, без вялікіх эмоцый. Нават паступіла ва ўніверсітэт на спецыяльнасць “соцыя-медыка-псіхалагічная рэабілітацыя”. Аднак палічыла, што дзеці будуць атрымліваць менш увагі і любові, чым трэба, і кінула вучобу.
Дапамагае маці і медыцынская адукацыя. Не трэба за кожным разам імкнуцца з дзіцем у бальніцу, сядзець у чарзе, хвалявацца. Эканомія часу для такой сям’і — вялікая справа. Ведае, якім чынам лячыць і якія лякарствы даць, без панікі. З вялікай цеплынёй кажа пра ўчастковага ўрача-педыятра Вольгу Карповіч, з якой працавала. Ад яе пераняла вялікі вопыт у працы з дзецьмі.
— Хто займаецца прыбіраннем у кватэры? Ці ўдзельнічаюць дзеці ў працы па доме?
— Абавязкова. Прывучаем усіх да парадку з дзяцінства. Калі ў вялікай сям’і кожны кіне хоць па адной рэчы, атрымаецца беспарадак. Хтосьці хутчэй пачынае класці свае рэчы на месца, для іншых больш часу патрэбна, каб прывучыцца. Нагадваюць і дзеці адзін аднаму, і неабавязкова старэйшыя малодшым. Дапамагаюць і ў прыгатаванні ежы. У гэтым працэсе ўдзельнічаюць з задавальненнем, нават Міша. Ён таксама жадае зрабіць сам бутэрброд ці чай.
— Чым займаецеся ўсёй сям’ёй у вольную часіну?
— Летам ездзім на возера Лепельскае купацца, наведваем наш прыгожы парк. Дзеці з задавальненнем гуляюць на дзіцячай пляцоўцы, бегаюць. У выхадныя імкнёмся ў Віцебск да бабулі. У вялікім горадзе шмат забаў для рознага ўзросту. Ходзім у заапарк, розныя цэнтры. Дома таксама не сумуюць: гуляюць у шахматы, сямейную гульню “Менеджар”, чытаюць кнігі. Робім усё з мужам, каб кніга стала для нашых дзяцей сапраўдным сябрам. Нават калі аднаму не хочацца пагартаць старонкі, гледзячы на іншых, адкрывае. Не дазваляем шмат часу праводзіць у тэлефонах, у інтэрнэце. Стараемся, каб гулялі на паветры, з рэальнымі сябрамі, а не віртуальнымі. Любім паглядзець цікавы фільм, асабліва мінулых гадоў, смяёмся над добрымі савецкімі кінакамедыямі. Усёй сям’ёй ходзім на нядзельную службу.
— Аснова моцнай сям’і — узаемная павага, гатоўнасць разумець адзін аднаго. А мацярынскай любові, клопату і ласкі хапае ўсім, — рэзюміруе нашу гутарку Аксана Леанідаўна.
Нарадзіць і выхаваць дзіцяці — гэта адказная і сур’ёзная справа. А паставіць на ногі пяць і больш дзяцей — сапраўдны жаночы подзвіг, які заслугоўвае высокай узнагароды.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: старшыня Лепельскага райвыканкама Міхаіл Кісялевіч уручае ўзнагароду Аксане Шышковай; дружная вялікая сям’я.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>