Душэўная еднасць

Горкі ўскалыхнула свята. Зрэшты, здавалася, што б тут такога? Чым яшчэ можна здзівіць аграгарадок, дзе ў мясцовым СДК як ні выхадныя – нешта новае: то кіно, то канцэрт мастацкай самадзейнасці, не кажучы пра заўсёдную традыцыйную моладзевую дыскатэку. А вось жа здзівілі Днём аграгарадка. Патэлефанавала мясцовая паэтэса Соф’я Несцярук і кажа:

— Свята цягнулася некалькі гадзін, а народ і па заканчэнні не хацеў разыходзіцца.

Дзеля пэўнасці я запытаўся ў старшыні Горскага сельсавета Васіля Бадзяя:

— Што вас здзівіла на гэтым свяце?

І пачуў у адказ:

— Душэўная еднасць, якая раптам праявілася ў нашых людзей, такіх розных і па характару, па тэмпераменту, і па роду заняткаў.

Дык што ж адбылося ў Горках? Адбылося тое, што ўжо не аднойчы ладзілася ў маленькіх вёсачках. Справа ў тым, што дні вёсак культработнікі арганізоўваюць пераважна ў невялікіх ды аддаленых населеных пунктах. Маўляў, яны крыху “пакрыўджаныя” – і канцэрты, і дыскатэкі усё болей на сядзібах цэнтральных. А паколькі вёсачкі маленькія, жыхары іх, як правіла, дружныя. Шчодра, хлебасольна яны абстаўляюць сваё вясковае свята, у літаральным сэнсе абстаўляюць яго стол разнасоламі, пірагамі і іншым печывам, і атрымліваецца такое свята і цёплым, і сытным, і вясёлым.

Настала свята і ў аграгарадку. Добра парупіліся культработнікі Валянціна Карабань, Наталля Куртава ды іншыя. Дарэмна тут прызначалі адмысловых склікальнікаў. Склікаць не было каго, народ сам валам валіў у цэнтр Горак, балазе надвор’е спрыяла. Ліпеньская спякота павыганяла людзей з агародаў, пазганяла з поля – самы час адпачыць.

 Песняю пра родную Беларусь у выкананні акампаніятара Наталлі Кантур пачаўся дзень аграгарадка. Землякоў вітаў старшыня сельсавета. Васіль Бадзяй прыгадаў гісторыю Горак, коратка распавёў пра яе сённяшні дзень аграгарадка. Самай прыемнай і для многіх самай асабістай часткаю свята стала ўшанаванне лепшых землякоў, якое праходзіла ў мностве намінацый.

 Самыя-самыя… Хоць ты складай мясцовую кнігу рэкордаў Гінеса. У яе абавязкова трапілі б старэйшыя жыхары аграгарадка Вольга Сінюкова і Аляксандра Семянько, а таксама самы малодшы жыхар горак Міша Грак, якому споўнілася чатыры месяцы. Алег Буракоўскі скончыў школу з залатым медалём і стаў пераможцам у катэгорыі “адораных”, і Марыя Палавінская, якая здзівіла землякоў вырабамі з бісеру, сядзібу Ларысы Віткоўскай прызналі лепшай у аграгарадку. У Горках віталі Фёдара і Ніну Яршовых, якія сёлета адзначаюць саракапяцігоддзе сумеснага жыцця, Аркадзя і Галіну Шалак, што пражылі разам трыццаць пяць, і Вардана ды Таццяну Авецісян, чый шлюб ужо перасягнуў пятнаццацігадовы рубеж. Затым прыняліся за сёлетніх юбіляраў – іх аказалася ні многа ні мала — сорак пяць чалавек, павіншавалі двух імяніннікаў, чый дзень нараджэння супаў са святам аграгарадка, віталі маладзёнаў Мікалая Ляхава і Анастасію Шурмель, якія зладзілі вяселле. Апошнім падарылі на памяць сервіз.

 Я казаў пра вельмі асабістыя моманты свята, і гэта сапраўды так, бо вельмі многія вяскоўцы адчулі непадробную ўвагу да сябе. Гэта і дваццаць адзін ветэран працы, і восем гаспадароў лепшых падвор’яў, двое з якіх – Іван ды Валянціна Сярмяжкі, Аляксандр ды Людміла Нікітчанкі – былі ўдастоеныя прэміі, і шматдзетныя сем’і. Нікога не абмінулі — ці добрым словам, ці намінацыйным дыпломам саматужнай вытворчасці. Няхай сабе ўвага тая і не мела матэрыяльнага кошту, але гэта быў той выпадак, калі духоўнае пераважае над матэрыяльным.

 Нечакана наляцела хмара. Тут жа аб’явілі “штармавое папярэджанне” мясцовага маштабу — і пачалася “тэрмі­новая эвакуацыя” ў клуб, дзе ледзьве хапіла месца для больш як сотні ўдзельнікаў свята. Шалёны ліпеньскі лівень з ветравеем не змаглі развеяць ды заліць святочнага настрою, хіба што крыху скарэктавалі далейшы ход падзей, бо задумваліся яшчэ і спартыўныя мерапрыемствы на стадыёне, якія давялося адмяніць. Дзень аграгарадка прадоўжыўся на сцэне СДК вясёлай канцэртнай праграмай, дзе знайшлося месца і дзіцячым, і дарослым талентам, і вершам, і танцам, і песням, і вясёлай інтэрмедыі з удзелам дамарошчанай Веркі Сярдзючкі.

 Дык чаму ў Горках, жыхары якіх прывыклі да розных святочна-забаўляльных мерапрыемстваў, запомнілі менавіта дзень аграгарадка? Таму, што ў гэтым свяце было шмат цеплыні і павагі, радасці і паразумення, якія так патрэбны чалавеку, дзе б ён ні жыў – ці ў горадзе, ці ў вёсцы, маленькай, альбо вялікай.

 Уладзімір МІХНО.

На здымку: прывітанне землякам са сцэны Горскага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>