Поезд бизнес-класса ходит в Лепель

image2 Паміж Оршай і Лепелем хутка пачне курсіраваць цягнік бізнес-класа 771Б/772Б. Гэта аднавагонны дызель-цягнік PESA ДП1 з колькасцю месцаў для сядзення — 91. Ён будзе хадзіць штодзённа, рабіць толькі адзін прамежкавы прыпынак — у Чашніках. З Оршы адпраўляецца ў 11.37 і прыбывае ў Лепель у 13.40. Потым са станцыі “Лепель” адпраўляецца ў 15.56 і прыбывае ў Оршу ў 18.11.

Квіткі ўжо даступныя на сайце БЧ, кошт праезду з Лепеля да Оршы будзе крыху даражэйшы, але зручнасці большыя і, трэба сказаць, таго вартыя.
Плануецца, што цягнік бізнес-класа будзе даязджаць ад канчатковай станцыі за дзве гадзіны тры хвіліны і за дзве гадзіны 15 хвілін. Звычайны цягнік эканом-класа з прыпынкамі ў невялікіх населеных пунктах знаходзіцца ў шляху дзве гадзіны 54 хвіліны.
Цяпер паміж Оршай і Лепелем двойчы ў дзень ходзіць дызель-цягнік.
За тлумачэннямі звярнуліся да Наталлі Нікіцінай, якая выконвае абавязкі начальніка станцыі “Лепель” УП “Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі”:
— Наталля Канстанцінаўна, людзі пачалі задавацца пытаннем: цягнік бізнес-класа будзе курсіраваць замест цяперашняга дызель-цягніка ці дадаткова? І з чым гэта звязана?
— Цягнік будзе хадзіць дадаткова. Робіцца гэта для зручнасці, камфорту пасажыраў і, канечне, для павелічэння пасажырапатоку. Знутры цягнік мае прыемныя мяккія сядзенні, па-сучаснаму абуладкаваны. Больш нагадвае камфартабельны аўтобус. Білеты мэтазгодна купляць загадзя ў касе як на цягнік далёкага руху. У самім транспартным сродку будзе працаваць не касір, а кантралёр. Ён таксама зможа абілеціць, аднак ужо з камісійным зборам. Гэта ў тых выпадках, калі пасажыр не паспеў набыць білет у касе. Калі ж каса па якіх-небудзь прычынах не працавала, то ў кантралёра будуць набывацца білеты без камісійных збораў.
— Ці будуць паспяваць лепяльчане з Оршы на электрычкі і цягнікі, якія ідуць у іншыя гарады? Памятаю, што на Магілёў адпраўленне з Оршы ў 17.17…
— На гэты цягнік не паспеюць, аднак у тым кірунку праз гадзіну-другую ідзе наступны. Так і ў іншыя гарады. Без перасадкі на гэтым цягніку можна даехаць да Крычава.
— Ці плануецца ў будучым зрабіць больш прыпынкаў для цягніка бізнес-класа?
— Магчыма, у будучым штосьці зменіцца. Такое пытанне ўжо ўзнімалася, але пакуль будзе толькі адзін прыпынак — у Чашніках.
— З чым звязана такая розніца знаходжання ў руху звычайнага дызель-цягніка і бізнес-класа?
— Зразумела, з магчымасцямі самога цягніка. Аднак трэба ўлічваць і колькасць прыпынкаў. Звычайны дызель-цягнік робіць 26 прыпынкаў паміж Оршай і Лепелем (26-я — станцыя “Лепель”), а бізнес-класа — адну прамежкавую. Калі ў сярэднім узяць на кожны прыпынак па некалькі хвілін — атрымаецца гадзіна.
Было прыемна размаўляць з гэтай мілай жанчынай. Не ўтрымалася і спытала аб яе асабістым жыцці. Наталля Канстанцінаўна нарадзілася ў вёсцы Ізабеліна Лепельскага раёна. Тры класы вучылася ў роднай вёсцы, далей працягвала вучобу ў Стайскай васьмігадовай школе. Паступіла ў Брэсцкае ПТВ №27 чыгуначнага транспарту на спецыяльнасць “дзяжурны па станцыі”. Па накіраванні трапіла працаваць на станцыю “Лемніца”, што знаходзіцца каля Оршы. Аднак не задаволілі ўмовы жылля, і вярнулася на радзіму. З 1985 года працуе на станцыі “Лепель”. Спачатку была дзяжурным стрэлачнага паста. Пэўны час працавала білетным касірам. А ўжо з 1994 года працуе дзяжурным па станцыі.
— Чаму выбралі такую прафесію? Магчыма, хтосьці ў сям’і працаваў на чыгунцы…
— Не, прафесія бацькоў, ды і ўвогуле ўсіх родных, ніякім чынам не звязана з чыгункай. У Брэсце жыла мая сястра, якая, можна сказаць, і вызначыла мой далейшы шлях, — смяецца мая суразмоўца.
— А муж ваш таксама ўраджэнец Лепельшчыны? Дзе пазнаёміліся?
— Так, родам з Забалацця. Крыху пазней за мяне прыйшоў таксама працаваць на чыгунку. Па спецыяльнасці ён машыніст, аднак па прафесіі адпрацаваў зусім мала. Тут і пазнаёміліся. Нам далі жыллё ў бараку. Пазней нарадзіліся двайняты — дзяўчынка і хлопчык. Для сем’яў, якія мелі дзяцей-двайнят, была асобная чарга на жыллё. Атрымалі трохпакаёвую кватэру, якую пазней прыватызавалі. Дзеці ўжо дарослыя, маюць свае сем’і, жывуць у Віцебску.
Не можа нарадавацца бабуля сваімі ўнукамі. Толькі шкада, што жывуць далекавата. Аднак, калі прыязджаюць, і пірагі для іх пячэ, і клёцкі робіць.
Ад такіх людзей, як Наталля Канстанцінаўна, вее асаблівай душэўнай цеплынёй, якой так не хапае нам у кароткія зімовыя дні.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымку: Наталля Нікіціна і дзяжурны па станцыі Ала Дзмітрук за працай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>