Научно-технический прогресс

img_4321 Нагодай для напісання дадзенай публікацыі стала паездка ў Мінск, дзе я наведаў адукацыйны цэнтр парка высокіх тэхналогій і пабываў на ІІ міжнароднай спецыялізаванай навукова-тэхнічнай выставе-форуме “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”. Агульнай накіраванасцю гэтых мерапрыемстваў была выбрана папулярызацыя прафесіі айцішніка.

Назва прафесіі паходзіць ад англамоўнай абрэвіятуры ІТ, што ў арыгінале гучыць як айці – інфармацыйныя тэхналогіі, адпаведна, айцішнікі — спецыялісты ў сферы камп’ютарных і інтэрнэт-праграм.

Хаця такі прадмет, як інфарматыка, з’явіўся ў школьных праграмах яшчэ напрыканцы 1980-ых гадоў, і падрыхтоўкай спецыялістаў ВНУ сталі займацца прыблізна ў гэты ж час, упершыню ўвага грамадскасці да прафесіі была звернута ў 2011 годзе. Тады з-за фінансавага крызісу адбылася дэвальвацыя нацыянальнай валюты, у выніку чаго істотна знізіліся даходы грамадзян. Аднак ІТ-кампаніі працавалі і працуюць у асноўным па заказах з-за мяжы, атрымліваюць валютную выручку, часта праца камп’ютаршчыкаў і айцішнікаў ацэньваецца па расцэнках, прынятых у заходнееўрапейскіх краінах, ЗША, таму і даходы ў гэтай катэгорыі работнікаў значна вышэй за сярэднебеларускія. Натуральна, што ў апошнія гады ўсё больш і больш людзей хочуць працаваць у ІТ-сферы.

* * *

img_4344 Здавалася б, сітуацыя адназначная і зразумелая: шмат жадаючых, высокая прапанова на рынку працы павінны прыводзіць да зніжэння даходаў айцішнікаў, але не ўсё аказалася так проста. Распавядае ўдзельніца выставы-форума Аміна Ідзігава:

— На сёння ў ІТ-сферы Беларусі назіраецца недахоп кадраў, я б сказала кадравы голад, па розных падліках прадпрыемствам, кампаніям, праектам не хапае каля 30 тысяч чалавек. Але гэта не нейкая ўнікальная беларуская з’ява, айцішнікаў не хапае ва ўсім свеце: ад Расіі ці Украіны да Германіі, ЗША ці Ізраіля. Таму запрашаем ісці ў ІТ ўсіх, незалежна ад узросту, прафесіі, якую ўжо мае чалавек на дадзены момант. Для нас важна, каб чалавек меў жаданне працаваць у новай сферы, вучыцца, асвойваць новыя веды і кампетэнцыі. Многія вядучыя ІТ-кампаніі, такія, як Apple, Google, увогуле прынялі пункт аб тым, што ў навабранцаў не пытаюцца пра іх дыпломы, сертыфікаты ці якія-небудзь іншыя дакументы аб парфесійным навучанні. Ім не важна, дзе і на каго кандыдат вучыўся, важна, што ён умее рабіць, чаго хоча дасягнуць, да чаго імкнецца. Так, у першы год будзе вельмі цяжка, трэба будзе вучыцца па восем-дзесяць, дванаццаць гадзін кожны дзень. Затое потым, калі чалавек авалодае патрэбнымі кампетэнцыямі, перад ім адкрываюцца маса новых магчымасцяў.

* * *

img_4388 Дарэчы, ёсць станоўчыя прыклады, калі людзі ва ўзросце, далёка за 30 гадоў, кідалі свае прафесіі — а яны былі хто дворнікам, хто доктарам, хто на заводзе працаваў — перавучваліся на айцішнікаў, паступалі на працу ў ІТ-кампаніі, прыдумвалі і рэалізоўвалі ўласныя праекты і дабіваліся поспеху, і, адпаведна, істотна павялічвалі свае даходы.

Адным з сучасных паспяховых айцішнікаў, які ў дастаткова сталым узросце змяніў прафесію і жыццё, выступаў на выставе-форуме Яўгеній Вайцяховіч. У школьныя гады ён цікавіўся інфарматыкай, нават абараняў гонар роднай жодзінскай школы на прадметнай алімпіядзе, аднак па настаянні бацькоў за прафесіяй пайшоў у іншую навучальную ўстанову. Змяніўшы з дзясятак розных месцаў працы, папрацаваў нават некаторы час простым грузчыкам, мужчына ў нейкі час задаў сабе пытанне: “А чаму б і не?”. Набыў камп’ютар, успомніў былыя навыкі, стаў развівацца далей, і сёння ён адзін з самых паспяховых спецыялістаў ІТ-сферы ў Беларусі. На сёння на яго рахунку дзясяткі, калі не сотні ўдала рэалізаваных праектаў.

* * *

Попыт нараджае прапанову – такі закон рынку. У рэспубліцы працуюць некалькі навучальных устаноў па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы спецыялістаў для ІТ-сферы. Адным з самых паспяховых з’яўляецца адукацыйны цэнтр парка высокіх тэхналогій.

Спецыялісты цэнтра выбралі для сябе два галоўных накірунка працы: навучанне дзяцей, школьнікаў асновам праграмавання, камп’ютарнай графікі і перападрыхтоўка дарослых людзей, прадстаўнікоў іншых прафесій, якія прынялі для сябе рашэнне займацца новай справай.

На момант візіту ў адным з класаў цэнтра займалася група дзяцей васьмі-дзевяцігадовага ўзросту, гулялі ў Minecraft. На нашы недаўменныя погляды Ірына Мікалаеўна Васільева, намесніца дырэктара цэнтра, адказала:

— Бацькі гэтых дзяцей па першым часе рэагавалі аналагічна. Казалі: “У мяне ў мабільніку/планшэце Minecraft загружаны, гуляць можна абсалютна бясплатна, чаму мы павінны за гэтыя ж гульні тут плаціць?”. Даводзілі бацькам, што загружаная ў нашыя камп’ютары папулярная гульня – афіцыйна купленая ў распрацоўшчыкаў адукацыйна-навучальная версія. З яе дапамогай удзельнікі, у нашым выпадку дзеці, вучацца, асвойваюць асноўныя прыёмы і метады праграмавання. Прычым ад сябе заўважу, што мы набытую праграму істотна дапрацавалі, пераклалі на рускую мову, адаптавалі для нашых дзяцей. З дапамогай гэтай праграмы дзеці навучаюцца асновам праграмавання, камп’ютарнага дызайну, вывучаюць мовы праграмавання. Яны не проста тыкаюць пальцамі па экране планшэта, яны будуюць камп’ютарныя сусветы, можна сказаць, займаюцца архітэктурай.

Пакуль дзеці займаліся на камп’ютарах, некаторыя дарослыя сядзелі ў калідоры, чакалі іх. Падыйшоў да пажылога мужчыны, той прадставіўся:

— Аляксандр Фёдаравіч. Чакаю тут унучку Іру. У мяне іх двое, ёсць яшчэ Станіслаў, на два гады хлопчык старэйшы. Абодва запісаныя ў гэты адукацыйны цэнтр, бацькі яго знайшлі і накіравалі дзяцей сюды. Іра і Стас ходзяць у розныя дні, таму бацькам нязручна іх вазіць, гэты абавязак узяў на сябе. Ім тут дужа падабаецца. Шчыра прызнацца, я сам не надта разбіраюся ў інтэрнэт-тэхналогіях, унукі нашмат лепш. Магчыма, гэта стане іх будучай прафесіяй.

— Варта разгледзець пытанне занятасці дарослых, пакуль іх дзеці вучацца, — заўважае Ірына Мікалаеўна.

Цэнтр сапраўды мае шмат поспехаў у сваёй дзейнасці. Пра іх расказвае “сцяна славы” – стэнд, устаўлены кубкамі і іншымі прызамі, атрыманымі навучэнцамі на розных спаборніцтвах. Яшчэ адным доказам паспяховасці служаць кантракты на навучанне жадаючых з-за мяжы. У прыватнасці, у Мінск вучыцца на ІТ прыбываюць з Украіны, Казахстана, Расіі, Балгарыі, Чэхіі.

— Аднак не ўсё жыццё канцэнтруецца ў сталіцы, магчыма, кандыдатам з правінцыі, як дзецям, так і дарослым таксама захочацца павысіць свой узровень у валоданні камп’ютарам, можа хтосьці таксама выбера для сябе працу ў ІТ-сферы? – задаю пытанне Ірыне Васільевай.

— Мы працуем не толькі тут, у сябе. Заключаны дамовы з шасцю школамі Мінска, мы цалкам абсталявалі там навучальныя камп’ютарныя класы, выдзелілі тэхніку, падзяліліся праграмным забеспячэннем. Адкрытыя філіялы цэнтра ў Гродне і Гомелі. Чамусьці ў гэтых гарадах найбольш актыўна людзі працуюць у ІТ-сферы. У прынцыпе, мы адкрытыя для супрацоўніцтва з любымі навучальнымі ўстановамі, па любым варыянце можна дамаўляцца.

* * *

Пасля цэлага дня ў мяне засталося мноства ўражанняў, у многім, прызнаюся, супярэчлівых. З аднаго боку, усе выступаючыя, суразмоўцы даводзілі бясспрэчныя ісціны аб тым, што свет бесперапыння мяняецца, лічбавыя тэхналогіі наўпрост пранікаюць ва ўсе галіны жыцця. Гэтаму пацвярджэнне амаль на кожным кроку. Напрыклад, у Лепельскім раёне працуюць два робатызаваныя малочныя комплексы, кацельныя КУВП “Бароўка” паступова пераводзяцца на ўдаленае кіраванне, калі працэсам ацяплення дамоў і падагравання для іх вады кіруюць з цэнтральнай дыспетчарскай. Робатызацыя будзе пранікаць далей. У сувязі з гэтым мяняюцца патрабаванні да прафесійных капетэнцый работнікаў. Мінаюць часы, калі чалавек, аднойчы выбраўшы прафесію, займаецца ёй усё жыццё. Цяпер чалавек на працягу жыцця будзе мяняць 10-15 прафесій, падладкоўваючыся пад зменлівы рынак працы.

З іншага боку, сам сабе задаў пытанне: калі ўсе сядуць за камп’ютары, хто будзе капаць зямлю рыдлёўкай, бо не ўсюды дабярэцца робатызаваны экскаватар, хто будзе падмятаць мятлой, бо падмятальная машына не можа падабраць усё смецце, хто будзе працаваць у лесе, на фермах, будаўнічых рыштаваннях, на палях?

Васіль МАТЫРКА.

На здымках:

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>