Горячая линия «Лепельскага краю»

primРэдакцыя раённай газеты “Лепельскі край” працягвае работу са зваротамі грамадзян. Паважаныя чытачы, калі вы жадаеце падзяліцца набалелым, выказаць свае заўвагі і прапановы наконт той ці іншай сітуацыі, калі ласка, звяртайцеся да нас па тэлефонах: 6-66-78 (галоўны рэдактар), 6-66-75 (намеснік галоўнага рэдактара) або 6-66-74 (карэспандэнты). Зададзенае пытанне абавязкова будзе апублікавана на старонках газеты, аб выніках разгляду таксама будзе расказана ў адным з наступных нумароў.
Ларыса Аксёнкіна, якая пражывае ў г. Лепелі, па вуліцы Палявая, 28, паскардзілася на тое, што ля дома №35 працяглы час не гарыць ліхтар.
З пытаннем Ларысы Баніфацьеўны мы звярнуліся ў КУВП “Бароўка”. Нам паабяцалі, што на працягу некалькіх наступных дзён пытанне будзе вырашана.
— Праблема, якая мяне хвалюе, узнікла ўжо даўно, — дзеліцца з намі Ніна Плігаўка, жыхарка дома №10 па вуліцы Войкава. — Ля майго дома знаходзіцца старое дрэва, якое патрэбна спілаваць. Неаднаразова звярталася ў КУВП “Бароўка”, але пытанне так і не было вырашана.
Зварот нашай чытачкі быў адрасаваны намесніку дырэктара па будаўніцтве КУВП “Бароўка” Віктару Шалаеву, які патлумачыў, што для правядзення работ па спілаванні дрэва неабходна напісаць заяву на адрас прадпрыемства. Аднак паколькі жанчына не можа рухацца самастойна, работнікі прадпрыемства выедуць на месца і разбяруцца, у чым справа.
Прайшоў кароткі час — і Ніна Плігаўка патэлефанавала ў рэдакцыю зноў, каб выказаць шчырую падзяку за садзеянне ў вырашэнні ранейшай праблемы. Старое аварыйнае дрэва было спілавана.
Ларыса Шкіндзер, якая пражывае ў вёсцы Ворань, падзялілася з намі наступным:
— Некалькі месяцаў таму я напісала заяву ў Лепельскі ўчастак раённага вузла электрычнай сувязі аб правядзенні тэлебачання “Zala”. Прайшоў час, але тэлебачання няма. Такая ж праблема і ў маёй знаёмай Святланы Дробышавай, якая пражывае ў вёсцы Заазер’е.
З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да начальніка Лепельскага ўчастка Глыбоцкага занальнага вузла электрычнай сувязі Анатоля Купрэвіча, які адзначыў:
— Звычайна падобныя пытанні вырашаюцца аператыўна, паколькі работнікі ўчастка робяць усё магчымае дзеля павелічэння колькасці абанентаў. Чаму “Zala” не ўстаноўлена ў названых вёсках, трэба высветліць. Абяцаю, што пытанне будзе вырашана ў бліжэйшы час.
Ігар Дзянісаў, жыхар вёскі Двор Бабча, паведаміў нам наступнае:
— Ад імя жыхароў вёскі прашу аказаць садзеянне ў наступнай праблеме. У мясцовым магазіне працяглы час не працуе тэрмінал. Большасць вяскоўцаў атрымлівае зарплату на картку. Для таго каб зняць грошы, банкамата ў вёсцы, вядома, няма. У выніку атрымліваецца, што мы не можам разлічыцца ў магазіне за той ці іншы тавар.
З узнятым пытаннем мы звярнуліся да першага намесніка старшыні Лепельскага райспажыўтаварыства Таццяны Дзятко, якая паабяцала вырашыць пытанне ў бліжэйшы час.
На адрас рэдакцыі паступіў і калектыўны зварот ад жыхароў пад’езда №4, дома №18 вёскі Заслонава:
— Кожны месяц пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг з нас бярэцца пэўная сума за ўборку пад’езда. Аднак ужо некалькі месяцаў пад’езд дома не ўбіраецца.
А вось жыхары пад’езда №4, д. №642 вёскі Заслонава папрасілі разабрацца ў наступным:
— Жыхарка нашага пад’езда ўтрымлівае катоў. Нічога не маем супраць, аднак лічым, што гаспадар, які мае хатніх жывёл, павінен клапаціцца аб іх — набыцці напаўніцеля і г.д. Каты, якіх прытуліла жанчына, выходзяць справіць сваю патрэбу прама ў пад’езд. У выніку ў пад’ездзе непрыемны пах, удыхаць які людзі вымушаны на працягу дня. Хто ж адказвае за парадак у пад’ездзе?
Пытанне нашых чытачоў адрасавана кіраўніцтву КУВП “Бароўка”.
С. МАКСІМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>